Не пытаючыся, скуль Люба пра ягоныя пасядзелкі са старасвецкімі паэтамі ведае (мусібыць, Зусман, які не толькі да начальства бліжэй ладзіцца, але і ў кожную шчылінку зазірнуць не праміне, прабалбатаўся), Сяўко пажадаў гаспадару папраўляцца, забраў карціну і рушыў з кватэры, якую Кашын прагуляў Някрасаву ў карты, але пасля, падобна, у нешта адгуляў. Толькі не ў карты, бо Кашын нават у дурня гуляць не ўмее. Хоць, калі паглядзець на ўсё з іншага боку, дык як сказаць...
У вітальні яго чакала Фёкла. «Я ж вам казала...» - пачала яна... і нечакана кінулася яму на шыю, пачала плакаць, цалаваць, шаптаць са слязьмі і пацалункамі, што ніколі не кахала Някрасава, гэтага махляра, нягодніка, п’янтоса і бабніка, а ўсё жыццё чакала яго, Сяўко, і за Някрасава яна пайшла, бо той напісаў вершы пра беларуса, з якім яе - пра што яна ведала, у яе сястра варажбіткай была! - звядзе некалі лёс, і вось яны нарэшце сустрэліся, але позна... «Позна!» - крыкнула, закаціўшы вочы, худая, змораная жанчына, якую прыняў Сяўко за сядзелку Кашына, а яна аказалася ці то жонкай, ці то ўдавой Някрасава, якога не кахала, чакала ўсё жыццё Сяўко, павісла на ягонай шыі - і раптам пачала вяла спаўзаць, бялець на вачах; Сяўко падумаў, што ў яе прыпадак, паклаў на падлогу, кінуўся на кухню па ваду, вярнуўся, схіліўся над гэтай дзіўнай жанчынай, прыпадняў яе, каб даць папіць, а яна не дыхае...
Сканала!..
Сяўко прыйшоў сюды, бо тут, у гэтай кватэры, павінен быў памерці Кашын, а памерла Фёкла... Вось як яно так?.. Гэтай жанчыны, якая, памёршы, не выглядала ні худой, ні зморанай, а зусім нішто сабе, не стала яшчэ ў пазамінулым стагоддзі - дык як яна магла памерці цяпер? Ніяк не магла... Але ўсё адно трэба выклікаць “хуткую”, бо, можа, Фёкла не зусім памерла, міліцыю клікаць - во карціна ў перыяд апошніх песень!..
Сяўко ўзяў карціну, пераступіў цераз Фёклу, якая ляжала на падлозе ўпоперак вітальні, адчыніў і зачыніў за сабой дзверы. 3 хвіліну ён хістаўся, намагаючыся ўцяміць, дзе ён толькі што быў, і што там, дзе ён быў, з ім адбылося?.. Так і не ўцяміўшы, выраўняўся і асцярожна пачаў спускацца па лесвіцы.
На лесвічнай пляцоўцы паміж другім і першым паверхамі стаяў барадаты мужык з пакункам, абгорнутым газетамі і перавязаным шпагатам.
- Прабачце, на хвілінку... У вас вось гэта, - кіўнуў ён на карціну, - падробка. Я не хачу, каб вы на катаргу пайшлі.
Мужык з пакункам стаяў так, што не прайсці, і Сяўко прыпыніўся.
- А вы хто?
Мужык падцягнуўся.
- Дазвольце адрэкамендавацца: Крамской Іван Аляксеевіч. Мастак. Так-так, мастак, - заспяшаўся ён, убачыўшы, што Сяўко шукае спосабу абмінуць яго. - Аўтар карціны, копія якой у вас у руках. - І падсунуў да Сяўко пакунак. - Я прапаную вам арыгінал.
- У нас няма катаргі, у нас хімія, - паспрабаваў Сяўко ўсё ж абысці мужыка, відавочна ненармальнага ці алкаша, які недзе нешта скраў і спрабуе скрадзенае прадаць, каб пахмяліцца, а той пачаў здзіраць з пакунка газеты.
- Вам гэта больш, значна больш спадабаецца! І жонцы вашай глянецца, мяркую...
Ён садраў газеты - і Сяўко ўбачыў сябе. Не аднаго сябе, бо на карціне - а гэта была карціна - былі яшчэ іншыя людзі, але найперш Сяўко ўбачыў самога сябе. Ён нахіліўся, каб лепей сябе разгледзець, і прачытаў пад карцінай надпіс...
Карціна называлася: «А. Міцкевіч, А. Дабралюбаў, В. Бялінскі і А. М. Сяўко каля ложа М. А. Някрасава ў перыяд «Апошніх песень».
У Сяўко ажно галава закружылася... Во гэта кампанія! Гэта вам не праектны інстытут, не пяцёра маставікоў!
- А як вы... скуль вы... - пачаў ён падбіраць словы, каб спытаць вялікага рускага мастака, якога ледзь не прыняў за алкаша, за злодзея, скуль жа той ведаў столькі гадоў назад, што Сяўко пазнаёміцца з Міцкевічам, Дабралюбавым, Бялінскім і будзе гуляць з імі ў карты каля ложа Някрасава, а вялікі рускі мастак угадаў ягонае пытанне:
- Прадбачыў.
Во гэта геній! А Бялінскі: кампазіцыя, кампазіцыя...
- І што цяпер... як... - зноў замямліў Сяўко, любуючыся сабой на зэдліку паміж Міцкевічам і Дабралюбавым каля ложа Някрасава, у галаве якога стаяў, бо не меў на што сесці, не на столік жа сядаць, Бялінскі (стаіць Бялінскі!), і геніяльны рускі мастак зноўку ўсё ўгадаў:
- Ды ніяк. Забірайце. І прывітанне вашай жонцы... Прыемная ва ўсіх адносінах дама, я з ёй у Маскве сустракаўся.
Во як! Усё ж Алёна была ў Маскве, а не ў Піцеры!.. І цягалася з гэтым...
- Чаму цягалася?.. - не спадабалася тое, як падумаў Сяўко пра жонку, мастаку Крамскому. - Мы з ёй міла бавілі час. Яна... як бы гэта вас не пакрыўдзіць... яна казала, што ніколі вас не кахала, усё жыццё чакала мяне. Вельмі шкадавала, што я памёр.
Читать дальше