…Гэтая рыса здавалася б маласімпатычнай, каб не тое, што над сваімі недахопамі, увогуле над сабой, беларус жартуе куды больш з'едліва і злосна.
Вось начальнiк скручвае свякроўцы, што прыйшла скардзiцца на нявестку, з адаго кулака аж дзве хвiгi: "Няхай пасмее па маiх хвiгах ударыць. Але помнi сабе, што калi па гэтых хвiгах ударыць, то падавай у суд, а як раскруцiш пальцы ды сама зложыш, то няхай сабе iзноў таўчэ табе пальцы, — я баранiць не буду". I вось баба гэтымi "важнымi хвiгамi" тэрарызуе хату i вёску.
Вось чалавек прыйшоў у Вільню, ідзе па мосце і бачыць, што два падлеткі дзеляць на ім чубы.
— Што вам за ліха? Чаго вам не хапае?
— Б'ёмся, праўда, але за цябе. Гэты гіцаль кажа, што ў цябе шэсць пальцаў на назе, а я кажу, што пяць.
— Пакіньце, дзетачкі, бо ў мяне папраўдзе пяць.
— Не, мы так табе, дзядзька, веры не дамо: скінь боты і пакажы.
— Добра, хлопчыкі, супакойцеся.
Пералічылі — пяць.
— Ага, а чаму ж ты, дзядзька, паказаў нам толькі правую нагу? А на левай дык, пэўна, — шэсць пальцаў.
А, хай ім. Разуў і левую. Ну і ясна, не было ўжо каму тых пальцаў лічыць, але й на пальцы не было чаго нацягнуць. Мараль: "Хітры наш брат, як чорт, але і дурны, як варона".
…Па агульным назіранні беларусам прыродна ўласцівая павага да іншых народаў і памяркоўнасць да таго, хто думае іначай. Бываюць, вядома, сумныя выключэнні, але гэта сапраўды толькі выключэнні.
…Сям'я. І тут не буду гаварыць сам, а звярнуся да той жа "Расіі"(стар. 193):
"…отношения мужа и жены в белорусской семье представляют мало примеров… грубого обращения. В случае взаимных споров народны суд (гэта значыць вясковы суд, суд грамады. — У.К.) чаще становится на сторону жены и строже относится к мужу. Даже народные песни говорят только о страданиях жены, выносимых ею от мужа-пьяницы, но в них трудно найти мотивы, в которых воспевалось бы горе жены вследствие ее подчиненного положения".
І гэта так. У гэтым сэнсе змянілася хіба тое, што жанчына цяпер не залежыць толькі ад прыроднай дабрыні і нязлоснасці мужчыны-беларуса, што яна роўная, што на баку яе савецкі закон, што "ты не лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе".
Сямейныя адносіны вельмі прыкрашае той самы нязлосны, дужа ўласцівы нашаму чалавеку гумар. Вось сямейнае жыццё ў прыказках. Хлопец доўга ходзіць халасты: "Тады Юзік ажэніцца, як лысы вол ацеліцца…" Але вось "Юзік" закахаўся. І хаця Янка Купала трапна сказаў:
На беларускую дзяўчыну,
Калі тут праўду ёй аддаць,
Ніхто йшчэ каменнем не кінуў
І не наважыцца кідаць.
Але i тут сур'ёзнасць справы хаваюць за ўлюбёнай iронiяй: "Улюбiўся, як чорт у сухую грушу", "У каханкi смаляныя лаўкi"(г. зн. прыйшоў i сеў, як прылiп, i сядзiць ледзь не да ранiцы). Iранiзуюць i з мацi: "Матка дачку хвалiла, пакуль з рук не звалiла", i з жанiха: "Жанiся, больш старцоў (жабракоў) будзе", або "Ды што з тваёй Ганкай, хiба дзятлоў разводзiць" (намёк, што нiбыта ў нявесты доўгi нос). Ну i, ясна ж, з нявесты: "Дзеля дроў замуж пайшла", "Дзеўкаю — поўная вулiца, а жонкай — поўная печ". Маладое пакаленне таксама не застаецца ў даўгу: "Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды iдуць". Скажуць iм: "Ды ён жа ў цябе з лапаць", а iм адкажуць: "Няхай сабе гаспадар з лапаць, абы за iм не плакаць".
Пажаніліся. І тут рэдка гавораць аб гэтым пры чужых усур'ёз: "Ані лыжкі, а ні міскі, а павесіў тры калыскі ", "Што, браце, не жаніўся — цяры анучы, ажаніўся — цяры анучы" (бо ўсё адно брудныя). Часам нават у літаратуру ўдаюцца, Багдановіча цытуюць:
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць —
Давялося беднаму
Патужыць.
Не ўмее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
"Як я з гэткай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацiкi,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?"
Могуць выдумаць i зусiм недарэчнае. Вось чуты мною расказ аднаго веселуна пра дужа харошую, дружную, працавiтую сям'ю:
"Янка з Яўгінняю дужа добра жывуць. Дзеўкаю была, то выйдзе на вуліцу — за кулакамі свету не відаць, а цяпер зойдзеш у хату, то не відаць і ў хаце. Ну, я вам скажу, мужчынкі, і ў дзецях ім шчасце. Аднойчы вось так б'юцца, матка малодшага на дапамогу кліча, а старэйшы яго трымае, угаворвае: "Кінь, хай б'юцца. Мы з табой браты родныя, а яны — чэрці зводныя". Старэйшы дык увогуле малайчына. У яго адна песня: "Бацька няхай едзе араць: яго коні знаюць, а я пайду ў карчму: мяне там чакаюць". Адзін раз выцягнуў усё ж абодвух касіць. Ідуць. Канава, вадою налітая. Вось, Іван, Яначка наш разагнаўся і — цыб! — пераскочыў. Тады малодшы гаворыць: "Глянь ты, бацька наш яшчэ які! Стары — стары, а скача як сабака". Тут старэйшы абурыўся: "Ты што гэта? Ты як гэта на роднагу бацьку? Ну скочыў і скочыў. Ну скочыў, ну і чорт з ім".
Читать дальше