"Мужчынкі", што слухаюць веселуна, рагочуць.
Тут жа сядзiць сам Яначка, любы Iван, i пахмыквае. З жонкаю лад. Старэйшаму пятнаццаць гадоў, малодшаму дзесяць. Чаму не паслухаць, як менцiць языком чалавек?
:Дзяцей увогуле найлепей, як найболей. "З дзеткамi гора толькi да зацiркi, а там — пайшло" (гэта значыць, пакуль сам не пачне есцi), "Адзiн сын — не сын, два сыны — паўсына, а толькi тры сыны — сын". Таму i люляюць дзяцей прыказкай: "А-а-а, малое, пакуль будзе другое, а-а-а, Несцерка, пакуль будзе шэсцерка". Таму i гавораць: "Адзiн рукаў — i той падзяру для сваiх дзяцей". "Дорага не так татава хата, як сам тата".
Біць дзяцей — апошняя справа. "Не біце вяроўкамі, навучайце гаворкамі, не біце дубцамі, навучайце слаўцамі". А ўжо як здарылася нешта з дарослым сынам, то існуе і такое "суцяшэнне": "Тады трэба было біць, як упоперак лаўкі мог легчы, а цяпер што ж зробіш, калі дарослую доўбню і ўздоўж не пакладзеш". І як апошняе: "Калі не слухаеш бацькоў, паслухаеш сабачае скуры" (сабачаю скураю за Мікалаем І, калі салдацкая служба цягнулася 25 год, абцягвалі барабаны, так што сэнс пагрозы цалкам зразумелы).
Пра дзяцей ёсць вельмі добрая легенда. Жанчына некалі паскардзілася вялікаму чараўніку, што рукі адвальваюцца: дзеці да году не ходзяць, цяляты, ягняты, жарабяты. Усіх на руках насі. Той узяўся памагчы. Кінуў цераз высокі плот жарабя — пабегла, цяля — таксама, ягня — і яно пабегла. "Ну, кажа, давай дзіця". Матка абурылася: "Эге, так я табе і дам дзіця цераз высокі плот кідаць." — "Ну то тады і насі…"
Ёсць, вядома, i iншыя прыказкi: "На нявестку сем год грады брэшуць", "Прымак пятнаццаць гадоў цёшчынага ката на "вы" заве", але значна больш такiх: "За добрым гаспадаром i варона жона, а за кепскiм i княгiня загiне", "Злодзей абкрадзе — сцены астануцца, а жонка памрэ — усё з двара звязе". "З кiм жыць — таго не гнявiць", "Не дай доля два разы жанiцца i два разы будавацца", "Не пiў, не еў бы, ды на жонку глядзеў бы". I, урэшце, апошняя: "Мiлая ты мая, ты на той свет, i я ў след".
…А тое, што часам старыя бурчаць: "Як правіў бацька, то каты лазілі, як паправіў сын, то і сабакі сталі лазіць" — гэта ўсё жарт.
* * *
Рэаліст у рэальным жыцці, беларус вялікі фантаст, рамантык і летуценнік у марах. Ясна, што цяпер ужо ніхто не верыць у вадзянікаў, лесуноў, лазнікаў і ўсё такое іншае, але раней верылі. І расказвалі такія рэчы ў чаўне на рыбалцы або на начлезе ля вогнішча, што дыбарам уставалі валасы. І пра ваўкалакаў-абертняў, што бегаюць з ваўкамі, і пра тое, як на "дзяды" (дзень памінання продкаў) можна ўбачыць усіх продкаў, аж да Адама, калі два дні не есці і не гаварыць з людзьмі (іронія, праўда, ёсць і тут, бо адзін бачыў іх і, у прыватнасці, свайго "святога жыцця нябожчыка-дзядзьку", які лез праз трубу, а яго не пускала ўкрадзеная пры жыцці барана, — "і папу не выспавядаўся", — то пляменнік зарагатаў — і ўсё, яны зніклі).
Менавіта таму запісаныя фалькларыстамі беларускія казкі не ўлезлі б і ў сотню тамоў. І, прычым, такія казкі, якія почасту не маюць адпаведных сюжэтаў у суседзяў. Вось, напрыклад, адна, што адказвае на пытанне, чаму верабей скача адразу дзвюма нагамі, чаму ў савы рознакаляровае пер'е і чаму ледзь толькі птушкі ўбачаць тую саву, дык адразу навальваюцца на яе ўсёй хеўрай і тое пер'е з яе скубуць.
Праштрафіўся верабей. Усе птушкі пагналіся за ім і загналі ў дупло. Але той быў такі хітры, што выбраў дзірку ў дупле якраз па сабе: большы за яго не ўлезе, а меншы калі ўлезе — ён яго выкіне. Вырашылі браць яго, як моцную крэпасць, на змор. Чакалі-чакалі, аж настала ноч і ўсе захацелі спаць. Каго пакінуць на варце? Ясна каго, саву. Яна ўначы не спіць. А сава была ў той час голая, як абшчыканая курыца. Ну і паставіла сваю ўмову: "Усе ў пер'ях, то чаго я маю голая хадзіць? Скідайцеся па перыйку". Ну, усе і скінуліся. Адзін шэрае пер'е даў, другі — рудае, трэці — белае ці карычневае. Стала сава, як і ўсе, толькі што пер'е дужа рознае. Сядзела яна ўсю ноч, сядзела. А раніцай птушкі заспалі, і яна, начная істота, пачала куняць. Верабей вылез і ўцёк… Урэшце яго ўсё ж спаймалі. І, у знак пакарання, звязалі ногі. Вось ён цяпер і скача адразу дзвюма. А птушкі, як толькі ўбачаць саву, дык адразу кожная сваё пяро дзярэ з яе. З гвалтам: "Аддай мае перыйкі, бо няма чаго было браць, калі ўсцерагчы на магла".
…Гэта казка жартоўная, а ёсць тысячы фантастычных. Як змей абвіўся вакол горада, як хадзіў па свеце каток — залаты лабок, як хітры селянін абпаіў півам чотра і адабраў у яго душы добрых людзей, як зачараваны змяіны кароль пакахаў дзяўчыну… Усіх казак не назавеш, не пералічыш. Іх — безліч! Запісаныя Е. Раманавым, П. Шэйнам, М. Федароўскім, А. Сержпутоўскім — яны і дагэтуль складаюць неацэнны наш скарб, тым больш вялікі, што яны былі народу замест кнігі ў тыя часы, калі кніга беларуская, нават мова беларуская былі забаронены. І тады толькі казка вяла дзяцей у далёкі край, "за сем гор і мораў, трошкі бліжэй ад сонца і трошкі далей ад месяца".
Читать дальше