Так што не трэба абагульненняў.
Аднак, многа паездзіўшы па рэспубліцы, перазнаёміўшыся з тысячамі людзей, я насмелюся назваць некаторыя досыць тыповыя рысы, уласцівыя народнаму беларускаму характару. Гэта пераважна мой погляд (могуць быць і іншыя), хаця многія і многія людзі, і не толькі з беларусаў, падзяляюць яго.
Тыповага беларуса я досыць лёгка адрозню сярод іншых, хаця б ён яшчэ не сказаў ніводнага слова (калі скажа, тады ўжо, нават калі ён гаворыць на іншай мове і без акцэнта, яго лёгка пазнаць па асаблівай будове сказа, па тым, што, колькі паветра набрана ў лёгкія, столькі і аддадзена, шчодра, да апошняга, нават з лішнімі словамі, каб мелодыя сказа была завершана. Ён не скажа: "Чым гэта скончыцца?", а скажа: "Дык чым, мо ўжо вы мне скажаце, скончыцца гэта — а, мо скажаце вы?").
Гэта тое, што ў абліччы, амаль няўлоўнае. Пераказаць яго цяжка. Яно ў форме носа, вушэй, у вачніцах і разрэзе саміх вачэй, у манеры рухацца, жэстыкуляваць, гаварыць, дый ці мала яшчэ ў чым. Паўночны беларус ростам пераважна высокі (не рэдкасць бамбізы па два метра ростам). На поўдні часцей трапляюцца людзі сярэдняга росту, больш прыземістыя (паўтараю яшчэ раз, што гэта не агульны закон, а толькі найбольш распаўсюджаныя рысы), затое больш каржакаватыя. У апошні час назіраецца тэндэнцыя да павышэння сярэдняга росту, як і паўсюль.
Чарнявых сярод беларусаў няшмат. Найчасцей яны сустракаюцца ў Палессі, на поўдзень ад Прыпяці і чамусьці пераважна сярод мужчын, ды ці яшчэ ў некаторых мясцінах на Гродзеншчыне ("гродзенцы — гракі"), што частка вучоных тлумачыць рэшткамі прымесі старажытнай ятвяжскай крыві. Пераважаюць на Беларусі валасы светла-русыя ці нават бялявыя. Цёмна-русых і шатэнаў менш. Адпаведна і колер вачэй часцей за ўсё блакітны, шэры ці сіні.
Рысы аблічча мяккія, склад здаецца, на першы позірк, крыху далікатным, але гэтая далікатнасць падманвае. Праявы знешняй сілы, якая ўразіць на хвіліну дый звяне, замяняе тут вынослівасць, жылаватасць, цягавітасць. Там, дзе другі можа апусціць рукі, беларус будзе цягнуць. Іначай, у старыя часы, чалавек проста не выжыў бы сярод гэтых дрымучых лясоў і неабсяжных балот, на гэтай скупаватай зямлі. І гарт той застаўся ў яго характары на вякі. Нездарма яшчэ ў даўніну беларусы лічыліся незаменнымі на такіх цяжкіх работах, як земляныя (грабарства) і лесасплаўныя. Ды і пазней гэта праяўлялася. Напрыклад, у нясцерпна цяжкіх сітуацыях на вайне і ў партызаншчыне.
Хаця, вядома, сустракаюцца і такія "зубры", што падковы гнуць, сталёвыя пруты звіваюць на руках у другога. Адзін калісьці ў Рагачове, на спрэчку, пазносіў у адно месца дзесяць дванаццаціпудовых якараў з баржаў і пераблытаў іх лапамі так, што пасля куча людзей з гэтых лайбаў ледзь разблыталі, каб кожнаму забраць свой.
Гэта жылаватасць, фiзiчнае i духоўнае здароўе народа прывялi да таго, што па колькасцi жыхароў ва ўзросце больш за сто год на 100 тыс. насельнiцтва Беларусь пераўзыходзiць усе iншыя рэспублiкi СССР за выключэннем Абхазii i горных раёнаў Каўказа. На паўночны ўсход ад Нарачы, у раёне Дунiлавiч, Шаркоўшчыны, Глубокага, даўгалетнiх больш, чым у Абхазii, пад Ачамчырамi. Тут, праўда, няма адзiночных асоб, якiя дажываюць да 140–150 год, але працэнт стогадовых вышэй, чым там.
Таму беларуса да рэвалюцыі заўсёды абражала думка аб ім, як аб "няшчасненькім". Складалася тая думка недзе ў трыццатых гадах ХІХ ст. І вось пайшло! Самым шчырым спачуваннем, з болем, з крывею сэрца вялікі Герцэн пісаў пра чалавека, які "адвык ад мовы", аб тым, што многія пакаленні прыгонных спарадзілі гэтага парыю з вузкім чэрапам; вялікі Някрасаў пісаў аб маўклівым прыдушаным працай чалавеку. Гэты погляд адбіўся і ў творчасці некаторых беларускіх паэтаў. І ўсё гэта, мякка кажучы, не адпавядала ісціне. Той, хто жыў з гэтымі людзьмі, хто глыбока ведаў ці вывучаў іхняе жыццё, быў іншай думкі. Вось словы публіцыста Грузінскага: "Ходячие представления о типе белорусского крестьянина рисует его неказистым… тщедушным и придавленным тяжелой жизнью в болотистом бедном краю. Мои личные впечатления были не таковы. Я увидел белоруса крепкого сложения, хоця и худощавым… Но главное, я не заметил и следа угнетенности, забитости. Манера держать себя и говорить, действительно, отличалась от великорусской своей медлительностью, сдержанностью, но в ней виделась скорее степенная важность, я бы сказал, задумчивость, не лишенная достоинства. Выразительные физиономии встречаются очень часто, а среди женщин и девушек много прямо красивых лиц" [9] Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. СПб., 1905 г., т. ІХ, стар. 156–157.
.
Читать дальше