У Пушчы вялiкi штат вучоных самых розных спецыяльнасцей: тут лесаводы i батанiкi, арнiтолагi, спецыялiсты па насякомых i многiя iншыя. Акрамя iх у гаспадарцы шмат егераў i палясоўшчыкаў. Iхняя справа — штодзённа чытаць кнігу лесу, занатоўваць усе змены. Справа навуковых супрацоўнікаў — сістэматызаваць сабраныя палясоўшчыкамі звесткі, рабіць з іх навуковыя высновы і, вядома ж, самім вывучаць жыццё лесу ва ўсім яго віраванні і прыгажосці.
І, вядома ж, берагчы.
У Пушчы — найстражэйшы догляд за пасадкамі і спелымі лясамі, за гнёздамі, норамі, пасавіскамі, вадаёмамі — за ўсім, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.
Гэта не азначае, вядома, што чалавек нiколi нi ў што не ўмешваецца. На некаторых жывёл (пераважна драпежнiкаў, колькасць якiх трэба рэгуляваць — рысяў, напрыклад, у Пушчы ўсяго каля пятнаццацi) дазволена паляванне па лiцэнзiях. Робiцца санiтарная высечка лесу. Бо нават запаведнiк не можа быць расаднiкам шкоднiкаў. I таму Пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразiлi караедам i лубаедам здаровыя.
Акрамя таго, запаведніку належыць 11 тыс. га зямлі, на якіх вырошчваюць ячмень, бульбу, авёс, буракі і іншае, што ідзе на падкормку жывёл узімку.
…Замаразкі. Пушчанская позняя восень. Шэранню прыпудрана трава. Апошнія маслюкі і зялёнкі змерзлыя. Аж рыпяць, калі іх зразаеш нажом. А пасля снягі. І вось едуць сані і пакідаюць у пэўных месцах купы сена. І людзі раскідаюць на ўтаптаных пляцоўках бульбу для дзікоў, а тыя ідуць з гушчару цэлым атрадам і чамкаюць, нібы гэта так і трэба.
Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра лічыцца сапраўдным няшчасцем.
У Пушчы малавата крыніц і рэчак, і таму тут зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для звярыных вадапояў і вадаплаўнай птушкі.
У Пушчы — адзін з найлепшых музеяў прыроды, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Дужа сучасная архітэктура, вельмі сучасная экспазіцыя і афармленне. Адразу ясна, што за вокнамі яго — дзіва прыроды, лес, у якім сустрэліся субтропікі (плюшч, скальны дуб) і прысенне Арктыкі (лапландская вярба, карлікавая бяроза). Тут усе жыхары лесу. І звяры і птушкі. Ад арла, ад вялізнай неясыці да дробных і малых. Тысячы экспанатаў. Матылі, жукі, рукакрылыя, гады, рыбы. І ўсё цікава настолькі, што не хочацца выходзіць.
У нетрах жыве адна з найбольш рэдкіх птушак Еўропы — чорны бусел. У адрозненне ад свайго белага брата, ён цярпець не можа блізасці людзей. А белы тут жа, на хатах і на паплавах. Дыбае, шукае жаб. Дарэчы, калі для музея спатрэбілася чучала бусла, паляўнічага прывезлі здалёк. Беларус нізавошта не заб'е бусла.
Птушак тут безліч. Яшчэ ляжыць снег, яшчэ мурашкі не выпаўзлі з мурашнікаў, а ўжо выводзіць птушанят крумкач. Чаму так? У нас ёсць пра гэта легенда. Нібыта калісьці мурашка і крумкач паспрачаліся аб нечым і, паколькі — якая ж у крумкача ці мурашкі маёмасць? — абодва голыя, як бічы, то заклаліся на самае каштоўнае, на дзяцей. Крумкач прайграў. І вось вымушаны выводзіць дзяцей, пакуль мурашкі яшчэ спяць у сваіх гарадах. Сам мерзне, і дзеці мерзнуць. І правільна! Не спрачайся аб тым, чаго не ведаеш, дурная галава!
Вось прамоіны, доўгачаканая вясна. Калыхаюцца на палянах ліловыя махнатыя "сны". На досвітку "капае" і "шчоўкае" ў цемры яловага лесу першабытны глушэц, і песня яго падобная на вясенні капеж.
І лета прыходзіць, і ўсё мацней птушыная песня, а ў каго яе няма, то крык. Уначы раздзірае цемру вухканне і рогат пугачоў, соваў і сычыкаў. Ляляк (казадой) страсна крычыць сваё "люблю", дудніць удод, свішчуць у вільготных шатах гівал (івалга) і лепшыя ў свеце па колькасці каленцаў салаўі. Так-так, лепшыя. Знаходзіцца недзе пярнаты спявак і стварае сваю "школу", і слава салаўя пераходзіць з мясцовасці ў мясцовасць, як слава лепшага ў краіне тэатра ці футбольнай каманды. Сёння армейцы, заўтра "Дынама", паслязаўтра яшчэ нехта. Дык вось, яшчэ ў ХІХ ст. славутыя "курскія салаўі" саступілі месца ўральскім, тыя яшчэ камусьці, а цяпер усе арнітолагі свету лічаць (аб гэтым нядаўна пісаў "Огонёк"), што пакуль лепшыя па спевах салаўі — на Беларусі, а лепшыя сярод іх — белавежскія.
Лунаюць над паплавамі і балотамі ястрабы, канюкі, змеяжэры і асаеды, чырвоныя каршукі і беркуты. Лётаюць вясёлкавыя фазаны, скачуць на балотах у малочным тумане, у туманным ранішнім сонцы жоравы. І зязюля лічыць бясконцыя гады ўсім, хто прыйшоў сюды з дабром.
На зары брохаюць падобныя на кракадзiлаў шчупакi. А над iмi белы дыван лiлей-гарлачыкаў, а вышэй — пахучы аер, якім усцілаюць падлогу на сёмуху, а над ім лугавіны з кветкавым разнатраўем, і кіпарысы ядлоўцу, і сонечны падлесак, а яшчэ вышэй павуцінныя ельнікі, бары, падобныя на гатычныя храмы, і высакародныя лясы пяцісотгадовых дубоў і грабаў.
Читать дальше