Дык вось, у некаторых раёнах Беларусі трымаюць 60 — 100 свіней на адзін гектар пашы. У 1972 г. свініна складала 47,7 % усяго мяса, якое атрымала Беларусь.
…Сцэнка на пашы. Два пастухі пасвяць авечкі. Адзін ля лесу, другі — наводдаль. Воўк схапіў адну. Той, што далей, крычыць:
— Што гэта? Воўк?
— А нягож, халера твайму бацьку, заяц?!
— То што ён, авечку панёс?!
— А нягож, трасца тваёй матары, табе прынёс?!
То вось і ваўкоў павыбілі і засталося іх мала, але і авечак паменела таксама. Гэтаму ёсць прычыны. Раней ледзь не адна авечка давала чалавеку вопратку: кажух, катаная світка, ваўняны бурнос, бурка, зімовыя порткі, андаракі, валёнкі. Цяпер на змену ўсяму гэтаму прыйшоў крам, ды яшчэ й сінтэтыка дапамагла. Ва ўсякім разе, на кожны раён тры-чатыры-восем гаспадарак з невялікімі авечымі фермамі, і рэдка дзе можна ўбачыць ферму болей чым на 400 галоў. Ды і ў гэтых гаспадарках авечкі не галоўнае.
Дужа распаўсюджана птушкагадоўля. На Беларусі 28 мясных птушкафабрык. Гэта буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, птушкафабрыка імя Н. К. Крупскай атрымала на 1973 год 180 млн. яек, 2384 тоны птушынага мяса, па 274 яйкі на курыцу-нясушку.
Пры гэтай фабрыцы аж 1100 га сельгасугоддзяў. Ёсць і міжкалгасныя птушкафермы.
А ёсць і зусім новая галіна — зверагадоўля. Чорныя і серабрыстыя лісы, пясцы, норкі.
:Я ўжо казаў, наколькi пабольшала ў нас садоў. Зараз iх у калгасах i саўгасах больш чым 167 тыс. га. Славiцца садамi Случчына, Мiншчына, Мазыршчына, Бабруйшчына i асаблiва маё Прыдняпроўе. Тут не рэдкасць сады ў некалькi сот гектараў: Я ўжо не кажу, што ледзь не кожная больш-менш "пажылая" хата тоне ў садзе. Нават дзецям, для якiх набег на сад заўсёды быў нiбыта выпрабаваннем удаласцi, цяпер нецiкава гэта рабiць. У досыць далёкай ад горада вёсцы мех яблык, бывае, прадаюць лiтаральна за капейкi, з умоваю, што ты здымеш гэтыя яблыкi сам. Бо рукi не заўсёды даходзяць. I гэта кепска. Таму што, значыць, дрэнна арганiзавана скупка, мала садавiнаапрацоўчых i кансервавых заводаў, дый для тых не заўсёды хапае баначнай белай бляхi, якую ў нас вытварае ледзь не адзiн толькi Магнiтагорскi камбiнат. Якi б магутны нi быў манапалiст — задаволiць усе кансервавыя заводы ён не можа.
Цяпер сельская гаспадарка пераважна механізаваная. Ручной засталася прарыўка парасткаў цукровага бурака, збор садавіны і ўсё такое, дзеля чаго не прыдумана машын. А рэспубліка выпускае шмат відаў машын для сельскай гаспадаркі: сіласаўборачныя камбайны, ільнамялкі, бульбаўборачныя машыны, сенакасілкі, жняяркі і многае іншае. І, самае галоўнае, універсальныя калёсныя трактары "Беларусь". Кожныя шэсць хвілін — трактар з маркай "МТЗ". У нас, дый не толькі ў нас, трактары гэтыя ласкава называюць "беларус".
Калі ўлічыць, што ў 1910 годзе зямлю скраблі ў значнай ступені сахою, што, напрыклад, у Мінскай губерні было каля 60 тысяч сох і 198 тысяч драўляных барон, — каментарыяў, як кажуць, не трэба.
Ёсць у беларуска-польскага мастака Фердынанда Рушчыца геніяльная карціна "Зямля". Паўкруглы ўзгорак увесь у ільсняных глыбокіх барознах. І вось з-за гэтага бугра, падобнага на вяршыню зямнога шара, выпаўзае запрэжка валоў і магутны чалавек, схілены над сахою. Вялізнае напружанне, упартасць: усё ўбіта ў гэтую неласкавую зямлю, усё жыццё і ўсе сілы. У гэтым веліч, але ў гэтым і трагізм.
Па гэтых узгорках замест валоў ходзяць зараз машыны. А астатняе — што ж, i напружанне, i ўпартасць, i велiч працы земляроба — яны засталiся.
За рэчкаю, за быстраю азярцо
Наша з вамі зямля, можна сказаць, сочыцца вадою. Крыніцы, азёрцы, вымачыны, балоты, ручаі, рачулкі, магутныя рэкі і вялікія азёры. Мая карта рэк (а на ёй памечаны толькі рэкі даўжэйшыя за пяць кіламетраў) уся пранізана сінімі жылкамі, мабыць, гусцей, чым плоць чалавечая капілярамі. Такіх рэк на Беларусі дзве тысячы дзевяцьсот.
Усе рэкі Беларусі належаць да басейнаў двух мораў: Чорнага і Балтыйскага. Басейн Балтыйскага — гэта сістэмы Нёмана, Заходняй Дзвіны, Буга і Ловаці. Басейн Чорнага — сістэма Дняпра з Бярэзінай, Сожам, Прыпяццю і іншымі, больш дробнымі рэкамі. Рэкі, за выключэннем некаторых, плывуць па раўнінах і таму павольныя. Але бываюць і невялічкія рэчкі, што бяруць вытокі з узвышшаў і таму бягуць досыць хутка. У такіх рачулках і водзіцца стронга.
Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман. Яны бліжэй да Атлантыкі, да яе мяккага подыху. Пасля — Дняпро і толькі потым — Дзвіна з прытокамі. Гарматны грукат ляціць над ракою. Ільды спачатку пасоўваюцца, пасля ідуць трэшчынамі, ламаюцца — і пайшло.
Читать дальше