Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стопяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. І, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы — куды ўжо цягацца з імі?!
За вёскаю разлiвы каласоў
За вёскамі палі. Зноў жа розныя. Поўнач. Мядзельшчына з яе азёрамі і перакатамі ўзгоркаў. Гэта менавіта тут склалася загадка: "Поле ў паясках, поле ў піражках, поле ў дзірачках". Ты ломіш галаву над тым, што гэта такое, а адказ нечаканы: "поле". Паяскі — межы, піражкі — камяні, дзірачкі — дзірачкі сцяблін на іржышчы. Палі не дужа вялікія. Валуны значнага памеру сцягваюць на межы трактарамі ці спіхваюць бульдозерамі, і таму на межах цэлыя каменныя валы, крэпасці. З валуноў, расколатых берталетавай соллю, будавалі і часам будуюць і цяпер стайні, свірны, пуні.
Чаго-чаго, а каменя тут хопіць. Як сказаў паэт П. Панчанка: "Аматар трымаць чорны камень за пазухай тут мог бы набраць іх на дзесяць вякоў". Здавалася — прыбралі. Не, пасля кожнага ворыва лезуць з зямлі, кожны дождж выбівае іх наверх.
На гэтых палетках лілавее канюшына, варушыцца вусаты ячмень, цягнецца, чапляе за ногі вільготнае і сакавітае сіло гароху.
Лубіну менш, затое сінія хвалі ільноў літаральна бясконцыя.
Сярэдняя паласа. Тут разнастайнейшы рэльеф і такія ж палі. На Навагрудчыне з яе высачэзнымі ўзгоркамі — меншыя, на раўніннай багатай Случчыне — шырокія і раздольныя. Паўдзённы ўсход шмат займаецца гародніцтвам: капуста, цыбуля, радыс, морква, памідоры, гуркі, часнок, салата. Тут буйныя парнікова-цяплічныя камбінаты, якія працуюць не толькі на Беларусь.
Поўдзень. Палескае роўнае поле. То спрадвечнае, то нядаўна асушанае. На гарызонце зубчасты сілуэт лесу. На дрэвах пасярод поля па адной, па тры, па пяць пчаліных калод на кожным. Тут іх называюць "свепет". І зусім няма камення. Захацеў бы ў ворага кінуць, і то не знайшоў бы.
І ячменю мала. Яго, мужыка, нягледзячы на вусы, перамаглі грэчка і проса. І тут жа да іх у хаўрус уціснулася салодкая кампанія: кармавы лубін (паўсюль), цукровы бурак (на паўднёвым захадзе) і нязлічаныя каноплі (на паўднёвым усходзе). Ну і яшчэ тытунь. А раз так, то ясна, што ёсць цукровыя заводы і тытунёвыя фабрыкі.
Гэта мы ўсё займаліся пакуль што паважанай, але не самай важнай кампаніяй. Цяпер пра галоўнае.
Бульба. Яна паўсюль, яна — універсал. За выключэннем некаторых паўночных раёнаў, дзе яе пасевы складаюць 15,8 працэнта ад пасяўной плошчы, — паўсюль яе да 20 працэнтаў. А значыць, тут жа працуюць заводы спіртавыя і крухмальныя.
33,3 працэнта плошчы збожжавых захапiла i самаўладна размясцiлася там асноўная культура — азiмае жыта. Падцяснiла менш ураджайную ярыну, а пшанiцу, разлiвы якой так шырока расцяклiся па Сiбiры, Кубанi, Украiне, увогуле трымае ў чорным целе — усяго 17,4 %, хаця сеюць пшанiцу па ўсёй рэспублiцы.
Пра ячмень я ўжо казаў раней. Яму аддадзена менш плошчы. Такі сабе падпанак. Ведае, што беларус не можа абысціся без ячнага супу з грыбамі і піва.
Нават авёс крыху больш пан, чым пшаніца, хаця пасевы яго і скараціліся за апошні час у тры разы. Ён служыць кормам для хатняй жывёлы, а ў басейне Бярэзіны — і для мядзведзяў, якія прыходзяць уначы ласавацца на аўсяныя палі. Нашморгаюць поўныя жмені, высмакчуць "малако", а жмакі раскідаюць па полі. Мясцовыя калгаснікі гэтага разбою дуж-жа не любяць.
Шмат у краіне кармавых культур, бо добра развіта мяса-малочная вытворчасць. Таму тут табе і кармавы лубін, і кукуруза на сілас, і канюшына, бручка, турнэпс, рэпа.
У рэспубліцы амаль 6 млн. буйнай рагатай жывёлы, з іх 2 млн. 592 тысячы кароў. Пераважна чорна-белыя і бурыя, латвійскія, але ёсць і швіцкая, сіментальская, яраслаўская пароды.
…Сядзіш над Дняпром. Сонца набліжаецца да гарызонту. На дрэвах, на вадзе, на гліне адхонаў аранжавы водбліск. І раптам у вадзе з'яўляюцца нейкія незразумелыя кропкі. Бліжэй-бліжэй, і вось ясна ўжо, што гэта рагатыя галовы. Плыве цераз раку вялізная чарада. Пярэднія ўжо выйшлі на бераг, чорна-бела ільсняцца на сонцы, і вада сплывае з іх, заднія яшчэ плывуць. А за імі, стоячы ў чаўне, плыве пастух. Гэта пераганяюць статак на новую пашу, на паплавы са свежай, кветкамі апырсканай травой. У аднаго майго знаёмага дядзькі было аж сем коз. "Дядзька, навошта вам іх столькі?.. Ды яшчэ чацвёра — казлы". — "Ды не купляе ніхто, а рэзаць нейк рука не падымаецца. Занадта на чорта падобныя". — Ну а свінню вы ясцё?" Адказ пасля нядоўгага роздуму: "Свінню ем. Калі б свінню не есці, яна б… увесь свет запаланіла".
Читать дальше