Дзень смерці Сталіна… Увесь дзіцячы дом вывелі на лінейку, вынеслі чырвоны сцяг. Колькі доўжылася пахаванне, столькі мы стаялі ў стойцы «смірна», гадзін шэсць ці восем. Нехта губляў прытомнасць… Я плакала… Як жыць без мамы, я ўжо ведала. Але як жыць без Сталіна? Як жыць… Чамусьці я баялася, што пачнецца вайна.
(Плача.) Мама… Праз чатыры гады… я ўжо вучылася ў архітэктурным тэхнікуме… вярнулася з высылкі мама. Вярнулася зусім. Прыехала яна з драўляным чамаданчыкам, у ім — цынкавая «ўцятніца» (яна і цяпер у мяне ёсць, не магу выкінуць), дзве алюмініевыя лыжкі і гара падраных панчох. «Ты — дрэнная гаспадыня, — лаяла мяне мама, — не ўмееш цыраваць». Цыраваць я ўмела, але я разумела, што гэтыя дзіркі на панчохах, якія яна прывезла, ніколі не зацыраваць. Ніякага «рукадзелля»! У мяне стыпендыя — васямнаццаць рублёў, у мамы пенсія — чатырнаццаць рублёў. Гэта быў для нас рай — хлеба еш, колькі хочаш, яшчэ хапала на гарбату. У мяне быў адзін спартовы касцюм і адна паркалёвая сукенка, якую я сама пашыла. У тэхнікум зімой і восенню я хадзіла ў спартовым касцюме. І мне здавалася… такое ў мяне было ўяўленне… што ў нас усё ёсць. Калі я заходзіла ў нармальны дом, у нармальную сям’ю, сядзела воўкам — навошта столькі рэчаў? Столькі лыжак, відэльцаў, кубкаў… Мяне ставілі ў тупік самыя простыя рэчы… Найпрасцейшыя… Навошта, напрыклад, дзве пары туфляў? Я і сёння да рэчаў абыякавая, да побыту. Нявестка ўчора тэлефануе: «Шукаю карычневую газавую пліту». Пасля рамонту яна падбірае на кухню ўсё карычневае: мэблю, фіранкі, посуд, каб як у імпартным часопісе. Гадзінамі вісіць на тэлефоне. Кватэра ў рэкламках і газетах, чытае ўсё, дзе «прадам-куплю». «І гэта хачу! І гэта…»! Раней ва ўсіх была простая абстаноўка, тады наогул жылі проста. А цяпер? Чалавек ператварыўся ў страўнік… У жывот… Хачу! Хачу! Хачу! (Матнула рукой.) Я ў сына рэдка бываю… У іх там усё новае, дарагое. Як у офісе. (Маўчыць.) Чужыя мы… чужыя сваякі… (Маўчыць.) Хачу ўспомніць маму маладой. Але ж маладой яе не памятаю… памятаю толькі хворай. Ні разу мы не абнялі адна адну, не пацалавалі, не было паміж намі пяшчотных слоў. Не памятаю… Нашыя маці гублялі нас двойчы: першы раз — калі нас забіралі ў іх малымі, і другі раз — калі яны, старыя, вярталіся да нас, ужо дарослых. Дзеці былі чужыя… дзяцей ім падмянілі… Іх выхавала іншая маці: «Радзіма — ваша маці… Ваша мама…» «Хлопчык, дзе твой тата?» — «Яшчэ ў турме». — «А дзе твая мама?» — «Ужо ў турме». Сваіх бацькоў мы ўяўлялі толькі ў турме. Недзе далёкадалёка… ніколі побач… Быў час, калі я хацела ўцячы ад мамы назад у дзіцячы дом. Як гэта! Як гэта… Яна не чытала газет і не хадзіла на дэманстрацыі, не слухала радыё. Не любіла песні, ад якіх у мяне сэрца з грудзей выскоквала… (Ціха напявае.)
«И врагу никогда не добиться,
Чтоб склонилась твоя голова.
Дорогая моя столица,
Золотая моя Москва…»
А мяне цягнула на вуліцу. Я хадзіла на вайсковыя парады, любіла спартовыя святы. Дагэтуль памятаю палёт! Ты крочыш разам з усімі, ты ўжо частка чагосьці вялікага… вялізнага… Там я была шчаслівая, а з мамай — не. І я гэта ніколі не выпраўлю. Мама неўзабаве памерла. Я абдымала, гладзіла яе толькі мёртвую. Яна ўжо ляжала ў труне, і ўва мне прачнулася такая пяшчота! Такая любоў! Ляжала яна ў старых валёнках… Ні туфляў, ні басаножак у яе не было, а мае не налезлі на яе апухлыя ногі. Я ёй сказала столькі пяшчотных слоў, столькі прызнанняў — чула яна іх ці не чула? Цалавала і цалавала яе. Казала, як я яе люблю… (Плача.) Я адчувала, што яна яшчэ тут… Я верыла…
Сыходзіць на кухню. Хутка кліча мяне: «Абед на стале. Я заўсёды адна, а хочацца хаця б паабедаць з кім-небудзь».
Ніколі не трэба вяртацца… таму што… так… А як я бегла туды! Як хацела! Пяцьдзясят гадоў… пяцьдзясят гадоў я вярталася на тое месца… у думках днём і ноччу я там была…
Зіма… часцей зіма снілася… На вуліцы такі мароз, што сабак не відаць і птушак. Паветра шкляное, і дым з трубы — слупом да неба. Ці канец лета — трава ўжо спынілася ў росце, пакрылася цяжкім пылам. І я… я надумала туды паехаць. Ужо — перабудова. Гарбачоў… мітынгі… Усе хадзілі па вуліцах. Радаваліся. Пішы, што хочаш, крычы, што хочаш і дзе хочаш. Сва-бо-да! Сва-бо-да! Што б нас ні чакала наперадзе, але мінулае скончылася. Чаканне чагосьці іншага… і нецярплівасць… І зноў страх. Доўгі час я баялася ўключаць раніцай радыё: а раптам усё скончылася? Адмянілі. Доўга не верыла. Прыйдуць ноччу і павязуць на стадыён. Як было ў Чылі… Аднаго стадыёна для «разумнікаў» хопіць, а астатнія самі змоўкнуць. Але не прыходзілі… не везлі… У газетах пачалі друкаваць успаміны гулагаўцаў. Іх фотаздымкі. Вочы! Якія там у людзей вочы! Глядзяць нібы з таго свету… (Маўчыць.) І я вырашыла: хачу… я мушу туды паехаць! Навошта? Сама не ведаю… але я мушу… Узяла адпачынак… Першы тыдзень… другі… ніяк не наважуся, знаходжу ўсякія прычыны: то да зубнога мне трэба, то на балконе дзверы не дафарбавала. Лухта нейкая. Раніцай… гэта было раніцай… Фарбую балконныя дзверы і сама сабе кажу: «Заўтра еду ў Караганду». Вось так, уголас, памятаю, сказала — і зразумела, што паеду. Еду — усё!! Што такое Караганда? Чысты, голы стэп на сотні кіламетраў, ён выгараў улетку. Пры Сталіне пабудавалі ў гэтым стэпе дзясяткі лагераў: Стэплаг, Карлаг, Алжыр… Пясчанлаг… Прывезлі сотні тысяч зэкаў… Савецкіх рабоў. А памёр Сталін, разбурылі баракі, знялі дрот — і атрымаўся горад. Горад Караганда… Я еду… Еду! Дарога доўгая… Пазнаёмілася ў цягніку з жанчынай… настаўніцай з Украіны. Яна шукала магілу свайго бацькі і ехала ў Караганду другі раз: «Не бойся, — вучыла мяне. — Там ужо прывыклі, што нейкія дзіўныя людзі прыязджаюць з усяго свету і размаўляюць з камянямі». У яе быў з сабою ліст ад бацькі, адзіны яго ліст з лагера: «…лепей чырвонага сцяга ўсё роўна нічога няма…» Так заканчваўся… гэтымі словамі… ( Задумваецца.) Гэтая жанчына… Яна распавядала, як бацька падпісаў паперу, што ён польскі шпіён. Следчы пераварочваў табурэтку, у адну з ножак забіваў цвік, саджаў на яго бацьку і круціў вакол восі. І так дамогся свайго: «Добра — шпіён». Следчы: «А чый шпіён?» Бацька, у сваю чаргу, спытаў: «А чые бываюць шпіёны?» Далі на выбар — нямецкі ці польскі. «Пішыце — польскі». Ведаў ён па-польску чатыры словы: «Дзянькуе бардзо» і «ўшыстко едно». Чатыры словы… А я… Я нічога пра свайго бацьку не ведаю… Аднойчы мама прагаварылася… што быццам бы ён звар’яцеў ад катаванняў у турме. Увесь час там спяваў… У купэ з намі ехаў малады хлопец. Мы ўсю ноч гаварылі. Плакалі… А раніцай гэты хлопец паглядзеў на нас: «Жудасць! Трылер нейкі!» Гадоў яму васямнаццаць-дваццаць. Госпадзе! Столькі ўсяго перажылі, а расказаць няма каму. Расказваем адно аднаму…
Читать дальше