Страх быў не адзін… Было шмат страхаў, вялікіх і маленькіх. Мы баяліся расці, баяліся, што нам будзе пяць гадоў. У пяць гадоў вывозілі ў дзіцячы дом, мы разумелі, што гэта недзе далёка… далёка ад мамы… Мяне, як цяпер памятаю, вывезлі ў дзіцячы дом нумар восем пасёлка нумар пяць. Усё было пад нумарамі, а замест вуліц — лініі: лінія першая, лінія другая… Нас пагрузілі ў машыну і павезлі. Мамы беглі, чапляліся за барты, крычалі, плакалі. Памятаю, што мамы плакалі заўсёды, а дзеці плакалі рэдка. Не былі мы свавольнымі, не дурэлі. Не смяяліся. Плакаць я навучылася ўжо ў дзіцячым доме. У дзетдоме нас вельмі моцна білі. Нам казалі: «Вас можна біць і нават забіць, таму што вашы мамы — ворагі». Татаў мы не ведалі.
«Твая мама дрэнная», — не памятаю твару жанчыны, якая мне гэта паўтарала і паўтарала. — «Мая мама — добрая. Мая мама — прыгожая». — «Твая мама — дрэнная. Яна — наш вораг». Я не памятаю, ці прамаўляла яна само гэтае слова «забіць», але нешта такое… нейкія словы былі. Нейкія страшныя словы… Нейкія… так… Я нават баялася іх запомніць. У нас не было выхавацеляў, настаўнікаў, такіх слоў мы не чулі, у нас былі камандзіры. Камандзіры! У іх у руках заўсё-
ды доўгія лінейкі… Білі за штосьці і проста так… проста білі… Мне хацелася, каб мяне білі так, каб засталіся дзіркі, і тады перастануць біць. Дзірак у мяне не было, затое гнойныя свішчы пакрылі ўсё цела. Я ўзрадавалася… У маёй сяброўкі Волечкі былі металічныя скобачкі на хрыбетніку, яе нельга было біць. Усе ёй зайздросцілі… (Доўга глядзіць у акно.) Я нікому гэта не расказвала. Я баялася… А чаго я баялася? Не ведаю… (Задумваецца.) Мы любілі ноч… Чакалі, каб хутчэй наступіла ноч. Цёмная-цёмная ноч. Уначы да нас прыходзіла цётка Фрося, начны вартаўнік. Яна была добрая, яна нам расказвала казку пра Алёнку і Чырвоную Шапачку, прыносіла ў кішэні пшаніцы і давала па некалькі зярнятак таму, хто плакаў. Больш за ўсіх у нас плакала Лілечка, яна плакала раніцай, плакала ўвечары. У нас ва ўсіх была кароста, тоўстыя чырвоныя скулы на жываце, а ў Лілечкі пад пахамі былі яшчэ пухіры, яны лопаліся гноем. Памятаю, што дзеці даносілі адзін на аднаго, гэта заахвочвалася. Больш за ўсіх даносіла Лілечка… Казахскі клімат суровы — узімку сорак градусаў марозу, а ўлетку сорак градусаў цяпла. Лілечка памерла зімой. Калі б яна дажыла да травы… Увесну б яна не памерла… Не… ( змаўкае на паўслове.) Нас вучылі… Больш за ўсё нас вучылі любіць таварыша Сталіна.
Першы ў сваім жыцці ліст мы пісалі яму — у Крэмль. Гэта было так… Калі мы вывучылі літары, нам раздалі белыя аркушы, і пад дыктоўку мы пісалі ліст самаму добраму, самаму любімаму нашаму правадыру. Мы яго вельмі любілі, верылі, што атрымаем адказ і што ён нам дашле падарункі. Шмат падарункаў! Глядзелі на яго партрэт, і ён нам падаваўся такім прыгожым. Найпрыгажэйшыым на свеце! Мы нават спрачаліся, хто колькі гадоў свайго жыцця аддасць за адзін дзень жыцця таварыша Сталіна. На Першамай нам усім выдавалі чырвоныя сцяжкі, мы ішлі і радасна імі махалі. Ростам я была самая маленькая, стаяла ў канцы і заўсёды баялася, што мне не дадуць сцяжок. Раптам не хопіць! Нас увесь час вучылі, нам казалі: «Радзіма — гэта ваша маці! Радзіма — ваша мама!» А мы ва ўсіх дарослых, якіх сустракалі, пыталіся: «Дзе мая мама? Якая мая мама?» Ніхто не ведаў нашых мам… Першая мама прыехала да Рыты Мельнікавай. У яе быў цудоўны голас. Яна нам спявала калыханку:
«Спи, моя радость, засни.
В доме погасли огни…
Дверь ни одна не скрипит,
Мышка за печкою спит…»
Мы такой песні не ведалі, мы гэтую песню запомнілі. Прасілі: яшчэ, яшчэ. Я не памятаю, калі яна скончыла спяваць, мы паснулі. Яна нам казала, што нашы мамы добрыя, што нашы мамы прыгожыя. Усе мамы прыгожыя. Што нашы мамы ўсе спяваюць гэтую песню. Мы чакалі… Потым перажылі страшнае расчараванне — яна нам сказала няпраўду. Прыязджалі іншыя мамы, яны былі непрыгожыя, хворыя, яны не ўмелі спяваць. І мы плакалі… плакалі рыдма… плакалі не ад радасці сустрэчы, а ад засмучэння. З таго часу я не люблю няпраўду… не люблю марыць… Нас нельга было суцяшаць няпраўдай, нельга было падманваць: твая мама жывая, а не памерла. Потым выходзіла… няма прыгожай мамы, ці ўвогуле мамы няма… Не! Усе мы былі вельмі маўклівыя. Не памятаю нашых размоў… памятаю дакрананні… Мая сяброўка Валя Кнорына да мяне дакранецца, і я ведаю, пра што яна думае, таму што ўсе думалі пра адно і тое ж. Ведалі адзін пра аднаго інтымныя рэчы: хто пісяецца ўначы, хто крычыць у сне, хто картавіць. Я ўвесь час лыжкай зуб сабе выпроствала. У адным пакоі — сорак жалезных ложкаў… Вечарам — каманда: скласці далонькі — і пад шчаку, і ўсім — на правы бачок. Павінны былі рабіць гэта разам. Усе! Гэта была супольнасць, хай жывёльная, хай прусачыная, але мяне так выхавалі. Я да гэтага часу такая… (Адварочваецца да акна, каб я не бачыла яе твару ў гэтыя хвіліны .) Ляжым-ляжым ноччу і пачынаем плакаць… Усе разам: «Добрыя мамы ўжо прыехалі…» Адна дзяўчынка сказала: «Не люблю маму! Чаму яна так доўга да мяне не едзе?» Я таксама крыўдзілася на сваю маму. А раніцай мы хорам спявалі… (Тут жа пачынае напяваць.)
Читать дальше