Прачнуся ўначы… паклічу маму… Мама таксама ляжыць з расплюшчанымі вачыма: «Я ніколі не была такой шчаслівай, як у старасці. І раптам — вайна». Мужчыны заўсёды гавораць пра вайну, любяць зброю — і маладыя, і старыя… А жанчыны ўспамінаюць каханне… Старыя жанчыны распавядаюць, якія яны былі маладыя і прыгожыя. Ніколі жанчыны пра вайну не гавораць… яны толькі моляцца за сваіх мужчын… Мама пойдзе да суседзяў і вяртаецца кожны раз спалоханая: «У Гаграх спалілі цэлы стадыён грузінаў». — «Мама!» — «А яшчэ я чула, што грузіны кастрыруюць абхазаў». — «Мама!» — «Разбамбілі заапарк… Уначы грузіны за некім ганяліся і думалі, што гэта — абхаз. Яны яго паранілі, ён крычаў. А абхазы на яго напароліся, думалі — грузін. Даганялі, стралялі. А на досвітку ўсе ўбачылі, што гэта параненая малпа. І ўсе — і грузіны, і абхазы — абвясцілі перамір’е і кінуліся яе ратаваць. А чалавека б забілі…» Мне не было чаго адказаць маёй маме. Я за ўсіх малілася, прасіла: «Яны ідуць, як зомбі. Ідуць і вераць, што робяць дабро. Але хіба можна з аўтаматам і нажом рабіць дабро? Заходзяць у дом, і калі не знаходзяць нікога, страляюць у жывёлу, у мэблю. Выйдзеш у горад — ляжыць карова з прастрэленым вымем… расстраляныя слоікі з сочывам… Страляюць — адны па гэты бок, другія — па той. Дай розуму ім!» (Маўчыць.) Тэлевізар ужо не працаваў, адзін гук… без карцінкі… Масква была недзе далёка-далёка.
Я хадзіла ў царкву… і там гаварыла… і гаварыла… На вуліцы каго ўбачу, таго і спыню. Потым пачала сама з сабой размаўляць. Мама сядзе каля мяне, слухае, і бачу — спіць, яна так стамлялася, што засынала нечакана. Мые абрыкосы — і спіць. А я як заведзеная… распавядаю і распавядаю… пра тое, што ад іншых чула і сама бачыла… Як грузін… малады грузін… кінуў аўтамат і крычаў: «Куды мы прыехалі?! Я прыехаў загінуць за Радзіму, а не красці чужую лядоўню! Навошта вы заходзіце ў чужы дом і бераце чужую лядоўню? Я прыехаў памерці за Грузію…» Яго пад рукі кудысьці павялі, па галаве гладзілі. Другі грузін падняўся і пайшоў насустрач тым, хто ў яго страляў: «Браты абхазы! Я не хачу вас забіваць, і вы ў мяне не страляйце». Яго застрэлілі свае ў спіну. А яшчэ… Хто ён — рускі ці грузін — не ведаю, ён з гранатай кінуўся пад ваенную машыну. Нешта крычаў. Ніхто не чуў, што ён крычаў. У машыне гарэлі абхазы… яны таксама крычалі… ( Маўчыць.) Мама… мама… Мама ўсе падваконні ў доме заставіла кветкамі. Ратавала мяне… Прасіла: «Глядзі, дачушка, на кветкі! Глядзі на мора!» У мяне выключная мама, у яе такое сэрца… Яна мне прызнавалася: «Я прачнуся на світанні — сонца працінае лістоту… І я думаю: «Вось я зараз пагляджу ў люстэрка — і колькі ж мне гадоў?». У яе бяссонніца, у яе баляць ногі, яна трыццаць гадоў майстрам на цэментавым заводзе адпрацавала, але яна ранкам не ведае, колькі ёй гадоў. Потым яна ўстае, чысціць зубы, бачыць сябе ў люстэрку — на яе глядзіць старая жанчына… Пачынае гатаваць сняданак і забываецца на гэта. І я чую, як яна спявае… (Усміхнулася.) Мая мама… мая сяброўка… Нядаўна мне прысніўся сон: я выходжу са свайго цела… падымаюся высока-высока… Мне так добра.
Ужо не памятаю, што было раней, а што пазней. Не памятаю… Першыя дні рабаўнікі хадзілі ў масках… чорныя панчохі на твар нацягвалі. Неўзабаве маскі яны паздымалі. Ідзе: у адной руцэ крыштальная ваза, у другой аўтамат, і на спіне яшчэ дыван. Тэлевізары цягнулі, пральныя машыны… жаночыя футры… посуд… Нічым не грэбавалі, дзіцячыя цацкі ў разбітых дамах падбіралі… (Маўчыць.) Я цяпер убачу звычайны нож у краме… мне ніякавата робіцца… Раней я ніколі не думала пра смерць. Вучылася ў школе, потым у медтэхнікуме. Вучылася і кахала. Прачнуся ноччу — і мару. Калі гэта было? Так даўно… Я ўжо нічога з таго жыцця не памятаю. Я іншае памятаю… адрэзалі хлопчыку вушы, каб абхазскія песні не слухаў. А маладому хлопцу адрэзалі… ну самі разумееце… гэта… каб ад яго жонка не нараджала… Недзе ядзерныя ракеты стаяць, самалёты і танкі, а чалавека ўсё роўна нажом рэзалі. Віламі заколвалі, сякерай секлі… Хай бы я зусім звар’яцела… я нічога б не памятала… Дзяўчынка на нашай вуліцы… яна засілілася… Дзяўчынка кахала хлопца, а ён ажаніўся з іншай. Яе хавалі ў белай сукенцы. Ніхто не верыў — як гэта: у такі час ад кахання пайсці на смерць? Вось калі б яе згвалцілі… Я ўспамінаю цётку Соню, маміну сяброўку… Ноччу зарэзалі ейных суседзяў… сям’ю грузінаў, з якімі яна сябравала. І дваіх дзяцей маленькіх. Днямі цётка Соня ляжала на ложку з заплюшчанымі вачыма і не хацела выходзіць на вуліцу: «Дзяўчынка мая, навошта пасля гэтага жыць?» — пыталася яна ў мяне. Я карміла яе супам з лыжачкі, яна не магла глытаць.
Читать дальше