Я нарадзіўся ў СССР, і мне там падабалася. Мой бацька быў камуністам, вучыў мяне чытаць па газеце «Правда». На кожнае свята мы з ім хадзілі на дэманстрацыю. Са слязьмі на вачах… Я быў піянерам, насіў чырвоны гальштук. Прыйшоў Гарбачоў, і я не паспеў стаць камсамольцам, пра што шкадую. Я — савок, так? Мае бацькі — саўкі, дзед і баба — саўкі? Мой саўковы дзед загінуў пад Масквой у сорак першым… А мая саўковая бабулька была ў партызанах… Спадары лібералы адпрацоўваюць сваю пайку. Хочуць, каб мы сваё мінулае лічылі чорнай дзіркай. Я іх усіх ненавіджу: гарбачова, шэварднадзэ, якаўлева, — напішыце з маленькай літары, гэтак я іх ненавіджу. Я не хачу ў Амерыку, я хачу ў СССР…»
«Гэта былі выдатныя, наіўныя гады… Мы паверылі Гарбачову, цяпер ужо нікому так лёгка не паверым. Многія рускія людзі вярталіся з эміграцыі на Радзіму… Быў такі ўздым! Думалі, што зломім гэты барак. Пабудуем нешта новае. Я скончыла філалагічны факультэт МДУ і паступіла ў аспірантуру. Марыла займацца навукай. Кумірам у тыя гады быў Аверынцаў, на яго лекцыі прыходзіла ўся адукаваная Масква. Сустракаліся і падтрымлівалі адзін у адным ілюзію, што неўзабаве паўстане іншая краіна, і мы за гэта змагаемся. Калі я даведалася, што мая аднакурсніца з’язджае ў Ізраіль, вельмі здзівілася: «Няўжо табе не балюча з’язджаць? У нас усё толькі пачынаецца».
Чым больш гаварылі і пісалі: «Свабода! Свабода!», тым хутчэй з прылаўкаў знікалі не толькі сыр і мяса, але і соль, і цукар. Пустыя крамы. Страшна. Усё па талонах, як у вайну. Нас выратавала нашая бабуля, яна цэлымі днямі бегала па горадзе і «атаварвала» гэтыя талоны. Увесь балкон быў забіты пральным парашком, у спальні стаялі мяхі з цукрам і крупамі. Калі выдалі талоны на шкарпэткі, тата заплакаў: «Гэта канец СССР». Ён адчуў… Тата працаваў у канструктарскім бюро на ваенным заводзе, займаўся ракетамі, і яму гэта шалёна падабалася. У яго былі дзве вышэйшыя адукацыі. Замест ракет завод стаў штампаваць пральныя машыны і пыласосы. Тату скарацілі. Яны з мамай былі заўзятымі «перабудоўшчыкамі»: пісалі плакаты, разносілі ўлёткі — і вось фінал… Разгубіліся. Не маглі паверыць, што свабода — яна вось такая. Не маглі з гэтым змірыцца. На вуліцах ужо крычалі: «Гарбачову грош цана, беражыце Ельцына!» Неслі партрэты Брэжнева ў ордэнах, а партрэты Гарбачова — у талонах. Пачыналася валадаранне Ельцына: гайдараўскія рэформы і вось гэтае ненавіснае мне «купі-прадай»… Каб выжыць, я ездзіла ў
Польшчу з мяшкамі лямпачак і дзіцячых цацак. Поўны вагон: настаўнікі, інжынеры, дактары… Усе з мяшкамі і торбамі. Усю ноч сядзім і абмяркоўваем «Доктара Жывага» Пастарнака… п’есы Шатрова… Як у Маскве на кухні.
Успамінаю ўніверсітэцкіх сяброў… Мы сталі кім заўгодна, але не філолагамі — топ-менеджарамі рэкламных агенцтваў, банкаўскімі клеркамі, «чаўнакамі»… Я працую ў агенцтве нерухомасці ў адной дамы, якая прыехала з правінцыі, былы камсамольскі работнік. У каго сёння фірмы? Вілы на Кіпры і Маямі? У былой партыйнай наменклатуры. Гэта да таго, дзе трэба шукаць грошы партыі… А нашы правадыры… шасцідзясятнікі… Яны крыві на вайне нанюхалiся, але былі наіўныя, як дзеці… Нам трэ было дняваць і начаваць на плошчах. Давесці справу да канца — дамагчыся Нюрнберга для КПСС. Мы занадта хутка разышліся па дамах. Фарцоўшчыкі і мянялы ўзялі ўладу. І насуперак Марксу, пасля сацыялізму будуем капіталізм. ( Маўчыць .) Але я шчаслівая, што жыла ў гэты час. Камунізм сканаў! Усё, ён ужо не вернецца. Жывём у іншым свеце і глядзім на свет іншымі вачыма. Свабоднае дыханне тых дзён я ніколі не забуду…»
ПРА ТОЕ, ЯК ПРЫЙШЛО КАХАННЕ, А ПАД ВОКНАМІ — ТАНКІ
«Я была закаханая, ні пра што іншае больш не магла думаць. Жыла выключна гэтым. І вось мама раніцай будзіць: «Танкі — пад вокнамі! Здаецца, пераварот!» Я ў паўсне: «Мама, гэта вучэнні». Фіг вам! Пад вокнамі стаялі сапраўдныя танкі, я ніколі не бачыла танкі так блізка. Па тэлевізары ішоў балет «Лебядзінае возера»… Прыбегла маміна сяброўка, яна вельмі хвалявалася, што завінавацілася партыйныя ўзносы за некалькі месяцаў. Казала, што ў іх у школе стаяў бюст Леніна, яна яго вынесла ў бакоўку, а цяпер — што з ім рабіць? Усё адразу стала на свае месцы: гэта нельга і тое нельга. Дыктар зачытвала Заяву аб увядзенні надзвычайнага становішча… Маміна сяброўка пры кожным слове ўздрыгвала: «Божа мой! Божа мой!» Бацька пляваўся ў тэлевізар…
Патэлефанавала Алегу… «Едзем да Белага дома?» — «Едзем!» Прышпіліла значык з Гарбачовым. Нарэзала бутэрбродаў. У метро людзі былі маўклівыя, усе чакалі бяды. Усюды танкі… танкі… На брані сядзелі не забойцы, а спалоханыя хлопцы з вінаватымі тварамі.
Читать дальше