«Цяпер сорамна быць бедным, неспартыўным… Не паспяваеш, карацей. А я з пакалення дворнікаў і вартаўнікоў. Быў такі спосаб унутранай эміграцыі. Ты жывеш і не заўважаеш таго, што вакол, як пейзаж за акном. Мы з жонкай скончылі філасофскі факультэт Пецярбургскага (тады Ленінградскага) універсітэта, яна ўладкавалася дворнікам, а я — апальшчыкам у кацельні. Працуеш адны суткі, двое — дома. Інжынер у той час атрымліваў сто трыццаць рублёў, а я ў кацельні — дзевяноста, гэта значыць, пагаджаешся страціць сорак рублёў, але затое атрымліваеш абсалютную свабоду. Чыталі кніжкі, шмат чыталі. Размаўлялі. Думалі, што выпрацоўваем ідэі. Марылі пра рэвалюцыю, але баяліся — не дачакаемся. Закрытае, у прынцыпе, вялі жыццё, нічога не ведалі пра тое, што робіцца ў свеце. Былі «хатнімі раслінамі». Усё сабе прыдумалі, як пасля высветлілася, прымроілі — і Захад, і капіталізм, і рускі народ. Жылі міражамі. Такой Расіі, як у кніжках і на нашых кухнях, ніколі не было. Толькі ў нас у галаве. У перабудову ўсё скончылася… Гахнуў капіталізм… Дзевяноста рублёў сталі дзесяццю далярамі. На іх — не пражыць. Выйшлі з кухняў на вуліцу, і тут высветлілася, што ідэй у нас няма, мы проста сядзелі ўвесь гэты час і размаўлялі. Аднекуль з’явіліся зусім іншыя людзі — маладыя хлопцы ў малінавых пінжаках і з залатымі пярсцёнкамі. І з новымі правіламі гульні: грошы ёсць — ты чалавек, грошай няма — ты ніхто. Каму гэта цікава, што ты Гегеля ўсяго прачытаў? «Гуманітарый» гучала як дыягназ. Маўляў, усё, што яны ўмеюць, — гэта трымаць томік Мандэльштама ў руках. Адкрылася шмат невядомага. Інтэлігенцыя жахліва збяднела. У нашым парку на выходных крышнаіты ставілі палявую кухню і раздавалі суп і нешта просценькае на другое. Выбудоўвалася такая чарга акуратненькіх старых, што ў горле шкрабала. Некаторыя з іх хавалі свае твары. У нас да таго часу было ўжо двое маленькіх дзяцей. Галадалі натуральным чынам. Пачалі з жонкай гандляваць. Бралі на заводзе чатыры-шэсць скрынак марозіва і ехалі на рынак, туды, дзе шмат людзей. Лядоўняў ніякіх, праз некалькі гадзін марозіва раставала. Тады раздавалі яго галодным хлапчукам. Колькі радасці! Гандлявала жонка, а я то паднясу, то падвязу — усё, што заўгодна гатовы быў рабіць, толькі не прадаваць. Доўга адчуваў сябе няёмка. Раней часта ўспамінаў нашае «кухоннае жыццё»… Якое было каханне! Якія жанчыны! Гэтыя жанчыны пагарджалі багатымі. Іх нельга было купіць. А цяпер часу на пачуцці ні ў кога няма — усе грошы зарабляюць. Адкрыццё грошай — як выбух атамнай бомбы…»
ПРА ТОЕ, ЯК МЫ ПАЛЮБІЛІ І РАЗЛЮБІЛІ ГОРБІ
«Гарбачоўскі час… Вялізныя натоўпы людзей са шчаслівымі тварамі. Сва-бо-да! Усе гэтым дыхалі. Газеты імгненна знікалі. Час вялікіх надзеяў — вось-вось трапім у рай. Дэмакратыя — невядомы нам звер. Як вар’яты, бегалі на мітынгі: зараз даведаемся ўсю праўду пра Сталіна, пра ГУЛАГ, прачытаем забароненыя «Дзеці
Арбата» Рыбакова і іншыя добрыя кнігі — і станем дэмакратамі. Як мы памыляліся! З усіх радыёкропак крычала гэтая праўда… Хутчэй-хутчэй! Чытайце! Слухайце! Не ўсе былі падрыхтаваныя да гэтага… Большасць людзей не мела антысавецкіх настрояў, яны хацелі толькі аднаго — добра жыць. Каб можна было купіць джынсы, «відзік» і ружовую мару — аўтамабіль! Усім хацелася яркага адзення, смачнай ежы. Калі я прынесла дадому салжаніцынскі «Архіпелаг ГУЛАГ», мая мама была ў жаху: «Калі ты зараз жа не знікнеш з гэтай кнігай, то я цябе выганю з хаты». У бабулі расстралялі мужа перад вайной, а яна казала: «Ваські не было шкада. Арыштавалі правільна. За доўгі язык». — «Бабуля, чаму ты нічога мне не распавядала?» — пыталася я. «Няхай маё жыццё здохне разам са мной, абы вы не пацярпелі». Так жылі нашыя бацькі, і іхнія бацькі. Усё катком было адпрасавана. Перабудову зрабіў не народ, гэта зрабіў адзін чалавек — Гарбачоў. Гарбачоў і кучка інтэлігентаў…»
«Гарбачоў — сакрэтны амерыканскі агент… Масон… Здрадзіў камунізму. Камуністаў — на сметнік, камсамольцаў — на звалку! Я ненавіджу Гарбачова за тое, што ён скраў у мяне Радзіму. Савецкі пашпарт, як найдаражэйшую рэч, захоўваю. Так, мы стаялі ў чарзе па ссінелых куранят і гнілую бульбу, але гэта была Радзіма. Я яе любіў. Вы жылі ў «Верхняй Вольце з ракетамі», а я жыў у вялікай краіне. Расія заўсёды для Захаду — вораг, яе баяцца. Костка ў горле. Нікому не патрэбная моцная Расія — з камуністамі ці без іх. На нас глядзяць як на склад — нафты, газу, лесу і каляровых металаў. Нафту мяняем на майткі. А была цывілізацыя без шмотак і барахла. Савецкая цывілізацыя! Камусьці трэба было, каб яе не стала. Аперацыя ЦРУ. Намі ўжо кіруюць амерыканцы. Гарбачову добра за гэта заплацілі… Рана ці позна яго будуць судзіць. Спадзяюся, Іуда дажыве да народнага гневу. Я з задавальненнем прастрэліў бы яму патыліцу на Бутаўскім палігоне. ( Стукае кулаком па стале. ) Прыйшло шчасце, так? З’явіліся каўбаса і бананы. Валяемся ў гаўне і ямо ўсё чужое. Замест Радзімы — вялікі супермаркет. Калі гэта называецца свабодай, то мне такая свабода не патрэбная. Цьфу! Народ ніжэй за плінтус апусцілі, мы рабы. Рабы! Пры камуністах кухарка, як казаў Ленін, кіравала дзяржавай: рабочыя, даяркі, ткачыхі — а цяпер у парламенце сядзяць бандыты. Даляравыя мільянеры. Ім у турме трэба сядзець, а не ў парламенце. Падманулі нас з перабудовай!
Читать дальше