Ва ўсіх, з кім сустракалася, я пыталася: «Што такое свабода?» Бацькі і дзеці адказвалі па-рознаму. У тых, хто нарадзіўся ў СССР, і тых, хто нарадзіўся не ў СССР, няма агульнага досведу. Яны — людзі з розных планет.
Бацькі: свабода — адсутнасць страху; тры дні ў жніўні, калі мы перамаглі путч; чалавек, які выбірае ў краме са ста гатункаў каўбасы, вальнейшы за чалавека, які выбірае з дзесяці гатункаў; быць нябітым, нясечаным, але нясечаных пакаленняў нам ніколі не дачакацца; рускі чалавек не разумее свабоду, яму патрэбен казак і бізун.
Дзеці: свабода — каханне; унутраная свабода — абсалютная каштоўнасць; калі ты не баішся сваіх жаданняў; мець шмат грошай, тады ў цябе будзе ўсё; калі ты можаш жыць так, каб не думаць пра свабоду. Свабода — гэта нармальна.
Шукаю мову. У чалавека шмат моваў: мова, на якой размаўляюць з дзецьмі, яшчэ адна, гэта тая, на якой гавораць у каханні… А яшчэ ёсць мова, на якой мы гаворым самі з сабой, вядзём унутраныя размовы. На вуліцы, на працы, у падарожжах — усюды гучыць нешта іншае, мяняюцца не толькі словы, а і штосьці яшчэ. Нават раніцай і ўвечары чалавек гаворыць па-рознаму. А тое, што адбываецца ўначы паміж двума людзьмі, цалкам знікае з гісторыі. Мы маем справу толькі з гісторыяй дзённага чалавека. Самагубства — начная тэма, чалавек знаходзіцца на мяжы быцця і небыцця. Сну. Я хачу гэта зразумець з уніклівасцю дзённага чалавека. Пачула: «Ці не баіцеся, што спадабаецца?»
Едзем па Смаленшчыне. У адной вёсцы спыніліся каля крамы. Якія знаёмыя (я ж сама вырасла ў вёсцы), прыгожыя, якія добрыя твары — і якое зневажальнае, жабрацкае жыццё вакол. Разгаварыліся пра жыццё. «Пра свабоду пытаецеся? Зайдзіце ў наш магазін: гарэлка стаіць якая хочаш: «Стандарт», «Гарбачоў», «Пуцінка», каўбасы навалам, і сыру, і рыбы. Бананы ляжаць. Якая яшчэ свабода патрэбна? Нам гэтай хопіць». — «А зямлю вам далі?» — «Хто на ёй будзе надрывацца? Хочаш — бяры. У нас адзін Васька Круты ўзяў. Малодшаму сыну восем год, а ён побач з бацькам за плугам ідзе. У яго калі ноймешся на працу — не ўкрадзеш, не паспіш. Фашыст!» У Дастаеўскага ў «Легендзе пра Вялікага інквізітара» спрачаецца пра свабоду. Пра тое, што шлях свабоды цяжкі, пакутлівы, трагічны… «Для чаго спазнаваць гэтае чортава дабро і зло, калі яно столькі каштуе?» Чалавек павінен увесь час выбіраць: свабода або дабрабыт і ўладкаванне жыцця, свабода з пакутамі або шчасце без свабоды.
І большасць людзей ідзе па другім шляху.
Вялікі інквізітар кажа Хрысту, які вярнуўся на зямлю: «Навошта Ты прыйшоў нам перашкаджаць? Бо Ты ж прыйшоў нам перашкаджаць і сам гэта ведаеш».
«Гэтак паважаючы яго (чалавека), Ты зрабіў так, як быццам перастаў яму спачуваць, бо занадта шмат ад яго запатрабаваў… Паважаючы яго менш, менш ад яго і патрабаваў бы, а гэта было б бліжэй да любові, бо лягчэйшай была б ноша ягоная. Ён слабы і подлы… У чым вінаватая слабая душа, якая не можа ўвабраць гэтакіх страшных дароў?»
«Няма клопату больш безупыннага і пакутлівага для чалавека, як, застаўшыся свабодным, адшукаць хутчэй таго, каму пакланіцца… і каму б перадаць хутчэй той дар свабоды, з якім гэтая няшчасная істота нараджаецца…»
* * *
У дзевяностыя… так, мы былі шчаслівыя, да той нашай наіўнасці ўжо не вернешся. Нам здавалася, што выбар зроблены, камунізм безнадзейна прайграў. А ўсё толькі пачыналася…
Прайшло дваццаць гадоў… «Не палохайце нас сацыялізмам», — кажуць дзеці бацькам.
З размовы са знаёмым універсітэцкім выкладчыкам: «У канцы дзевяностых студэнты смяяліся, — распавядаў ён, — калі я ўспамінаў пра Савецкі Саюз, яны былі ўпэўненыя, што перад імі адкрываецца новая будучыня. Цяпер карціна іншая… Сённяшнія студэнты ўжо даведаліся, адчулі, што такое капіталізм — няроўнасць, беднасць, нахабнае багацце, перад вачыма ў іх жыццё бацькоў, якія нічога не ўхапілі ад разрабаванай краіны. І яны радыкальна настроеныя. Мараць пра сваю рэвалюцыю. Носяць чырвоныя футболкі з партрэтамі Леніна і Чэ Гевары».
У грамадстве з’явіўся попыт на Савецкі Саюз. На культ Сталіна. Палова маладых людзей ад 19 да 30 гадоў лічыць Сталіна «найвялікшым палітычным дзеячам». У краіне, у якой Сталін знішчыў людзей не менш за Гітлера, новы культ Сталіна?! Зноў у модзе ўсё савецкае. Напрыклад, «савецкія» кавярні — з савецкімі назвамі і савецкімі стравамі. З’явіліся «савецкія» цукеркі і «савецкая» каўбаса — з пахам і смакам, знаёмымі нам з дзяцінства. І вядома, «савецкая» гарэлка. На тэлебачанні дзясяткі перадачаў, а ў інтэрнэце дзясяткі «савецкіх» настальгічных сайтаў. У сталінскія лагеры — на Салаўкі, у Магадан — вы можаце патрапіць турыстам. Рэклама абяцае, што для паўнаты адчуванняў вам выдадуць лагернае адзенне, кірку. Пакажуць адрэстаўраваныя баракі. А напрыканцы арганізуюць рыбалку…
Читать дальше