— Масква літаральна памірае з голаду ( прафесар Кузняцоў — Троцкаму ). «Гэта не голад. Калі Ціт браў Ерусалім, габрэйскія маці елі сваіх дзяцей. Вось калі я прымушу вашых мацярок есці сваіх дзяцей, тады вы можаце прыйсці і сказаць: «Мы галадаем» (Троцкі, 1919)
Людзі чыталі газеты, часопісы і маўчалі. На іх абрынуўся непад’ёмны жах! Як з гэтым жыць? Шмат хто сутыкнуўся з праўдай, як ворагам. І са свабодай таксама. «Мы не ведаем сваю краіну. Не ведаем, пра што думае большасць людзей, мы іх бачым, сустракаем кожны дзень, але пра што яны думаюць, чаго хочуць, мы не ведаем. Але бяром на сябе смеласць іх вучыць. Хутка пра ўсё даведаемся — і жахнёмся», — казаў адзін мой знаёмы, з якім мы часта сядзелі ў мяне на кухні. Я з ім спрачалася. Было гэта ў дзевяноста першым годзе… Шчаслівы час! Мы верылі, што заўтра, літаральна заўтра пачнецца свабода. Пачнецца з нічога, з нашых жаданняў.
З «Запісных кніжак» Шаламава: «Я быў удзельнікам вялікай прайгранай бітвы за сапраўднае абнаўленне жыцця». Напісаў гэта чалавек, які адседзеў сямнаццаць гадоў у сталінскіх лагерах. Туга аб ідэале засталася… Савецкіх людзей я падзяліла б на чатыры пакаленні: сталінскае, хрушчоўскае, брэжнеўскае і гарбачоўскае. Я — з апошняга. Нам было лягчэй прыняць крах камуністычнай ідэі, бо мы не жылі ў той час, калі ідэя была маладая, моцная, з нерастрачанай магіяй пагібельнага рамантызму і ўтапічных надзей. Мы выраслі пры крамлёўскіх дзядах. У посныя вегетарыянскія часы. Вялікая кроў камунізму ўжо была забытая. Пафас лютаваў, але захавалася веда, што ўтопію нельга ператвараць у жыццё.
Гэта было ў першую чачэнскую вайну… Я пазнаёмілася ў Маскве на вакзале з жанчынай, яна была аднекуль з-пад Тамбова. Ехала ў Чачню, каб забраць сына з вайны: «Я не хачу, каб ён паміраў. Я не хачу, каб ён забіваў». Дзяржава ўжо не валодала ейнаю душою. Гэта быў вольны чалавек. Такіх людзей было няшмат. Болей было тых, каго свабода раздражняла: «Я купіў тры газеты — і ў кожнай свая праўда. Дзе ж сапраўдная праўда? Раней прачытаеш раніцай газету «Праўда» — і ўсё ведаеш. Усё разумееш». З ідэйнай анэстэзіі выходзілі павольна. Калі я пачынала размову пра пакаянне, у адказ чула: «За што я павінен каяцца?» Кожны адчуваў сябе ахвярай, але не саўдзельнікам. Адзін казаў: «я таксама сядзеў», другі — «я ваяваў», трэці — «я свой горад з разрухі падняў, днём і ноччу цэглу цягаў». Гэта было зусім нечакана: усе п’яныя ад свабоды, але не падрыхтаваныя да свабоды. Дзе ж яна, свабода? Толькі на кухні, дзе па звычцы працягвалі лаяць уладу. Лаялі Ельцына і Гарбачова. Ельцына за тое, што змяніў Расію. А Гарбачова? Гарбачова за тое, што змяніў усё. Усё дваццатае стагоддзе. І ў нас цяпер будзе, як у іншых. Як ва ўсіх. Думалі, што на гэты раз атрымаецца.
Расія змянялася і ненавідзела сябе за тое, што змянялася.
«Нерухомы Мангол» — пісаў пра Расію Маркс.
Савецкая цывілізацыя… Спяшаюся захаваць яе сляды. Знаёмыя твары. Распытваю не пра сацыялізм, а пра каханне, рэўнасць, дзяцінства, старасць. Пра музыку, танцы, фрызуры. Пра тысячы падрабязнасцяў зніклага жыцця. Гэта адзіны спосаб загнаць катастрофу ў рамкі звыклага і паспрабаваць нешта расказаць. Пра штосьці здагадацца. Не стамляюся дзівіцца таму, якое цікавае звычайнае чалавечае жыццё. Бясконцая колькасць чалавечых праўдаў… Гісторыю цікавяць толькі факты, а эмоцыі застаюцца за бортам. Іх не прынята далучаць да гісторыі. Я гляджу на свет вачыма гуманітарыя, а не гісторыка. Здзіўленая чалавекам…
Бацькі ўжо няма. І я не магу дагаварыць з ім адну нашую размову… Ён сказаў, што ім паміраць на вайне было лягчэй, чым неабстраляным хлопчыкам, якія сёння гінуць у Чачні. У саракавыя — яны з пекла траплялі ў пекла. Перад вайной бацька вучыўся ў Мінску ў Інстытуце журналістыкі. Успамінаў, што, калі яны вярталіся з ка
нікулаў, часта ўжо не сустракалі ніводнага знаёмага выкладчыка, усе былі арыштаваныя. Яны не разумелі, што адбываецца, але было страшна. Страшна, як на вайне.
У мяне з бацькам было мала шчырых размоваў. Ён шкадаваў мяне. Ці шкадавала я яго? Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне… Мы былі бязлітасныя да сваіх бацькоў. Нам здавалася, што свабода — гэта вельмі проста. Прайшло трохі часу, і мы самі сагнуліся пад яе цяжарам, бо ніхто не вучыў нас свабодзе. Вучылі толькі, як паміраць за свабоду.
Вось яна — свабода! Ці такую мы яе чакалі? Мы былі гатовыя памерці за свае ідэалы. Змагацца ў баі. А пачалося «чэхаўскае» жыццё. Без гісторыі. Абрынуліся ўсе каштоўнасці, акрамя каштоўнасці жыцця. Жыцця наогул. Новыя мары: пабудаваць дом, купіць добрую машыну, пасадзіць агрэст… Свабода выявілася рэабілітацыяй мяшчанства, занядбанага звычайна ў рускім жыцці. Свабодай Яго Вялікасці Спажывецтва. Вялікай цемры. Цемры жаданняў, інстынктаў — патаемнага чалавечага жыцця, пра якое мы мелі цьмянае ўяўленне. Усю гісторыю выжывалі, а не жылі. А цяпер ваенны досвед ужо не патрэбны, на яго трэба было забыцца. Тысячы новых эмоцыяў, станаў, рэакцый… Неяк раптам усё вакол стала іншым: шыльды, рэчы, грошы, сцяг… І сам чалавек. Ён стаў больш каляровым, асобным, маналіт узарвалі, і жыццё рассыпалася на выспачкі, атамы, ячэйкі. Як у Даля: свабода-воля… волечка-раздолечка… абшар. Вялікае зло ператварылася ў далёкую легенду, у палітычны дэтэктыў. Ніхто ўжо не казаў пра ідэю, казалі пра крэдыты, адсоткі, векселі, грошы не зараблялі, а «рабілі», «выйгравалі». Ці надоўга гэта? «Няпраўда грошай у рускай душы невытручальная», — пісала Цвятаева. Але быццам ажылі і разгульваюць па нашых вуліцах героі Астроўскага і Салтыкова-Шчадрына.
Читать дальше