А… што цяпер успамінаць? Цвікі на пажарышчы збіраць. Усё згарэла! Усё нашае жыццё… усё нашае прапала… Будавалі… будавалі… Сашка на цаліну ездзіў. Там камунізм будаваў! Светлую будучыню. Казаў, што ў намётах зімой спалі, без спальных мяшкоў. У сваёй вопратцы. Рукі там сабе адмарозіў… Але ўсё роўна ганарыўся!
«Вьется дорога длинная,
Здравствуй, земля целинная!»
Быў у яго партбілет, чырвоная кніжачка з Леніным, дарагая яму. Дэпутат і стаханавец, як і я. Прайшло жыццё, праляцела. Следу няма, ужо не знойдзеш… Учора тры гадзіны стаяла ў чарзе па малако — і мне не хапіла. Нямецкую пасылку ў дом прынеслі з падарункамі: крупы, шакалад, мыла… Пераможцам — ад пераможаных. Мне нямецкай пасылкі не трэба. Не-е-е… не ўзяла . (Перахрысцілася.) Немцы з сабакамі… на сабаках поўсць блішчыць… Ідуць па лесе, а мы — у балоце. У вадзе па горла. Бабы, дзеткі. І каровы стаяць разам з людзьмі. Маўчаць. Каровы, як людзі, маўчаць. Усё разумеюць. Не хачу я нямецкіх цукерак і нямецкага пячэння! Дзе — маё? Мая праца? Мы так верылі! Верылі, што калі-небудзь будзе добрае жыццё. Пачакай-пацярпі… так, пачакай-пацярпі… Усё жыццё па казармах, па інтэрнатах, па бараках.
Ну што ты зробіш? Так і ёсць… Усё можна перажыць, акрамя смерці. Смерць не перажывеш… Трыццаць гадоў Сашка на мэблевай фабрыцы адтарабаніў. Нагарбаціўся. Год таму праводзілі яго на пенсію. Гадзіннік падаравалі. Але без працы ён не застаўся. Людзі ішлі і ішлі з заказамі. Та-а-ак… А ўсё роўна быў невясёлы. Сумны. Галіцца перастаў. Трыццаць гадоў на адной фабрыцы, лічы, палову жыцця! Там ужо дом родны. З фабрыкі яму і труну прывезлі. Багатую труну! Уся блішчала, а знутры ў аксаміце. У такіх цяпер толькі бандытаў хаваюць і генералаў. Усе рукамі кр а талі — дзіва! Калі з барака труну выносілі, пасыпалі збожжа на парог. Так трэба, каб жывым было лягчэй заставацца. Нашыя старыя звычаі… Паставілі труну ў двары… Хтосьці са сваякоў папрасіў: «Людзі добрыя, прабачце». — «Бог даруе», — адказвалі ўсе. А што дараваць? Жылі дружна, адной сям’ёй. У цябе няма — я дам, у мяне скончылася — ты прынясеш. Любілі нашыя святы. Будавалі сацыялізм, а цяпер кажуць па радыё, што сацыялізм скончыўся. А мы… а мы засталіся…
Цягнікі грукочуць… грукочуць… Чужыя людзі, што вам трэба? Што? Аднолькавай смерці няма… Я першага сына ў Сібіры нарадзіла, дыфтэрыт хоп — і задушыў. Усё адно жыву. Учора да Сашкі на магілку збегала, пасядзела з ім. Распавяла, як Лізка плакала. Білася аб труну галавою. Каханне гадкоў не лічыць…
Памром… і ўсё добра будзе…
ПРА ШЭПТ І КРЫК… І ЗАХАПЛЕННІ
Маргарыта Паграбіцкая — доктар, 57 гадоў
— Маё свята… Сёмага лістапада… Вялікае, яркае… Найярчэйшае ўражанне майго дзяцінства — ваенны парад на Чырвонай плошчы… Я ў таты на плячах, а да рукі мне прывязалі чырвоны шарык.
У небе па-над калонамі вялізныя партрэты Леніна і Сталіна… Маркса… гірлянды і букеты з чырвоных, блакітных, жоўтых шарыкаў. Чырвоны колер. Любы, улюбёнейшы. Колер рэвалюцыі, колер пралітай у імя яе крыві… Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя! Гэта цяпер: ваенны пераварот… бальшавіцкая змова… руская катастрофа… Ленін — нямецкі агент, а рэвалюцыю зрабілі дэзерціры і п’яныя матросы. Я заціскаю вушы, не хачу чуць! Не хапае змогі… Усё жыццё я пражыла з верай: мы найшчаслівейшыя, нарадзіліся ў неўявімай і цудоўнай краіне. Іншай такой краіны няма! У нас ёсць Чырвоная плошча, там на Спаскай вежы б’юць куранты, па якіх звяраюць час ва ўсім свеце. Так казаў мне тата… і мама, і бабуля… «День седьмого ноября — красный день календаря…» Перад гэтым мы доўга не клаліся спаць, усёй сям’ёй рабілі кветкі з паперы, выразалі з кардона сэрцайкі. Размалёўвалі. Раніцай мама і бабуля заставаліся дома, гатавалі святочны абед. Госці ў гэты дзень прыходзілі абавязкова. Яны прыносілі ў сетцы торт і віно… цэлафанавых пакетаў тады яшчэ не было… Бабуля пякла свае знакамітыя піражкі з капустай і грыбамі, а мама чаравала над салатай «аліўе» і варыла абавязкова халадзец. А я — з татам!
На вуліцы шмат людзей, на паліто і пінжаках ва ўсіх чырвоныя стужачкі. Ззяюць чырвоныя сцягі, іграе ваенны духавы аркестр. Трыбуна з нашымі правадырамі… І песня:
«Столица мира, Родины столица,
Сверкаешь ты созвездием Кремля,
Тобою вся вселенная гордится,
Гранитная красавица — Москва».
Хацелася ўвесь час крычаць «Ура!». З рэпрадуктара: «Слава працоўным Маскоўскага двойчы ордэна Леніна і Чырвонага Сцяга завода імя Ліхачова! Ура, таварышы!» — «Ура! Ура!» — «Слава нашаму гераічнаму Ленінскаму камсамолу… Камуністычнай партыі… Нашым слаўным ветэранам…» — «Ур-ра! Ура!!» Прыгажосць! Захапленне! Людзі плакалі, радасць перапаўняла… Духавы аркестр іграў маршы і рэвалюцыйныя песні:
Читать дальше