(Смяецца.) Усё пішаш? Ну, пішы-пішы. Я яшчэ раскажу… У мяне гора не адзін мех… (Падняла галаву ўверх.) В-о-о… Ластаўкі прыляцелі… Цёпла будзе. Калі казаць праўду, да мяне адзін раз ужо прыходзіў карэспандэнт… Пра вайну распытваў… Я апошняе з двара вынесу, толькі б вайны не было. Страшней вайны нічога няма! Пад нямецкімі кулямётамі стаім, а нашы хаты трашчаць ад агню. Гараць і садочкі. Ой-ой! З Сашкам мы вайну кожны дзень успаміналі… У яго бацька прапаў без вестак, а брат у партызанах загінуў. Сагналі ў Брэст палонных — мора людзей! Іх гналі па дарогах, як коней, трымалі ў загародках, паміралі яны і валяліся, як смецце. Усё лета Сашка хадзіў і шукаў там з мамай свайго бацьку… Пачне мне распавядаць… і не можа спыніцца… Шукалі яны сярод мёртвых, шукалі сярод жывых. Ніхто ўжо смерці не баяўся, смерць звычайная стала рэч. Да вайны спявалі:
«От тайги и до британских морей,
Красная Армия всех сильней».
З гонарам спявалі! Увесну лёд растаў… паплыў… Уся рака за нашай вёскай была ў трупах, голыя, счарнелыя, толькі рамяні на паясах блішчаць. Рамяні з чырвонымі зорачкамі. Няма мора без вады, а вайны — без крыві. Бог дае жыццё, а ў вайну яе забірае хто хочаш… (Плача.) Хаджу-хаджу па двары. Таўкуся. І падумаю, што Сашка за спінай стаіць. І голас яго пачую. Азірнуся — нікога. А ў цэлым… у цэлым… Што ты, Сашка, утварыў? Такую пакуту выбраў! Ну, можа, адно: на зямлі гарэў, дык на небе не будзе. Адпакутаваў. Недзе ж захоўваюцца ўсе нашыя слёзы… Як там яго сустрэнуць? Калекі па зямлі поўзаюць, спаралізаваныя ляжаць, нямыя жывуць. Не нам вырашаць… не нашая воля… (Хрысціцца.)
Давеку я вайну не забуду… Немцы ўвайшлі ў вёску… Маладыя, вясёлыя. І такі быў шум! Яны заехалі на вялікіх-вялікіх машынах, і матацыклы ў іх былі на трох колах. А я да гэтага ні разу не бачыла матацыкла. Машыны ў калгасе былі паўтаратонкі, з драўлянымі бартамі, нізенькія машыны. А гэтыя! Як дом! Я ўбачыла іх коней, не конь, а гара. На школе яны напісалі фарбай: «Чырвоная армія вас кінула!» Пачаўся нямецкі парадак… У нас жыло шмат габрэяў: Абрам, Янкель, Мордух… Іх сабралі і павезлі ў мястэчка. Яны былі з падушкамі, коўдрамі, а іх адразу ўсіх пабілі. Сабралі з усяго раёна і пастралялі ў адзін дзень. Звалілі ў яму… Тысячы… тысячы людзей… Расказвалі, што трое сутак кроў ішла наверх… Зямля дыхала… жывая была зямля… На тым месцы цяпер парк. Зона адпачынку. З труны голасу няма. Ніхто не крыкне… Та-а-ак… Я думаю так… (Плача.) Не ведаю… як яно было? Самі яны прыбіліся да яе, або яна іх у лесе знайшла? Суседка наша хавала ў хляве двух габрэйскіх хлопчыкаў, прыгожых-прыгожых. Анёлачкі! Усіх расстралялі, а яны схаваліся. Уцяклі. Аднаму — восем, а другому — дзесяць гадоў. І нашая мама ім малако насіла… «Дзеці, ні-ні… — прасіла яна нас. — Нікому ні слова». А ў той сям’і быў стары-стары дзед, яшчэ тую вайну з немцамі памятаў… Першую… Ён іх корміць і плача: «Ой, дзеткі, зловяць вас і будуць мучыць. Змог бы, дык лепей бы я сам вас забіў». Такія словы… А чорт усё чуе… (Хрысціцца .) Прыехалі тры немцы на чорным матацыкле з вялікім чорным сабакам. Хтосьці стукнуў… Заўсёды ёсць такія людзі, у іх душа чорная. Жывуць яны… як без душы… і сэрца ў іх медыцынскае, а не чалавечае. Нікога ім не шкада. Хлопчыкі пабеглі ў поле… у жыта… Немцы нацкавалі на іх сабаку… Збіралі людзі іх потым па кавалачках… па анучцы… Не было чаго хаваць, і ніхто не ведаў, пад якім прозвішчам. Суседку немцы прывязалі да матацыкла, яна бегла, пакуль сэрца не разарвалася… ( Ужо й не выцірае слёзы.) У вайну чалавек чалавека баяўся. І свайго, і чужога. Скажаш днём — птушкі пачуюць, скажаш ноччу — мышы пачуюць. Мама вучыла нас малітвам. Без Бога цябе і чарвяк праглыне. На Дзявятага мая… у наша свята… Вып’ем з Сашкам па шкляначцы… паплачу… Цяжка слёзы глытаць… А ў цэлым… у цэлым… У дзесяць гадоў застаўся ён у сям’і і за бацьку, і за брата. А мне, калі скончылася вайна, споўнілася шаснаццаць гадоў. Пайшла працаваць на цэментны завод. Трэба маме памагаць. Цягалі мяхі з цэментам па пяцьдзясят кіло, грузілі на бартавую машыну пясок, друз, арматуру. А я хацела вучыцца… баранавалі і аралі на карове… карова раўла ад такой працы… А што елі? Што елі? Жалуды таўклі, шышкі ў лесе збіралі. Усё роўна марыла… Усю вайну марыла: скончу школу, стану настаўніцай. Апошні дзень вайны… Было цёпла-цёпла… мы з мамай пайшлі ў поле… Прыскакаў на кавалерыйскім кані міліцыянт: «Перамога! Немцы падпісалі капітуляцыю!» Скакаў па палях і ўсім крычаў: «Перамога! Перамога!» Людзі беглі ў вёску. Крычалі, плакалі, лаяліся. Больш за ўсё плакалі. А назаўтра сталі думаць: як далей жыць? У хатах — пуста, у адрынах — вецер. Конаўкі, зробленыя з бляшанак кансервавых… бляшанкі пасля нямецкіх салдат засталіся… Свечкі са стрэляных гільзаў. Пра соль за вайну забыліся, хадзілі, і ва ўсіх косткі гнуліся. Немцы, калі адступалі, парсюка ў нас забралі, апошніх курэй палавілі. А перад тым партызаны ноччу кароўку звялі… Кароўку мама не аддавала, дык адзін партызан стрэліў уверх. У дах. Склалі ў мех яны і швейную машынку, і маміны сукенкі. Партызаны то былі ці бандыты? Са зброяй… А ў цэлым… у цэлым… Чалавек жыць заўсёды хоча, і ў вайну таксама. У вайну шмат чаго пазнаеш… Няма звера горшага за чалавека. Гэта чалавек чалавека забівае, а не куля. Чалавек чалавека… Мі-і-лая ты мая!!
Читать дальше