Гэта ў Калужскай вобласці, у глухой вёсачцы… Едзем туды… Гляджу ў акно: усё бясконцае — і палі, і лес, і неба. На пагорках бялеюць храмы. Сіла і спакой. Нешта старадаўняе. Едзем, едзем… З магістралі збочылі на звычайную шашу… О-о-о! Рускія дарогі — эксклюзіў, не кожны танк, бывае, праедзе. Дзве-тры ямкі на кожныя тры метры, гэта яшчэ добрая дарога. А паабапал — вёскі… Крывыя, касыя хаты з паламанымі платамі, па вуліцах сноўдаюцца куры і сабакі. З раніцы ўжо чарга алкаголікаў каля зачыненай яшчэ крамы. Усё да спазму ў горле знаёмае… У цэнтры як стаяў, так і стаіць гіпсавы помнік Леніну… ( Маўчыць.) Быў час… ужо не верыцца, што ён быў, і што мы такія былі… Калі прыйшоў Гарбачоў, усе мы бегалі ашалелыя ад радасці. Жылі ў марах, у ілюзіях. Адводзілі душу на кухнях. Праглі новай Расіі… Праз дваццаць гадоў да нас дайшло: а скуль яна возьмецца? Яе не было і няма. Нехта ўсё ж заўважыў: за пяць гадоў у Расіі можа памяняцца ўсё, а за дзвесце — нічога. Абшары неабсяжныя, і пры гэтым псіхалогія рабская… На маскоўскіх кухнях Расію не пераробіш. Герб вярнулі царскі, а гімн застаўся сталінскі. Масква руская… капіталістычная… А Расія як была, так і засталася савецкай. Там дэмакратаў у вочы не бачылі, а калі б убачылі, то разарвалі б. Большасць хоча пайку і правадыра. Танная палёная гарэлка цячэ ракой… ( Смяецца.) Я адчуваю, што мы з вамі з «кухоннага» пакалення… Пачалі гаварыць пра каханне, а праз пяць хвілін ужо абмяркоўваем, як уладкаваць Расію. Ну а Расіі да нас справы няма, яна жыве сваім жыццём…
П’яненькі мужычок паказаў, дзе жыве нашая гераіня. Выйшла з хаты… Адразу мне спадабалася. Сінія-сінія вочы, постаць такая… Можна сказаць, прыгажуня. Руская прыгажуня! Такая жанчына будзе зіхацець і ў беднай сялянскай хаце, і ў шыкоўнай маскоўскай кватэры. І ўявіце сабе, яна нявеста нейкага забойцы, мы яго яшчэ не бачылі, у яго пажыццёвы тэрмін, ён хворы на сухоты. Пачула, навошта мы прыехалі, — смяецца: «Гэта мой серыял». Я хаджу і думаю, як мне сказаць, што мы будзем яе здымаць. А раптам яна баіцца камеры? А яна мне кажа: «Я такая дурніца, што кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму сваю гісторыю расказваю. Адны плачуць, іншыя праклінаюць. Калі хочаце, я і вам раскажу…» Расказвае…
пра каханне
— Я не збіралася замуж, але марыла, вядома. Мне было васямнаццаць гадоў. Ён! Ён! Якім будзе ён? Аднойчы ўбачыла сон: я іду па лузе да ракі, яна ў нас за вёскай, і наперадзе раптам з’яўляецца высокі прыгожы хлопец. Бярэ мяне за руку і кажа: «Ты — мая нявеста. Мая нявеста перад Богам». Прачнулася і думаю: трэба не забыцца на яго… на ягоны твар… Ён у мяне ў памяці застаўся, як праграма нейкая. Год прайшоў… два… я такога хлопца не сустракаю. А да мяне доўга заляцаўся Лёша, ён быў шавец. Зваў замуж. Я яму шчыра адказвала, што я яго не кахаю, а кахаю і чакаю таго хлопца, якога бачыла ў сне. Калі-небудзь я яго сустрэну, не можа быць, каб я яго не сустрэла, проста немагчыма. Лёша смяяўся… і тата з мамай смяяліся… пераканалі мяне, што трэба выйсці замуж, а каханне потым з’явіцца.
Што ўсміхаецеся? Усе з мяне смяюцца, я ведаю… Калі жывеш так, як адчувае тваё сэрца, дык ты ненармальная. Кажаш праўду — табе не вераць, а калі хлусіш — вось гэта клас! Ідзе знаёмы хлопец, якраз у агародзе я корпалася: «Ой, слухай, Пеця, я цябе тут нядаўна ў сне бачыла». — «Ой, не трэба! Толькі не гэта!» — Адскочыў ад мяне, як ад шалёнай. Я не такая як усе, цураюцца мяне… Нікому не хачу падабацца, увагі на шмоткі не звяртаю і не фарбуюся. Не ўмею фліртаваць. Умею толькі размаўляць. Пэўны час хацела пайсці ў манастыр, а потым прачытала, што манашкай можна быць і па-за манастыром. Нават дома. Гэта лад жыцця.
Выйшла замуж. Божа мой, які Алёша добры, ён такі моцны, ён браў качаргу і згінаў. Як я яго пакахала! Нарадзіла яму сына. Пасля родаў са мной нешта здарылася, можа, пасляродавы шок, мяне адштурхнула ад мужчынаў. У мяне ёсць дзіця, навошта мне яшчэ муж? Я магла з ім размаўляць, мыць яму, варыць ежу, слаць ложак, але быць з ім я не магла… як з мужчынам… Я крычала! Я калацілася ў істэрыцы! Так мы адпакутавалі два гады, і я сышла, узяла дзіця на рукі і сышла. А ісці мне не было куды. Мама і тата памерлі. Сястра недзе на Камчатцы… Быў у мяне сябар Юра, ён у мяне яшчэ ў школе быў закаханы, але ніколі мне ў сваім каханні не прызнаваўся. Я — вялікая, высокая, а ён маленькі, нашмат ніжэйшы за мяне. Ён пасвіў каровы і чытаў кніжкі. Ведаў усялякія гісторыі, хутка разгадваў крыжаванкі. Я прыйшла да яго: «Юра, мы з табой сябры. Можна, я пажыву ў цябе? Я буду ў тваім доме, толькі ты не падыходзь да мяне. Калі ласка, не чапай». І ён сказаў: «Добра».
Читать дальше