«…Я сам там быў. Вярнуўся, і жыццё ў мяне тут не атрымліваецца. Не магу загнаць сябе ў гэтыя рамкі. На працу не хочуць браць: «А-а-а… з Чачні?» Я баюся іншых людзей… мяне ванітуе ад іншых людзей… А сустрэну таго, хто ваяваў у Чачні, — ён мне брат…
…Стаіць стары чачэнец і глядзіць: нас поўная машына дэмбеляў. Глядзіць і думае: нармальныя рускія хлопцы, а толькі што былі аўтаматчыкі, кулямётчыкі… снайперы… Курткі на нас новенькія, джынсы. За што купілі? За тое, што тут зарабілі. Праца якая? Вайна… Страляеш… А там і дзеці, і прыгожыя жанчыны. Але забяры ў салдатаў зброю, пераапрані іх у цывільнае… гэта ўжо трактарысты, кіроўцы аўтобусаў, студэнты…
…Жылі за калючым дротам… Вакол вышкі і мінныя палі. Цесны замкнёны свет. Зона. Выйсці нельга — заб’юць. Смерць акупантам! Пілі ўсе, напіваліся да быдлячага стану. Дзень пры дні бачыш разбітыя дамы, як цягнуць рэчы, забіваюць людзей. І з цябе раптам такое прэ! Пашыраецца ўсё… усё, што ты можаш… Можна шмат што сабе дазволіць… Ты — п’яная скаціна і ў цябе зброя ў руках. У галаве — адзін сперматазоід…
…Праца катаў… Паміралі за мафію, якая нам яшчэ й не плаціла. Падманвала. Але я ж не тут, не на вуліцы забіваў людзей, а на вайне. Я бачыў рускую дзяўчынку, якую гэтыя шакалы згвалтавалі. Прыпякалі цыгарэтай грудзі, каб мацней стагнала…
…Прывёз грошы… Папіў з сябрамі гарэлкі, купіў патрыманы «мерседэс»…» (Ужо не выцірае слёз.) Дык вось дзе мая Алеська была… Куды трапіла… Гэтая вайна паганая… Была яна недзе далёка-далёка, а цяпер у маім доме. Два гады… грукаецца ў дзверы, хаджу па розных інстанцыях. Пішу ў пракуратуру… раённую, абласную… Генеральнаму пракурору… (Паказвае на стос лістоў.) Атрымліваю адпіскі… Гара адпісак! «Па факце гібелі вашай дачкі паведамляем…» І ўсе хлусяць: загінула трынаццатага лістапада, а насамрэч адзінаццатага, група крыві першая, а ў яе трэцяя, то яна была ў ваенным абмундзіраванні, то ў цывільнай сукенцы. Дзірачка з левага боку ля скроні, а яны пішуць — з правага… Напісала запыт нашаму дэпутату ў Дзярждуму — я яго выбірала, я за яго галасавала. Я верыла нашай уладзе! Дамаглася прыёму да яго. Стаю на першым паверсе ў Дзярждуме… І вочы ў мяне робяцца па яблыку! Бачу ювелірны салон: залатыя пярсцёнкі з дыяментамі, залатыя і срэбныя велікодныя яйкі… і падвескі… За ўсё жыццё я столькі не зарабіла, колькі там каштуе самы меншы пярсцёнак з дыяментам. Адзін пярсцёнак… Нашыя дэпутаты… народныя… адкуль у іх такія грошы? Пачак грамат за сумленную працу ў мяне… і ў мамы… А ў іх акцыі Газпрама… У нас — паперкі, а ў іх — грошы. ( Злосна маўчыць.) Дарэмна я туды хадзіла… дарэмна там плакала… Сталіна вярніце… Народ чакае Сталіна! Забралі ў мяне дачку і прывезлі труну. Мокрую труну… І ніхто не хоча пагаварыць з маці… ( Плача.) Я цяпер сама ў міліцыі магу працаваць… Агляд здарэння, пратакол злачынства. Калі гэта самагубства, то на пісталеце застаецца кроў… на руках порах… Я ўсё цяпер ведаю… Навіны па тэлевізары не люблю. Хлусня! А дэтэктывы… забойства… ну, такое ўсё… не прапускаю. Раніцай, бывае, падняцца не магу, ногі, рукі адымаюцца — ляжала б… Успомню Алеську… Падымаюся і іду…
Па кавалачках сабрала… па слоўцу… Хтосьці з п’яных вачэй прагаварыўся, іх жа там было семдзесят чалавек, хтосьці знаёмым ляпнуў. Горад наш невялікі… не Масква… Сёння я ўжо ўяўляю карціну… што там адбывалася… Была ў іх грандыёзная п’янка ў гонар Дня міліцыі. Набухаліся да непрытомнасці і ўчынілі бардак. Калі б Алеська паехала са сваімі хлопцамі… са свайго аддзела, а то ўсе чужыя… Зводны атрад. Трапіла яна да даішнікаў. Даішнікі — цары, грошай у іх поўныя кішэні. Стаяць на дарогах з аўтаматамі і здымаюць даніну. Усе ім плоцяць. Залатое месца! Хлопчыкі любяць павесяліцца… Забіць, напіцца і трахнуць — тры радасці на вайне. У зюзю яны напіліся, набраліся да калючага дроту ў вачах… азвярэлі… І быццам там усіх дзяўчат гвалцілі. Сваіх дзяўчат. А Алеська ці то не далася, ці то яна іх пасля прыстрашыла: «Я вас усіх пасаджу». І ёй не далі сысці.
Кажуць і іншае… Стаялі яны на пасту, прапускалі машыны. Там усе круцяцца, ціснуцца, бегаюць, як ненармальныя, каб зарабіць. Якімі заўгодна сродкамі. Хтосьці правозіў кантрабанду, што і адкуль — не скажу, хлусіць не буду. Наркотыкі ці… Але ўсё ў іх было дамоўлена. Аплочана. Гэта была машына «Ніва»… усе нейкую «Ніву» ўспамінаюць… А Алеська заўпарцілася… чамусьці яна гэтую машыну не прапускала… І ў яе стрэлілі. Перакрыла яна вялікія грошы, камусьці перашкодзіла. Нібыта да гэтай справы датычны высокі чын…
Читать дальше