...Скончыўся кароткі, між дзвюма гадзінамі адной пары, перапынак, і мы ўсе, паўсотні першакурснікаў беларускага аддзялення, рушылі з вестыбюля і калідораў у аўдыторыю — слухаць далей лекцыю дацэнта Майсея Грынблата па беларускай фалькларыстыцы. Саджуся за парту, на сваё месца, дастаю «самапіску», кідаю вокам на сшытак, які, натуральна, ляжаў разгорнуты, бо будзе ж працяг канспектавання, і — што такое? Што гэта такое? Хто гэта, які нягоднік, так нахуліганіў? Ніжэй запісанага мною тэксту, заняўшы ўсю палавіну старонкі, красаваўся здаравенны, размашыста разагнаны тоўстым пяром у бакі «зэт», з нахабнасытай «перакладзінай» пасярздзіне. Ну дакладна такі, які ставяць у канцы дакумента — якога-небудзь акта ці вопісу, толькі павялічаны мінімум у дзесяць разоў. Мне гэта, канешне ж, не спадабалася. Па-першае, сапсавана палавіна старонкі, а па-другое, што гэта за непавага да гаспадара сшытка?
— Слухай, — павярнуўся я да суседа па парце Івана Котава,—ты не бачыў, хто гэта мне квэцнуў такога вярзілістага «зэта» ?
— Не бачыў, — адказаў, здзіўлены нейчым свавольствам, Іван. — Я ж разам з табой выходзіў, і разам заходзілі...
Камусьці няма чаго рабіць. I моцна свярбяць рукі. Ну што ж, ладна. Следства весці не стану. I перагарнуў сапсаваную старонку.
Аднак праз колькі дзён дробнае хуліганства паўтарылася — цяпер ужо ў канспекце лекцый па курсе дацэнта Барыса Касоўскага «Уводзіны ў агульнае мовазнаўства». Гэтым разам невядомы зламыснік сапсаваў у сшытку амаль цэлую старонку. Знізу ўверх, наўскасяк, гэтак жа размашыста і гэткім жа таўстадзюбым пяром былі пастаўлены ажно тры вялізныя, завітушна-фігурыстыя «зэты». Зноў паказаў след «злачынства» Івану Котаву. Той выказаў абурэнне, а ўслед і здагадку:
— Знаеш, гэта не хлопцы, гэта нехта з дзяўчат да цябе чапляецца. Гэта ў іх манеры — такія свавольствы.
Бясспрэчна, пагадзіўся я ў думках з Котавым, гэта нехта з аднакурсніц. Але хто? Каторая? Цяпер ужо справа гонару — абазнаць хуліганку. Напэўна ж, на двух разах яна не спыніцца, гульня яе захапіла — і трэба чакаць працягу. Ну што ж, паспрабуем падпільнаваць, высачыць.
Аднойчы на перапынку выйшаў у вестыбюль самы апошні. Выйшаў і праз секунд колькі азірнуўся. І ўгледзеў, як у аўдыторыю шмыганула студэнтка Кавалёва. Праз долю хвіліны падыбаў туды I я — і заспеў «хуліганку» на месцы злачынства. Ужо ставіла мне ў сшытку новыя «зэты»—гэтым разам у канспекце па курсе прафесара Івана Гутарава «Уводзіны ў літаратуразнаўства».
— А-га! — закрычаў я ад радасці, што ўсё-такі высачыў. — Дык во хто псуе мне сшыткі!..
Яна не на жарт спалохалася, а яшчэ больш здзівілася.
— Ой! Ой, папалася! Як жа гэта я папалася?! Даруйце, я больш не буду. Не буду! Толькі не біце! Хрыстом Богам прашу: толькі не біце! — Гэта ўжо вымаўлялася з гарэзлівай усмешкай. — Даруйце, ну даруйце! Можа, я калі-небудзь апраўдаюся перад вамі...
Усё гэта гучала настолькі міла і артыстычна, што і я міжволі рассмяяўся. Злавацца нельга было — ну ніяк.
Праз усё жыццё пасля, успамінаючы той забаўны эпізод, думаў: чаму яны вымавіліся тады — тыя дзіўныя прарочыя словы: «Можа, я калі-небудзь апраўдаюся перад вамі...»?
Дык вось: дзякуючы рэктару Чымбургу Ніна Кавалёва апынулася разам са мной на адным аддзяленні. Нават, паводле альфабэту, і ў адной акадэмічнай групе. У групе дваццаць пяць чалавек, гэта значыць, на практычных занятках можна досыць уважліва прыгледзецца і прыслухацца да кожнага і хоць збольшага вызначыць, хто ёсць хто, якога палёту птушка і ці птушка наогул — усё зусім не пэўна, вядома, але тым не менш. Заўважыў, што на практычных досыць талкова, засяроджана, удумліва выступае Кавалёва. Голас — мяккі, спакойны, роўны, але — не манатонны, зусім не манатонны, у ім чулася ўпэўненасць, воля, унутраная сіла. У адказах — дакладнасць слова, яснасць, выразнасць, лагічнасць думкі, без мітуслівасці, блытанасці, пераскокаў. Усё гэта было мной заўважана, але не больш, жадання пагаварыць, пазнаёміцца бліжэй не ўзнікла, «заўважанае» не ўсведамлялася мною як пачатак сімпатызавання, натуральнага хлапечага зацікаўлення. Можа, яшчэ і таму, што «не кідалася ў вочы» вонкава, трымалася вельмі сціпла, анічога — каб на паказ?
I вось — гэтае нечаканае «дробнае хуліганства». Пасля яго — ужо хочаш не хочаш, а на тым самым ранейшым «абыякавым» узроўні нашы ўзаемадачыненні заставацца не маглі. Выкрытае мною «злачынства» як бы стала нашай маленькай агульнай таямніцай і зачэпкай для таварыскага збліжэння. Спаткаўшыся ранкам у аўдыторыі ці на калідоры, мы ўжо міжволі адно адному ўсміхаліся. Пачалі адкрывацца і новыя, сімпатычныя мне рысы «хуліганкі»: моцнае пачуццё гумару, артыстычная дасціпнасць, прыродная весялосць натуры. Аднойчы я на цэлую гадзіну спазніўся на лекцыю. Падымаюся па лесвіцы на трэці паверх, трохі задыхаўшыся, бо бег (ужо празвінеў званок на другую гадзіну). I раптам чую, ужо на апошнім пралёце, нейкі прытворна старэчы голас — а іранічны-іранічны, з'едлівы да несцярпення:
Читать дальше