Сярод незлічоных хваробаў, выкліканых гэтай — самай першай і пагібельнай, што так жахліва паўплывала на духоўны і фізічны стан мае стрыечнае сястры, — варта згадаць найбольш пакутлівую і невылечную, пэўнага кшталту эпілепсію, што нярэдка заканчвалася трансам. Транс гэты было амаль немагчыма адрозніць ад смерці; у большасці выпадкаў яна ачуньвала надзвычай нечакана. У гэты ж час мая ўласная хвароба — а мне забаранілі вызначаць мой стан якім-небудзь іншым словам — мая ўласная хвароба хутка завалодвала мной і ўрэшце вылілася ў манаманію незвычайнай, невядомай раней формы, што з кожнай гадзінай, з кожнай хвілінай рабілася ўсё мацнейшай, пакуль не забрала нада мной невытлумачальную ўладу.
Гэтая манаманія (калі можна так яе назваць) выяўлялася ў паталагічным расстройстве тых здольнасцяў розуму, якія ў метафізіцы называюцца ўвагай. Цалкам магчыма, што тлумачу я незразумела, аднак, баюся, няма такіх словаў, якія дапамаглі б мне данесці да звычайнага чытача правільнае ўяўленне пра нервовы стан напружанай цікаўнасці, з якім уся мая, кажучы простымі словамі, воля да развагаў канцэнтравалася і засяроджвалася на сузіранні самага звычайнага аб'екта рэчаіснасці.
Задумацца на доўгія гадзіны, пільна разглядаючы нейкую нікчэмную дробязь або форму аркуша кнігі, амаль на цэлы летні дзень паглыбіцца ў сузіранне дзіўнага ценю, што коса падае на габелен ці на дзверы, сысці ў сябе, пазіраючы на тленне вуголля ў каміне ці на роўнае святло лямпы або свечкі, і так праседзець усю ноч, цэлымі днямі летуценіць, удыхаючы водар кветкі, манатонна паўтараць звычайнае слова, пакуль праз шматразовае паўтарэнне розум не перастане пазнаваць яго сэнс, надоўга замерці і не варушыцца, пакуль цела не забудзецца на сваё фізічнае існаванне і здольнасць рухацца, — такімі былі самыя звычайныя і найменш згубныя дзівацтвы, выкліканыя станам маёй душы, які быў, мабыць, не такім ужо і незвычайным, але не пакідаў ніякіх магчымасцяў для аналізу або вытлумачэння.
Аднак зразумейце мяне правільна: гэтую надзвычайную, сур'ёзную і хваравітую ўвагу да нейкіх нікчэмных прадметаў не варта блытаць са схільнасцю заглыбляцца ў думкі, характэрную для ўсіх людзей і асабліва прыемную для асобаў з палкім уяўленнем. Яна не ёсць нават гэтай схільнасцю, даведзенай да паталогіі (як можа падацца на першы погляд), гэта — нешта ў аснове сваёй і ў найвышэйшай ступені іншае і непадобнае. Бывае, што летуценнік ці чалавек апантаны, захапіўшыся прадметам зусім не нікчэмным, незаўважна для сябе губляе яго з поля зроку, заглыбляючыся ў гушчар сілагізмаў і дапушчэнняў, на якія гэты прадмет яго навёў, пакуль пасля доўгіх развагаў, якім ён з асалодай аддаваўся, не заўважае, што першапрычына іх, або incitamentum [ 28 28 Стымул, матыў (лац.).
], цалкам забылася. У маім выпадку першапрычына заўсёды была нікчэмнай, аднак маё хваравітае бачанне пераламляла яе па-новаму і надавала ёй уяўную значнасць. Думак (калі яны ўзнікалі) было няшмат, аднак нават яны настойліва вярталі мяне да прадмета, які іх выклікаў, як да нейкага цэнтру. Развагі ніколі не былі прыемнымі, і калі здранцвенне заканчвалася, цікавасць да яго прычыны, якая зусім не гублялася з поля зроку, дасягала надзвычайных памераў, — гэта і было вызначальнай рысай маёй хваробы. Адным словам, сілу свайго розуму, як казалася вышэй, я марнаваў на засяроджанасць, летуценнік жа — на тэарэтызаванне.
Кнігі, якія я чытаў у тыя часы, калі і не былі прычынай майго расстройства, то праз сваю фантастычнасць і нелагічнасць адыгралі ў яго развіцці значную ролю. Сярод іх я адразу згадваю трактат высакароднага італьянца Цэлія Секунда Курыёна* «De Ampliludine Beati Regni Dei» [ 29 29 «Пра веліч шчаснага Царства Божага» (лац.).
], вялікі твор святога Аўгустына* «Пра горад Божы» і «De Carne Christi» [ 30 30 «Пра цела Хрыстова» (лац.).
]
Тэртуліяна*, у якім парадаксальная сентэнцыя «Mortuus est Dei filius; credible est quia ineptum est: et sepultus resurrexit; certum est quia impossibile est» [ 31 31 «Памёр Сын Божы — заслугоўвае даверу, бо недарэчна, памерлы ўваскрос — не падлягае сумневу, бо немагчыма» (лац.).
] надоўга захапіла мяне і каштавала некалькіх тыдняў напружанай разумовай працы, якая не мела ніякага плёну.
З гэтага бачна, што мой розум, узрушыць які магло толькі нешта трывіяльнае, зрабіўся падобным да тае акіянскае стромы, апісанай Пталямеем Гефестыёнам*, што нязменна вытрымлівала і прыступы чалавечага шаленства, і найжахлівейшае лютаванне хваляў і ветру — і толькі дотык кветкі асфадэля мог прымусіць яе ўздрыгнуць.
Читать дальше