Калі да мяне вярнулася здольнасць асэнсоўваць рэчаіснасць, я напружыў лёгкія і закрычаў да аэранаўта, каб звярнуць на сябе ўвагу. Але доўгі час мае высілкі не мелі плёну. Ці то ён, дурань, не мог, ці то, мярзотнік, не хацеў заўважаць мяне. Шар падымаўся ўсё вышэй, а сілы мае заканчваліся ўсё хутчэй. Я ўжо хацеў падпарадкавацца лёсу і пакорліва зваліцца ў мора, калі мой дух акрыяў ад гуку замагільнага голасу зверху, які ціхамірна напяваў, здаецца, нейкую арыю з оперы. Зірнуўшы ўверх, я ўбачыў Анёла Надзвычайнасцяў. Ён перагнуўся цераз край гандолы, склаўшы рукі на грудзях і няспешна зацягваючыся піпкай, цалкам задаволены сабой і сусветам. Я быў настолькі зняможаны, што нават не мог гаварыць, і толькі жаласна глядзеў на яго. Некалькі хвілінаў ён разглядаў мяне, нічога не кажучы. Нарэшце асцярожна перасунуў піпку справа налева і паблажліва сказаў:
— Хто фы такі і якога шорта там робіце?
На гэтае жорсткае і нахабнае пазёрства я змог выціснуць толькі: «Ратуйце!»
— Ратафаць? — адазваўся нягоднік. — Не-а. Фось фам бутэлька, частуйцеся і ідзіце к шорту!
З гэтымі словамі ён кінуў цяжкую бутэльку кіршэнвасэру, якая трапіла мне ў галаву і, здаецца, выбіла адтуль усе мазгі. Засмучаны гэтай стратай, я ўжо быў гатовы выпусціць вяроўку і прыгожа памерці, але мяне спыніў крык Анёла:
— Трымайсеся! — прамовіў ён. — Не спяшайсеся. Хошасе яшчэ бутэльку, ці фы ўшо цфяросы і прыйшлі ў сябе?
Я хуценька двойчы пахітаў галавой: першы раз адмоўна, паказваючы, што яшчэ адной бутэлькі мне не трэба, другі — станоўча, дэманструючы, што я ўжо цвярозы і цалкам прыйшоў у сябе. Анёл памякчэў.
— Ну, фы нарэшце паферылі? — спытаў ён. — Паферылі ў машліфасць надсфычайнага?
Я яшчэ раз кіўнуў.
— I фы ферыце ў мяне, Анёла Натсфычайнасцяў?
Я кіўнуў.
— I фы расумееце, што фы п'яніса і турань?
Я кіўнуў.
— Тады пакладзіце правую руку ў левую кішэню штаноў на знак поўнага патпараткафання Анёлу Натсфычайнасцяў.
З пэўных прычынаў мне падалося гэта немажлівым. Па-першае, левую руку я зламаў, зваліўшыся з лесвіцы, і таму, калі б я выпусціў вяроўку з правай рукі, левая не змагла б мне дапамагчы. Па-другое, мае штаны скрала варона. Таму я пачаў адмоўна хітаць галавой, каб паказаць, што выканаць цалкам разумнае патрабаванне Анёла я цяпер не магу. Але я не паспеў зрабіць нават гэтага.
— Ідзі к шорту тады! — пракрычаўАнёл Надзвычайнасцяў.
З гэтымі словамі ён дастаў востры нож і перарэзаў вяроўку, за якую я трымаўся. Так выйшла, што мы праляталі акурат над маім домам (які падчас маіх падарожжаў быў цудоўненька адбудаваны). Я ўпаў галавой уніз у комін і ляснуўся ў камін у сталовай.
Ачуняўшы пасля такога аглушальнага падзення, я зразумеў, што цяпер недзе чатыры гадзіны раніцы. Я ляжаў у тым самым месцы, куды зваліўся з шару. Мая галава была сярод попелу, а ногі — на аскепках століка сярод рэшткаў дэсерту, змяшаных з газетамі, разбітым шклом, перакуленымі бутэлькамі і пустым гарлачыкам з-пад кіршэнвасэру. Так мне адпомсціў Анёл Надзвычайнасцяў.
Пераклала Кацярына Дубоўская
Сістэма доктара Смола і прафесара Пер'е
Увосень 18** года, падчас падарожжа па самым поўдні Францыі, я апынуўся за некалькі міляў ад аднае maison de santé [ 83 83 Псіхіятрычная лякарня (фр.).
], альбо прыватнай вар'ятні, пра якую шмат чуў у Парыжы ад маіх калегаў-медыкаў. Я ніколі не быў у такім месцы, таму палічыў, што магчымасць надарылася занадта добрая, каб яе не скарыстаць, і прапанаваў свайму спадарожніку — джэнтльмену, з якім выпадкова пазнаёміўся некалькі дзён таму, — крыху збочыць (што заняло б у нас гадзіну ці каля таго) і агледзець гэтую ўстанову. Ён, што праўда, адмовіўся, спаслаўшыся, па-першае, на спешку, а па-другое, на звычайны страх перад вар'ятамі, аднак папрасіў мяне не зважаць на яго з ветлівасці, якая магла б перашкодзіць задавальненню мае цікаўнасці, і сказаў, што ён паедзе далей павольней, каб я здолеў дагнаць яго цягам гэтага ці хаця б наступнага дня. Калі ён пачаў са мною развітвацца, я раптам падумаў, што мяне могуць туды не пусціць, і падзяліўся з ім сваімі сумневамі. Ён пагадзіўся, сказаўшы, што без асабістага знаёмства з дырэктарам гэтае ўстановы мсьё Маярам альбо рэкамендацыйных лістоў я сапраўды магу сутыкнуцца з цяжкасцямі, бо правілы ў гэтых прыватных вар'ятнях нашмат больш строгія, чым у звычайных лякарнях. Ён дадаў таксама, што некалькі гадоў таму яму давялося пазнаёміцца з Маярам, і ўсё, што ён можа для мяне зрабіць, — гэта праводзіць да дзвярэй і прадставіць мяне, таму што пачуцці, якія выклікае ў яго вар'яцтва, не дазволяць яму зайсці ў дом.
Читать дальше