Неймаверна задаволены сном, я зноў зірнуў на гадзіннік — і амаль паверыў у магчымасць надзвычайных здарэнняў, пабачыўшы, што замест звычайных пятнаццаці-дваццаці хвілінаў я праспаў усяго тры: гадзіннік паказваў без дваццаці сямі шэсць. Я зноў заснуў, потым прачнуўся і вельмі здзівіўся, зразумеўшы, што ў мяне па-ранейшаму засталося дваццаць сем хвілінаў. Я ўскочыў праверыць гадзіннік і выявіў, што ён не працуе. Мой кішэнны гадзіннік паказваў палову восьмай; праспаўшы дзве гадзіны, я, безумоўна, спазніўся на сустрэчу.
«Ну і што, — падумаў я, — зайду туды зранку і выбачуся. Але што здарылася з гадзіннікам?» Пасля праверкі выявілася, што адна з костачак вінаграду, якія я раскідваў па пакоі падчас маналога Анёла Надзвычайнасцяў, пераляцела цераз разбітае шкло і выпадкова засела ў шчыліне для заводу, спыніўшы рух хвіліннай стрэлкі.
— О, — прамовіў я, — цяпер я разумею. Усё відавочна. Такое бывае.
Я больш не думаў пра гэты выпадак і пайшоў спаць у звычайны час. Паставіўшы свечку на пюпітр у галавах ложка, я паспрабаваў засяродзіцца на «Усюдыіснасці Бога»*, аднак, на вялікі жаль, менш чым за дваццаць секундаў заснуў, пакінуўшы святло гарэць.
Маім снам жахліва перашкаджаў Анёл Надзвычайнасцяў. Мне здавалася, што ён стаіць ля ложка, рассоўвае занавескі і найагіднейшым замагільным голасам бочкі для рому пагражае мне самай страшнай помстай за маё кепскае да яго стаўленне. Пасля доўгага рассусольвання ён зняў лейку, засунуў яе мне ў горла і так паіў мяне цэлым акіянам Kirschenwasser, які ліўся бясконцым струмянём з бутэлькі з доўгім рыльцам, што замяняла яму руку. Урэшце мая агонія стала невыноснай, і я прачнуўся акурат у час, каб заўважыць, што пацук сцягнуў запаленую свечку, але запозна, каб перашкодзіць яму збегчы са сваёй здабычай у дзірку. Вельмі хутка мой нос адчуў задушлівы пах, і я зразумеў, што дом гарыць. Праз некалькі хвілінаў полымя ўжо распаўсюджвалася са страшэннай сілай, і хутка ўвесь будынак быў ахоплены агнём. Усе выхады з майго пакоя, акрамя акна, былі адрэзаныя. Аднак неўзабаве сабраўся натоўп, і мне прынеслі доўгую лесвіцу. Спускаючыся па ёй, я ўжо быў паверыў у сваё выратаванне, калі вялізная свіння, чыё круглае пуза, і пыса, і ўвесь выгляд чымсьці нагадалі мне Анёла Надзвычайнасцяў, — свіння, якая да гэтага спакойна спала ў брудзе, раптам вырашыла, што трэба пачухаць левы бок, і не знайшла для гэтага нічога лепшага за маю лесвіцу. Праз імгненне я грымнуўся і, на сваё няшчасце, зламаў руку.
Гэты выпадак, разам са стратай страхоўкі і стратай больш сур'ёзнай — валасоў, якія гарам згарэлі ў полымі, настроіў мяне на сур'ёзны лад, і я вырашыў ажаніцца. Побач жыла адна багатая ўдава, якая пахавала сёмага мужа, і яе параненаму сэрцу я прапанаваў бальзам шлюбнай клятвы. Яна сарамліва паддалася маім благанням. Удзячны і захоплены, я ўкленчыў ля яе ног з пачуццём падзякі і захаплення. Яна пачырванела, і яе шыкоўныя валасы спляліся з маімі, часова пазычанымі ў Гранжана. Я так і не зразумеў, як здарыўся гэты канфуз. Я падняўся без парыка, свецячы лысінай, а ахопленую гневам і пагардай удаву напалову схавалі чужыя валасы. Так непрадказальны выпадак, які, аднак, быў вынікам цалкам звычайнага збегу абставінаў, загубіў мае надзеі на ўдаву.
Але я не паддаўся адчаю і пачаў аблогу менш непахіснага сэрца. Мне зноў некаторы час шанцавала, але потым чарговым разам умяшаўся звычайны выпадак. Сустрэўшы сваю каханую сярод гарадской élite [ 81 81 Эліта (фр.).
], я паспяшаўся павітацца з ёю сваім найлепшым паклонам, калі нейкае чужароднае цела трапіла мне ў вока, на момант цалкам асляпіўшы мяне. Калі да мяне вярнуўся зрок, я ўбачыў, што дама майго сэрца знікла, неймаверна абражаная наўмыснай, як ёй падалося, грубасцю з майго боку, якая выявілася ў тым, што я прайшоў міма не павітаўшыся. Пакуль я стаяў, здзіўлены неспадзяванкай (якая, аднак, магла здарыцца з любым чалавекам), нічога не бачачы, са мной павітаўся Анёл Надзвычайнасцяў, які прапанаваў мне дапамогу з ветлівасцю, на якую я не разлічваў. Ён умела і акуратна агледзеў маё вока і сказаў, што там нейкая драбяза і (чым бы яна ні была) дастаў яе, і мне стала лепей.
Я вырашыў, што час мне памерці, бо лёс апантана пераследаваў мяне, і пайшоў да найбліжэйшай рэчкі. Там, раздзеўшыся (а чаму мы не можам памерці ў чым маці нарадзіла?), я кінуўся ў ваду. Адзінай сведкай майго ўчынку была самотная варона, якая акурат дзяўбла прапітанае брэндзі зерне, адстаўшы ад сваіх сябровак. Як толькі я апынуўся ў вадзе, птушцы раптам заманулася зляцець, прыхапіўшы самую неабходную дэталь майго гардэробу. Адклаўшы на некаторы час самагубства, я засунуў ногі ў рукавы паліто і пабег даганяць злачынку са спрытам, якога вымагала сітуацыя і наколькі дазвалялі абставіны. Але кон не пакідаў мяне. У той час, калі я бег як ветрам гнаны, утаропіўшыся ў неба і спрабуючы ўгледзець выкрадальніцу сваёй маёмасці, я раптам адчуў, што ногі больш не кранаюцца terra firma [ 82 82 Цвёрдая зямля (лац.).
]. Аказваецца, я паляцеў з абрыву і непазбежна разбіўся б, калі б, на шчасце, не схапіўся за канец вяроўкі, што звісала з паветранага шару, які пралятаў побач.
Читать дальше