На маё разуменне, прычына прычын тых сумных падзей, што адбыліся ў нашай краіне раней, у іншых рэспубліках, і што адбыліся ў Літве, — недаацэнка нацыянальнага пытання напрыканцы дваццатага стагоддзя. Глухата і слепата да нацыянальных праблем проста невытлумачальныя, нармальнаму разуменню не паддаюцца.
Дарэчы, гэтая глухата характарызуе не толькі пазіцыю афіцыйных вышэйшых улад краіны, але і пазіцыю многіх палітычных і грамадскіх сіл у рэспубліках. Я думаю, што такая ж, я сказаў бы, шкодная пазіцыя і ў многіх нашых радыкалаў у Беларусі, радыкалаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, за справядлівасць, і пры гэтым — поўнае ігнараванне клопатаў пра беларускую школу, пра беларускую культуру, мову, пра ажыццяўленне Закона аб мовах. І пры гэтым — асабістая непавага да беларускай мовы.
Я многа ў гэтыя дні думаў, як і ўсе вы, і прыходжу да высновы, што тым, хто задумаў і абвяшчаў перабудову ў нашай краіне, трэба было пачынаць, па-першае, з нацыянальнага пытання як аднаго з найбольш складаных і цяжкіх для вырашэння. Затым — з выратавання аўтарытэту Камуністычнай партыі і з навядзення сацыяльнага парадку, сацыяльнай справядлівасці ў краіне. Я ўпэўнены, што тады не дайшло б у рэспубліках да самой ідэі сепаратызму, дзяржаўнай адасобленасці. Проста ў гэтым не было б патрэбы, калі б праблемы вырашаліся і былі дэмакратычна вырашаны раней. Народ любой рэспублікі бачыў бы, што мы ў Саюзе рэспублік, але — поўныя гаспадары на сваёй адвечнай зямлі, і жывём так, як лічым лепш, як лічым разумным.
Паважаныя дэпутаты, карысць ад абмеркавання сітуацыі ў Літве, і не толькі ў Літве, а ў цэлым у Прыбалтыцы і ў другіх рэспубліках, будзе тады, калі мы будзем рабіць высновы з гэтых падзей і з таго, што мы пра іх ведаем, калі мы будзем выводзіць нейкія ўрокі. А ўрокі вельмі цяжкія і вельмі горкія, пакутныя. І мабыць, галоўны ўрок — што ніякія ўрокі гісторыі нам не ідуць на карысць.
Сумленныя, добрыя грамадзяне краіны спадзяваліся, што пасля сумных падзей у Тбілісі падобнае больш ніколі нідзе ў нашай краіне не паўторыцца. І аднак жа гэта паўтарылася. Зноў пралілася кроў — і зноў па віне тых жа самых антыдэмакратычных сіл.
Таму, што пралілася кроў і ў многіх людзей адабрана жыццё, як вы разумееце, апраўдання не будзе. І даравання таксама.
Чаго дабіліся або чаго могуць дабіцца ў такіх сітуацыях пераможцы, дакладней — нібыта пераможцы? Яшчэ большай нянавісці і непрыязні з боку пакрыўджаных. Яшчэ большага абвастрэння напружанасці палітычнай сітуацыі, у чым наша дэлегацыя і пераканалася ў Літве. Як, напрыклад, пачнуць глядзець адзін на аднаго літоўцы і нелітоўцы з гэтага часу? Недавер яшчэ больш вырасце, і выправіць становішча стане яшчэ цяжэй. Хіба гэта ўваходзіла ў задачу Прэзідэнта і Вярхоўнага Савета СССР ці ЦК КПСС — павялічыць у грамадстве напружанне, яшчэ больш абвастрыць сітуацыю? Хіба гэта ўваходзіла ў абавязкі так званага камітэта нацыянальнага выратавання? Хіба тыя, што пайшлі на гэты крок, не разумелі, які можа быць вынік? Яны павінны былі гэта зразумець. Павінны былі зразумець, што гэта можа стаць пэўным паваротным момантам для ўсёй палітыкі ў нашай краіне. А ў пэўнай меры, калі хочаце, і для сусветнай палітыкі. Мы ўжо ведаем водгукі свету на гэтыя падзеі. Калі ж людзі гэтага не разумеюць, дык якія ж тады яны палітыкі і дзяржаўныя дзеячы, што прымаюць рашэнні, не заглядваючы нават на адзін, два дні наперад?
Якія яшчэ, на маю думку, урокі напрошваюцца з сітуацыі, што сталася? Я хацеў бы гаварыць пра памылкі Вярхоўнага Савета Літоўскай рэспублікі, якія заключаюцца, я сказаў бы, у недаацэнцы рэальнага стану рэчаў. Мне думаецца, над гэтым павінны думаць ва ўсіх рэспубліках, і мы з вамі ў прыватнасці. Працэс суверэнізацыі, набыцця дзяржаўнай самастойнасці — гэта працэс доўгі, разлічаны на многія гады. Адразу, з ходу, нейкім адным дзеяннем такіх пытанняў не вырашыш. У мяне ўражанне, што ў Літве і ў некаторых іншых рэспубліках, не лічачыся, паўтараю, з рэальным станам рэчаў, рашылі вырашыць гэтыя пытанні як найхутчэй. Мне думаецца, што больш дзяржаўнага розуму было і ёсць у тых дзяржаўных дзеячаў Літвы, якія якраз хацелі б спакайней і паступова вырашаць гэтае пытанне. Заканадаўча і практычна, паўтараю, паступова, без націску, без гвалту забяспечыць эканамічную, палітычную і культурна-духоўную самастойнасць у рэспубліцы. Падзеі, як бачыце, развіваюцца так, што такія людзі (я маю на ўвазе перш за ўсё Бразаўскаса, Прунскене) наогул адхілены сёння ад высокіх пасад у краіне.
Читать дальше