Дык што ж нас так сапсавала?
У гэтым сэнсе, я думаю, вялікую шкоду прыносяць так званыя рэвалюцыі ўвогуле на зямлі і на нашай таксама. Культура збіраецца па кропельцы, як мёд у сотах. Культура — гэта традыцыя і яе пастаяннае развіццё, а не ломка. А мы ў 1917 годзе адным махам рашылі перакроіць усё жыццё, увесь наш быт, светапогляд, усе нашы звычаі, абрады, завядзёнкі.
Мы столькі пісалі на працягу дзесяцігоддзяў пра росквіт культуры, а перамагло бескультур'е. Парадокс. Наша вялікая трагедыя.
І сёння мы таксама ў пэўным сэнсе перажываем рэвалюцыю. Можа, таму так цяжка нашай культуры?
Так, нешта падобнае мы зараз перажываем. Я, напісаўшы ў свой час нямала вершаў у гонар рэвалюцыі і рэвалюцыйных пачынанняў, пераконваюся, што ёсць вартасці больш значныя ў лёсе кожнага чалавека. Гэта праца, дабрыня, праўдзівасць, прыстойнасць, сумленнасць. А рэвалюцыя не дала таго, чаго ад яе чакалі.
І ўсё ж, калі можна, давайце скончым на больш аптымістычнай ноце. Можа, ёсць нейкая надзея на выратаванне?
Не скажу, што я ў жыцці вельмі вялікі аптыміст, але ўпадаць у роспач не збіраюся. Думаю, што ў нашага народа хопіць розуму і сумлення, каб выйсці з гэтага становішча з чалавечай годнасцю. Каб не дайшло ў нас да таго, што мы бачым у многіх рэгіёнах краіны. Папросту кажучы, каб не дайшло да крыві. Бо гэта ўжо самае яркае сведчанне, што людзей пакінуў розум — і розум, і сумленне. Я веру, што мы застанёмся ў гэтым сэнсе сапраўднымі людзьмі і чалавечнасць нас не пакіне.
НАРОДЫ ПРАЧНУЛІСЯ І БУДУЦЬ СЦВЯРДЖАЦЬ СВАЁ ПРАВА НА НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ
Даклад на сесіі Вярхоўнага Савета БССР 17 студзеня 1991 г.
Шаноўны Прэзідыум, паважаныя дэпутаты!
Перш за ўсё я мушу выказаць пэўнае здзіўленне прапановай Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Іванавіча Дземянцея нічога не абмяркоўваць тут па літоўскай сітуацыі. Маўляў, дэлегацыя ад Прэзідэнта СССР з'ездзіла ў Літву, ва ўсім разабралася і больш гаварыць няма пра што. Я разумею падтрымку залы, а іменна — неабходнасць неадкладна пагаварыць аб тым, што ўсіх нас хвалюе і проста не дасць нам спакойна працаваць і рашаць іншыя пытанні.
Наша дэлегацыя прыехала ў Вільню к вечару заўчора. Мы, на жаль, толькі частка дэлегацыі, паспелі яшчэ пабываць у Вярхоўным Савеце, сустрэцца і пагаварыць з кіраўнікамі Вярхоўнага Савета, у прыватнасці з намеснікам Старшыні і сакратаром, а таксама са старшынёй Камісіі па нацыянальных пытаннях, з міністрам аховы здароўя Літвы і з некаторымі дэпутатамі.
Назаўтра было пахаванне ахвяр, і на гэта пайшоў амаль увесь дзень — з ранку да вечара, паколькі і мы прымалі ўдзел у пахавальным рытуале. Тым не менш, пасля жалобнага мітынгу, мы паспелі спаткацца з работнікамі ЦК Камуністычнай партыі Літвы, а вечарам прынялі ўдзел у пасяджэнні Вярхоўнага Савета Літоўскай рэспублікі, дзе нашай дэлегацыі было дадзена слова. Выступіў кіраўнік дэлегацыі, выказаў ад імя нашага Вярхоўнага Савета адносіны да падзей, тое, што можна было сказаць за некалькі прадастаўленых хвілін.
Вельмі цяжка пераказаць уражанні, якія ўсе мы і кожны з нас прывезлі. Я спадзяюся, што апрача мяне выступяць і члены афіцыйнай дэлегацыі, і дэпутаты, якія не ўваходзілі ў афіцыйную дэлегацыю, але таксама пабывалі ў гэтыя дні ў Вільні. Маё першае ўражанне — гэта ненатуральнасць, нейкая недарэчнасць, уродлівасць Самой гэтай сітуацыі, а іменна таго, што мы ўбачылі. Гэтыя абарончыя збудаванні з магутных бетонных блокаў вакол будынка Вярхоўнага Савета, барыкады на вуліцах, якія вядуць да Вярхоўнага Савета, усе гэтыя загароджы, завалы, сцены. Гэтаксама і вогнішчы, якія гараць дзень і ноч, каля якіх грэюцца, якімі вечарамі асвятляюцца. І вогнішчы з узброенымі людзьмі каля афіцыйных будынкаў, танкі, бронетранспарцёры. І тая зацятая непрымірымасць, якая адчувалася паўсюдна. Усё гэта, паўтараю, здаецца нейкай вялікай ненатуральнасцю, недарэчнасцю ў горадзе, які з'яўляецца адным са старажытных цэнтраў культуры ў Еўропе, у тым ліку — калыскай нашай беларускай культуры.
Я ўспамінаю выступленне прэзідэнта Гарбачова 14 снежня на сесіі Вярхоўнага Савета ў Маскве — перадавалася вечарам па тэлебачанні. У мяне ўжо тады было ўражанне, што мне не даводзілася раней слухаць такой непераканаўчай прамовы прэзідэнта, як гэта. У мяне было ўражанне, што палітыка нашай краіны — і ўнутраная, і міжнародная — як бы правалілася ў нейкую яму, выбрацца з якой вельмі няпроста. Яму трэба выраўняць. Што гэта значыць, як я разумею? А так, што трэба выраўняць усе рэспублікі і народы нашай краіны ў правах, зрабіць раўнапраўнымі, суверэннымі дзяржавамі на справе, а не на словах.
Читать дальше