Сабраліся мы ў час настолькі трывожны, настолькі складаны і адказны, калі ўсякае эгаістычна-бяздумнае самапачуванне раўназначна злачынству. Час, калі, склаўшы рукі, сядзець і маўчаць нельга. Час, калі трэба дзейнічаць і дзейнічаць. Але толькі пытанне — як? Як будзем дзейнічаць? Як людзі культуры і цывілізацыі ці — як у самыя цёмныя часы нашай гісторыі? Навукоўцам, педагогам, літаратарам, мастакам, дзеячам культуры Беларусі належыць вытрымаць экзамен на грамадзянскую сталасць, на годнасць інтэлігента. У сённяшніх умовах справіцца з гэтай задачай неймаверна цяжка, асабліва — калі не адчуваць, што ты не адзінокі, што побач з табою калегі і таварышы, якія таксама пранікнуты гэтым клопатам, хаця і не ўсе яны твае аднадумцы, і не ўсе твае адзінаверцы.
Зрэшты, вытрымаць гэты экзамен на сталасць належыць не толькі інтэлігенцыі, але і ўсяму грамадству, якое або знойдзе сілы супыніцца на краі бездані, або не справіцца з напорам нядобрых сляпых пачуццяў, самавыбухне і абрынецца ў апраметную. Хто дапаможа грамадству апомніцца, задумацца і схамянуцца? Думаю — перш за ўсё інтэлігенцыя, як гэта было і заўсёды.
У Беларусі, як і па ўсёй краіне, працягваецца працэс падзення дысцыпліны, парадку і — заняпаду маральнасці, культуры, духоўнасці. Гэта не можа не трывожыць кожнага сумленнага грамадзяніна рэспублікі, а тым больш — сумленнага інтэлігента. Пытанне: што будзе з нацыяй? што яе чакае ў недалёкай і самай блізкай будучыні? — паўстала, як ніколі раней, пагрозліва. І не думаць пра гэта, не глядзець у будучыню мы проста не маем права.
«Этыка нігілізму» панавала ў нас 70 гадоў; цяпер мы абвясцілі адраджэнне, значыць — аднаўленне, будаўніцтва, аднак жа зноў бачым той жа самы нігілізм, толькі з адваротным значэннем, і таксама з праявамі экстрэмізму. Дык што — іначай мы ўжо не можам? Выходзіць — рабы аднае псіхалогіі, аднаго настрою назаўсёды, на ўсё жыццё? Прымірыцца з гэтым немагчыма, ні ў якім разе! Трэба выпрацоўваць іншы маральны светапогляд. Гэта будзе неймаверна цяжка, гэта дасягаецца хіба што праз колькі пакаленняў, але іншага шляху, думаецца, няма. І, вядома ж, работа гэта кладзецца перш за ўсё на плечы інтэлігенцыі — навукоўцаў, настаўніцтва, дзеячаў літаратуры і мастацтва. І пачынаць трэба з усведамлення неабходнасці такога павароту ў самім светапоглядзе. Адна з нашых бед — недастатковая дасведчанасць, кепскае веданне гісторыі станаўлення розных сацыяльна-эканамічных сістэм, іх асаблівасцей з улікам такіх фактараў, як нацыянальныя традыцыі, псіхалогія мас і інш. І адсюль — няўменне зазірнуць наперад, прадбачыць вынікі, выпрацаваць стратэгію і цвярозую тактыку. І адсюль жа — механічны перанос чужых мадэлей на нашу рэчаіснасць. Інтэлігенцыя абавязана бачыць, адчуваць і разумець рэальны стан рэчаў, рэальныя вытворчыя, палітычныя, духоўныя і іншыя жыццёвыя сувязі, дакладней — узаемасувязі, якія складваюцца паступова і на працягу доўгага часу; узаемасувязі на розных узроўнях і самага рознага характару, не лічыцца з якімі, раптам, з ходу разарваць, разбурыць якія — значыць асудзіць грамадства на разлад, развал і хаос, значыць — наклікаць бяду і трагедыю. Для народа, для простых працоўных людзей перш за ўсё будзе гэта бяда і трагедыя, і надоўга. Гісторыя XX веку засведчыла гэта неаднойчы і дастаткова пераканаўча.
Вось чаму — раней, чым падхопліваць пэўны сацыяльны або палітычны лозунг, кідацца на падтрымку той або іншай эканамічнай праграмы, —трэба вельмі і вельмі сур'ёзна ацаніць рэальную сітуацыю, вельмі ўдумліва ўзважыць усе «за» і «супраць», каб не стаць на шлях палітычнага авантурызму, які можа занадта дорага ўсім нам абысціся, можа каштаваць народу не толькі пакут, але і крыві. На вялікі жаль, у генах многіх змагароў за перабудову, як правых, так і левых, сядзіць схільнасць да крайніх высноў і ўчынкаў, праяўляецца дух самаўпэўненасці, нецярпімасці і экстрэмізму, што сведчыць, несумненна, аб неінтэлігентнасці, нізкай маральнай культуры, абмежаваным ўзроўні духоўнасці.
Сёння нам перш за ўсё патрэбна стабілізацыя грамадска-палітычнай атмасферы, а гэтага не дасягнуць, калі ва ўсім і ўсюды не будзе пераважаць цвярозы, разважлівы падыход. Вельмі хочацца верыць, што ў нас, у Беларусі, з увагі на прыродную талерантнасць нашага народа, гэта зусім магчыма. І што прыклад такой разважлівасці, спакойнай і ўдумлівай працы будзе падаваць менавіта інтэлігенцыя. У сённяшнім друку нашу інтэлігенцыю, якая жыла і працавала ў часы ад Сталіна да Чарненкі, усё часцей і агулам называюць упадніцкай, паслужлівай. Наколькі гэта справядліва — вердыкт вынесе толькі гісторыя. Яна вызначыць беспамылкова, дзе была прыслужлівасць, а дзе — шчырае служэнне ідэалам дабра і справядлівасці. Але што несумненна ўжо сёння — дык гэта тое, што становішча беларускай інтэлігенцыі доўгі час было ў поўным сэнсе трагічным. Калі іншыя пласты насельніцтва вынішчаліся часткова, то беларуская нацыянальна свядомая інтэлігенцыя была высечана амаль цалкам уся і пад корань. І калі яна сёння ўсё-такі ёсць зноў — дык гэта таму, што не забіць і не знішчыць тую ідэю, якою яна жыве, тую веру, якую яна вызнае, што гэтая ідэя і гэтая вера — несмяротныя.
Читать дальше