Галоўны патрыятычны подзвіг Францішка Скарыны ў тым, што ён першы даў свайму народу друкаваную кнігу і гэтым самым зрабіў невымерны ўклад у развіццё асветы, навукі і культуры на Бацькаўшчыне. Ужо само разуменне ролі кнігадрукавання ў развіцці чалавечай цывілізацыі гаворыць пра многае. Наўрад ці можна сумнявацца, што Скарына яшчэ ў Кракаве — адным з тагачасных цэнтраў кнігадрукавання — загарэўся ідэяй паставіць геніяльнае вынаходніцтва Гутэнберга на службу свайму народу, і гэта ідэя стала яго найпершым маральным абавязкам перад Бацькаўшчынай, яго галоўным і неадступным клопатам, яго палымянай і светазарнай мэтай, дзеля ажыццяўлення якой ён безразважна ахвяраваў спакойным і забяспечаным жыццём чалавека з двума вучонымі тытуламі доктара навук, не збаяўся беднасці і іншых неймаверных цяжкасцей і нягод, на якія асуджаў сябе, ступаючы на шлях асветніцкай і навуковай дзейнасці. Яго самаадданасць і самаахвярнасць у гэтым сэнсе — рэдкі прыклад сыноўскага клопату пра свой народ і яго будучыню.
Але мы выказваем пачуццё нашай усенароднай удзячнасці гэтаму найвялікшаму з сыноў Беларусі не толькі як першадрукару, але і як выдатнаму мысліцелю, вучонаму і пісьменніку, чый творчы плён раўназначны яго пачынальніцкаму подзвігу. Скарына ўзяў на сябе задачу даць суайчыннікам на Радзіме не проста кнігу, а найвялікшую кнігу чалавецтва — Біблію. Вядома, светапогляд Скарыны, як і кожнага з тытанаў Рэнесансу, не быў цалкам свецкі. Але не толькі яго шчырае шанаванне хрысціянскай веры забяспечыла гэты выбар, а і ўзровень яго адукацыі і культуры, праніклівасць, маштабнасць і глыбіня яго розуму. У Бібліі Скарына бачыў перш за ўсё крыніцу самых разнастайных ведаў, неабходных народу, які хоча сацыяльнага і культурнага прагрэсу, неабходных чалавеку, які турбуецца пра сваё духоўнае развіццё і маральнае ўдасканаленне. Зведзеныя ў адно цэлае дзесяткі прадмоў і пасляслоўяў Скарынін да перакладзеных і выдадзеных ім кніг Бібліі — гэта не ардынарны, звычайны каментарый да зместу Святога пісання; гэта сапраўдны навуковы трактат выдатнага вучонага і мысліцеля, у якім на ўзроўні ідэй Адраджэння выяўлены яго смелы, наватарскі погляд на ўсё — на рэлігію, на асвету і навуку, на мову, на мастацтва, на бытавую і грамадскую мараль, на прававую сістэму і на многае іншае. Дасведчаны ў розных галінах навукі — у медыцыне і батаніцы, у мастацтвазнаўстве, у геаграфіі і астраноміі, у геаметрыі і арыфметыцы, у гісторыі і філасофіі, у правазнаўстве і логіцы, у граматыцы і асновах красамоўства, — Скарына бачыць іх пачаткі ў паасобных кнігах Бібліі, якія адпаведна і рэкамендуе чытачам. Але галоўны яго клопат, пра што ён гаворыць зноў і зноў амаль не ў кожнай прадмове, — гэта праўда і справядлівасць, дабрыня і міласэрнасць, гэта клопат пра тое, каб людзі «научившися мудрости добре жили на свете». Ужо ў прадмове да першай надрукаванай ім у Празе ў 1517 годзе кнігі «Псалтыр» Скарына піша: «Там ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум досконалый. Там ест милость и друголюбство без льсти, и вси иншии добрые нравы якобы со источника оттоле походять.
И видечи таковые пожитки в так малой книзе, я, Франтишек, Скоринин сын с Полоцька, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснута рускими словами а словенским языком напред ко чти и к похвале богу (...), а потом к пожитку посполитного доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил».
Зноў і зноў Скарына паўтарае, што пакладзеная ім боганатхнёная праца прызначана «людем посполитым к пожитку», «к доброму научению», дзеля «размножения добрых обычаев», дзеля мацавання згоды паміж людзьмі і ў краіне, паколькі «незгода и наибольшие царства разрушаеть». Міласэрнасць і праўда не пакінуць людзей, калі яны спасцігнуць навуку і мудрасць, што схавана ў біблейскіх легендах і прытчах, «якобы моц в драгом камени, и яко злато в земли, и ядро у вореху», калі ім перадасца і ўсталюецца ў іх душах «дух разумности», для якога аўтар знаходзіць цэлую нізку дакладных і яркіх эпітэтаў: «В ней воистину ест дух разумности святый, единый, различный, смысленый, скромный, вымовный, движющийся, непоскверненый, истинный, сладкий, чистый, сталый, добротливый и всякую иную имеющий в себе добрую цноту».
Дух разумнасці!.. Як ён усім нам сёння патрэбен! І нам у Беларусі, і ўсёй нашай краіне, і ўсёй нашай заселенай людзьмі планеце! Як па-сучаснаму, як актуальна гучаць галоўныя, вызначальныя пастулаты маральнага вучэння Скарынін, яго філасофіі, яго патрабаванні духоўнай свабоды для чалавека, яго ўстаноўка на высокую этычную культуру, на сумяшчэнне грамадскіх і асабістых інтарэсаў людзей — каб усім добра было!
Читать дальше