Стары Вячэра падышоў амаль зусім нячутна. Калі Надзя азірнулася на шоргат босых ног, бацька, па звычаі сваім, без шапкі, стаяў ужо за яе спіною, з-пад рукі гледзячы туды, дзе шумелі малыя.
— Ён нас сустрэў вунь там! — паказаў рукою стары.
— Цэленькі дзень з вады не вылазіць,— з усмешкай дадала дачка.— А вас дык не мог дачакацца. Галовы ўсім папрабіваў: «Дзед ды дзед!..»
— А яна гэта яшчэ ў лодцы сукеначку з сябе, портачкі з сябе, а сама — плясь у ваду. Панавучваліся! I не пазнаеш, каторае тваё: усе голыя, усе трапечуцца, усе крычаць!..
— Вы, тата, прылеглі б дзе ды адпачылі. Зробяць i без вас. А я вось зараз...
Стары, нічога не адказаўшы, пайшоў у ваду. Нават не падкасаўшы сваіх шэрых картовых калашын.
Свежыя людзі — скажам, дачнікі, якія прыязджаюць на рыбгасаўскі бераг,—вельмі здзіўляюцца, што многа рыбакоў зусім не ўмее плаваць. Хто не ўмее, а хто нават не любіць. Саўка Сякач з Падвалокі i спаў бы, здаецца, у лодцы, a ўжо гадоў з дваццаць — сам хваліцца — не купаўся ў возеры. Няхай сабе дзівяцца, хто хоча. I стары Вячэра, «кароль вугроў», таксама плавае, як калун. Аб гэтым страшна падумаць, калі бачыш, як ён спакойна стаіць у лодцы, выбіраючы перамёты, а лодку тую шыбае з хвалі на хвалю, як трэску!..
Каб лягчэй было згінаць натруджаны на зрубе крыж, стары спыніўся толькі тады, калі вада заняла яму па калені. Цяжка нагнуўся, зачэрпаў жылістымі зверху, каравымі з сярэдзіны рукамі чысценькай цёплай вады i з асалодай у ёй запырхаў. Яшчэ, яшчэ раз. Добра! Хацеў нават гукнуць на ўнукаў, але падумаў: «Няхай сабе! Ім цяпер не да дзеда...» I зноў пабрыў да берага.
— Жывуць каторыя,— пачаў ён, прысеўшы каля вогнішча,— жывуць ды глядзяць, каб толькі дзе-небудзь уварваць, адскубці, пацягнуць... Чужому не скажу, дачушка, бо брыдка... I я табе гэтае палена не сваё хацеў прывезці, а таксама крадзенае. Учора такое злосці набраўся за тую падсочку... Я гаварыў ужо табе. Ды i на Васіля Раманавіча, што марудзіць... Ужо з Іванам да самай Дзікай Бабы падплылі. Лесніку Буглацкаму, падумаў, залію тым часам вочы якою-небудзь пярцоўкай i — як камень у возера... Але ўсцярог мяне Бог на старасці год. Не наеўся ты, кажа, Вячэра, дык i не наліжашся. Няхай стаіць тая сасна ды Богу дзякуе, што я хацеў, ды мне хацень не даў...
Подых дыму, чортведама адкуль i як разгарнуўшыся, махнуўся па Надзіных вачах. Не выціраючы слязы, жанчына глядзела на бацьку, трымала за доўгую ручку скавараду i ніяк не магла прыдумаць, з чаго тут пачаць...
— Можа, тата, Івану гэта не падабаецца, што вы сваё гатовае з двара берацё? Івану ці Мані...
— Яно, вядома, дачушка, кожны дурань зможа гатовае ўзяць. Але ж я яшчэ ў сваёй хаце гаспадар. Каму не падабаецца, дык той i памаўчыць. Скажам, мае сонца ўжо нізенька, ужо я не магу, як раней, ноч апоўнач ці на вугра табе, ці на сіляву, ці на шчупака... Але ж i пенсія мая, мае пяцьсот рублёў, таксама на дарозе не валяюцца!.. Ды нешта мы з табою, дачушка, не пра тое. Іван табе брат ці не брат? Двое ж вас толькі — меншых — i засталося ў мяне. А такой Мані, як наша, днём з агнём пашукаць...
Да тае слязы, што ад дыму, далучылася раптам яшчэ адна. Надзя ніжэй схілілася над скаварадою.
— Нічога, дачушка... Каб жа яна, бяда, ды толькi па лесе хадзіла! Тут не падменішся: дай, можа, я за цябе памру. Колькі ўжо раз я лёг бы тым часам!.. Маці твая, нябожчыца...
Ды тут ix вельмі дарослую, сумную гаворку абарваў дзіцячы смех i крык:
— Ура! Здавайся!
Гэта крычаў Міхась, а з ім, не менш ваяўніча, i Ганначка. Абое — голыя, мокрыя, укачаныя ў пясок.
Яны падкраліся з-за куста. Усё было зроблена вельмі удала. Спачатку яны паўзлі — зусім-зусім так, як Міхась бачыў нядаўна ў кіно. Потым беглі прыгнуўшыся. Потым зноў паўзлі... Ды толькі вось дзед зусім не спалохаўся. Ён сядзіць, абняўшы худымі рукамі мокрыя калені, і, закінуўшы галаву, рагоча.
— Дзед! Ну, дзед! Ну, годзе!
— Годзе, унучак, годзе. Не буду.
— Ты на вайне быў?
— Хай яна спрахне — быў.
— Я ведаю! Ты быў i на японскай, i на мікалаеўскай, ты i з панамі за возера ваяваў!.. За тую вайну ў цябе Георгіеўскі крыж, а за гэтую — толькі партызанскі медаль. Бо ты ўжо быў стары i толькі так памагаў партызанам!..
— Годзе ўжо, ты! Завучыў, як малітву! — памкнулася перапыніць яго маці.
— А Ганначка кажа, што як мы падкрадзёмся ды крыкнем, дык дзед спалохаецца... А ты...
— I не казала! I не казала! — смяялася, намагаючыся закрыць яму рот, дзяўчынка.
— А я ёй кажу...
— Ды годзе ўжо ты, смала! — крыкнула маці.— Дзе ж ваша вопратка?
— Там!
Читать дальше