— Ваяка! Раскрычаўся тут, галапупец! I з дзеўкай яшчэ стаіць. Ану, бягом апранацца! Будзем палуднаваць.
Апошняе было сказана не толькі без усякай злосці, а нават з нейкай шматабяцаючай суровай пяшчотнасцю. Голыя, выпеставаныя сонцам i вадой, рыбацкія анёлачкі хоць без крылаў, ды летам ірвануліся з месца, пацешна пабеглі па светлым i пухкім пяску.
— Дзяўчынка, няўрокам кажучы, як бурбалка! — засмяяўся ўдагон стары.— I Міхась удалы хлопец.
Ёршык чысты, дый годзе! Радасць табе адна — i малы, i старэйшы. Спраўныя хлопцы, дачушка, а ты...
Неўзабаве ёршык i бурбалка, адзін у чорных кароценькіх штоніках, а другая ў светлай сукеначцы, ішлі абапал старога па дарожцы з берага да зруба, i вельмі ж хацелася ім узяць дзядулю за рукі. Аднак абедзве яны былі занятый: дзед нёс перад сабою вялікі чорны i гарачы чыгун з юшкай, абгарнуўшы яго анучай. Надзя хацела ўзяць чыгун сама, але стары не даў. I вось яна ідзе ззаду за ім i нясе толькі скавараду i місу з кавалкамі ўсмажанага шчупака.
— Дзед! — забягае наперад Міхась.
— Ну, што?
— А ты тое палена падняў бы?
— Якое?
— Ну, тое, што ты прывалок!
— А-а, тое. Відаць, падняў бы. Каб толькі вытрубіў усю гэтую юшку ды мо яшчэ каб умяў усяго шчупака. Ну, ды хлеба тым часам бохан, як добрае кола.
— А мы купаліся, i хлопцы кажуць, што ты не падняў бы.
— Ат, нічога яны не ведаюць.
— Глобышаў Лёнька, дык той не ведаў нават, за што ты называется «кароль вугроў»!..
— Вось бачыш! Які, унучак, кароль, такая i слава.
Каля зруба, пад бэзам яны абедалі: дзед, мама, іхні Юрка, два чужыя дзядзькі, што наняліся перасыпаць іхнюю хату, i Ганначка з Міхасём. Малыя сядзелі, вядома, абапал дзеда. Пасля мама зноў пайшла ў поле, а тыя дзядзькі, Юрка i дзед «прылеглі трохі адпачыць». Трохі, трохі... A самі ўжо i паснулі, ужо i храпуць!..
Міхась задумаўся, стоячы перад сваёй госцяй пасярод пустога, залітага сонцам двара, закіданага трэскамі i пацярушанага саломай са старой страхі. На вішні яны ўжо сёння былі двойчы. Яблыню трэслі таксама. Ажно не елася цяпер ад аскомы. Купацца, можа, пасля. На гасцінец ісці — неахвота. У поле, назіркам за мамай,— дарма, бо прагоніць назад...
— Давай у «класы» пагуляем! — сказала Ганначка.
Яны разграблі салому i трэскі, нарысавалі кіёчкам «класы». Паскакалі трохі на адной назе, а потым Міхась сказаў, што больш не хоча.
— Я пайду хутка ў школу,— паведаміў ён навіну, якую ўжо i Ганначка чула не раз.— Мне яшчэ два месяцы не хапае да сямі год, але настаўнік кажа: нічога. I я ўжо ўмею пісаць.
— Ну, напішы што-небудзь. Як наша Гэля.
— Якраз, вельмі твая Гэля напіша!..
Чым напісаць — Міхась ведаў. У старэйшага цеслі, дзядзькі Антося, які храпе вунь паміж дзедам i Юркам, ёсць за халявай чорны плоскі аловак. Ён вельмі вялікі i называецца сталярскім. Доўга не думаючы i не раячыся з Ганначкай, Міхась на пальчыках падкраўся да дзядзькавай нагі i асцярожненька, нават падпёршы языком шчаку, выцягнуў той сталярскі аловак. «На сценах пішуць толькі такімі. Напішам — i зноў яго дзядзьку ў халяву. А напісаць найлепш вось тут». Сасновае бервяно, якое дзед уранні прыцягнуў, было ўжо хораша аплазавана, узята ў вуглы i называлася цяпер «падваконнем». Яно легла ў сцяну якраз на вышыні Міхасёвага лба. Забыўшыся, што дзядзькаў аловак не хімічны, хлопчык паслініў яго i ўзяўся за работу. Пакуль ён мазольна, зноў падпёршы шчаку языком, выводзіў адну за адной сем літар, з якіх складаліся два яго запаветныя словы, Ганначка глядзела на Міхасёву руку i на таямнічае пятлянне тоўстага алоўка, як зачараваная. За сёмай літарай стала кропка. Каб напісаць яе, Міхась апошні раз паслініў сталярскі аловак i выкруціў гэтую кропку ямачкай у не зусім яшчэ зацвярдзелай смаліста-духмянай драўніне.
— О! — сказаў ён голасам пераможцы.
— А што гэта?
— Вось i не ведаеш!
— Мі-хась-ка, што-о?
Чарнявы, загарэлы ёршык, унук старога «караля вугроў», горда i радасна прачытаў:
— Мой дзед.
Усякую — непазбежную, зразумелую, а часта i непатрэбную — заклапочанасць i сумоту старэйшых здорава разбівае — як лёд на вадзе, як акно з духаты — звонкі дзіцячы смех.
За сцяной хлапчукі глядзяць па тэлевізары мультфільм i час ад часу рагочуць. Смех іхні вельмі канкрэтны. А мне яго, як заўсёды, так добра, радас на чуць. Ажно сам засмяешся. Міжвольна, соладка, нібы праз сон.
* * *
Вушаты, з мілай мордачкай, трохгадовы ваяка зусім сур'ёзна пытаецца ў мамы:
Читать дальше