Потым, седзячы ў чужой, сяброўскай кватэры, толькі з малымі, бо гаспадыня выбегла «на хвілінку», можна пачуць ад малой, разгулянай дзяўчынкі... Гэта нічога, што вы чужая, ажно замежная цёця, што дома вы маці дарослых дзяцей, што вы педагог, па-свойму салідны i паважаны... Можна пачуць i такое, зрэшты, зусім дзелавое, сур'ёзнае:
— Проша пані, a пані можа стаць на галаве, як я?
Можна пачуць. I яшчэ раз — іменна добра, што так далёка ад дому — сардэчна, молада засмяяцца. Дзеці!..
* * *
Госця. Разумна, весела шчабятлівая першакласніца. Ва ўсім чырвоным. І шчокі— з марозу— чырвоныя. Памагаю ёй распрануцца i гавару:
— Ты разумееш, што было б, калі б цябе ўбачыў індык?
— А бык? — усцешана пытаецца яна.
Нам весела.
* * *
Дзесяцігадовы, пацешна сур'ёзны Жэнька прыйшоў адведаць хворага сябрука. Цукеркі, якімі яго пачаставалі, з'еў, a апельсін усё не пачынае.
— Чаму? — спыталіся.
— Я тату занясу. Ён хворы.
Здорава!.. Успомніўся ягоны, вельмі малазнаёмы мне бацька, з выгляду — малады, нават i пуставаты. Усё знешняе, што мне ўяўлялася, раптам адпала, перакрэсленае гэтай дзіцячай чысцінёй,— мне стала ясна, што Жэнька мілы, разумны, ветлівы — не так сабе: што нехта ж яго так выхоўвае, што некага ж ён за штосьці так любіць.
A ў Жэнькі, пры ўсёй яго сур'ёзнасці, тырчаць ружовыя вушы. Гэта — таксама здорава: смешна i міла. I вельмі істотна для паўнаты яго вобраза.
* * *
Жнівеньская раніца.
У рэдкім лесе — заліты сонцам папаратнік.
Пад адным такім парасонам хітра схаваўся вялікі падасінавік. Дзяўчынка хадзіла, хадзіла па лесе i надарэмна толькі стамілася. Прылегла адпачыць, пасля расплюшчыла вочы — ён!.. Прыгожы, любы, як казачны прынц.
* * *
Малец з чацвёртага класа піша ў піянерскую газету пра непаладкі ў іхняй школе.
— Здольнасці ёсць, але ж залішне ён нейкі сур'ёзны, не па гадах,— кажа сваім супрацоўнікам цёця рэдактар, поўная строгая дама. I яна вырашае заняцца гэтым талентам сама.
«Напішы нам, Валодзя, як вы святкавалі ёлку».
У адказ апісана ёлка ў вясковай школе, а потым — прыпіска:
«Наш дырэктар, Мікалай Пятровіч Чыжык, купіў на сабраныя вучнямі грошы цукерак i большую палавіну забраў сабе...»
Цёця рэдактар піша яшчэ больш педагагічны ліст:
«Напішы нам, Валодзя, пра вясну — як яна прыйшла ў ваш калгас, колькі радасці яна прынесла рабятам вашай школы. Паспрабуй апісаць гэта вершам».
Вершык прысланы доўгі, грунтоўны i... з празаічнай прыпіскай:
«А наш дырэктар усё ж такі злодзей».
* * *
Скульптар паказвае школьнікам сваю майстэрню, ахвотна i цікава расказвае амаль пра кожную групу, пра кожны бюст,— як гэта робіцца, як працавалася. Жывыя, дапытлівыя пяцікласнікі слухаюць надзіва ціха.
Ды вось гаспадар, чалавек ужо сівы, стаміўся.
— Задавайце мне, дзеці, пытанні. Ну,— паўтарыў ён пасля невялікай паўзы,— хто з вас хацеў бы пра штосьці спытацца?
Здаровы, трохі перакормлены, але вясёлы, хоць часамі i недарэчы, Сёмка ўздымае руку.
— Скажыце, дзядзя, а што гэта там за генерал? Вунь, у кутку! Вусаты, у шапцы!..
— Гэта, хлопчык, не генерал...— ледзь не ўздыхае скульптар.— Гэта, дзеці, Іосіф Вісарыёнавіч Сталін!..
Ды на малых ні тэкст гэты, ні ўздыхлівы падтэкст не робяць ніякага ўражання.
Яны нарадзіліся ў другой палавіне стагоддзя.
* * *
Цудоўная музыка — «Танец маленькіх лебедзяў»!.. Асабліва тады, калі прамінула вялікая небяспека, бяда, калі хочацца ціха заплакаць ад шчасця.
Відаць, таму ў мяне такое адчуванне, што я яе, здаецца, упершыню пачуў i назаўсёды палюбіў улетку сорак пятага года на праглядзе мастацкай самадзейнасці беларускіх дзіцячых дамоў.
Танцавалі маленькія дзяўчаткі-сіроты, дужай народнай рукою ўратаваныя ад фашысцкага знішчэння.
* * *
Успомніў свайго цыбатага загарэлага хлопчыка i шэрае вякалакацяня, з якім ён там, у вёсцы, дружыць.
Яно занудлівае, лезе пад рукі, на стол, на падаконнік — колькі яго ні скідай, i ўсё кавэнчыць, скрабе па душы.
Ён абураецца, калі коціка крыўдзяць — скідаюць, кешкаюць, гоняць,— бярэ яго на рукі, гладзіць, нясе з хаты i здзіўлена глядзіць на ўсіх, асабліва, здаецца, на бацьку...
Не праваронь ты, бацька, чагосьці ў яго выхаванні, не разбурай таго, што сам узводзіш — чытаннем, гутаркай, прыкладам.
* * *
Дзяўчынка так i пільнуе, кал i той тата зноў будзе закурваць. Яна тады тушыць запалку. Пацешна i тое, як яна хукае, не могучы сагнаць з канца танюсенькай палачкі пушынку полымя i, яшчэ больш — яе ўпэўненасць, зусім сур'ёзная, у тым, што яна — памагае.
Читать дальше