У яго вялікі клопат. Заўтра трэба ехаць з мамай у грыбы, бо яго няма з кім пакінуць дома. I трэба вельмі раненька ўставаць... Голас — амаль праз слёзы.
А прычына, вядома, не ў гэтым. На суседні двор, месца іхніх баталій, прыйшоў экскаватар. I так жа добра глядзець, як ён капае канаву! Глядзець — не так сабе, не як-небудзь, а з даху гаража. Хоць мама i крычыць за гэта, хоць бацька — па тэлефоне цяпер — угаворвае быць асцярожным ды паслухмяным.
Нагаварылі мы з ім пра ўсё гэта, i так мне міла, i смешна, i па-сур'ёзнаму добра было ад нашай дружбы!..
A назаўтра — званок. Мой друг, аказваецца, не вытрымаў саліднасці. Знайшоў адзін баравік, i годзе: «Буду сядзець у машыне». Прыйшлі грыбніцы, глядзяць — яго няма. А потым голас — куды там ужо да геройства! — «Мама!» з самай верхавіны сасны... Страшна, вядома, страшна было, пакуль ён злазіў адтуль, i ручкі дрыжалі, i мама з цёткамі заміралі ўнізе, з усёй сілы трымаліся, каб не ахнуць ды не спалохаць яго...
— Ты што ж гэта, стары, экскаватар убачыць хацеў?
Разумею становішча, стараюся пытацца весела. Ды ў трубцы голас — поўны належнай пакоры, i вечнае:
— Я больш не буду.
Будзеш, хлопец! Будзь, хоць i страшна, хоць я i павінен казаць, што не трэба!..
* * *
Хлопчыку пяць гадоў. «Як мужчына мужчыну» — бацька расказаў яму, што такое ў сапраўднасці Дзед Мароз. I малы паверыў. Аднак, калі яму мама вярнула Дзеда — сказала, што тата пажартаваў, што Дзед прыходзіць, прыносіць пад ёлачку падарункі — хлопчык быў рады яшчэ больш.
Дзецям патрэбна казка. Яна не разбураецца сапраўднасцю.
На піянерскую ёлку хлопчыка ўзяла старэйшая сястра. Найбольш уразілі яго вялікі мішка i ліса, што разам з дзецьмі танцавалі вакол ёлкі. У перапынку ён убачыў, як ліса — зняўшы маску — піла ў буфеце піва. Спацелы дзядзя!.. Цягне з кухля, ажно лісіны хвост падрыгвае... A ўсё ж i пасля гэтага малы расказваў пра лісу — як яна з імі весела, пацешна вырабляла ў карагодзе!..
* * *
Навокал лістота, кветкі, а на руках у маладога бацькі — яго першае дзіця, дзяўчынка. Яна яшчэ ўсё маўчыць, відаць, ніяк не могучы пераступіць той парог, за якім, побач з разуменнем жыццёвых з'яў, будзе яшчэ i магчымасць падзяліцца з кім-небудзь першымі ўражаннямі i зародкамі думак. Яна маўчыць, наглядае ці проста глядзіць, час ад часу захоплена махае ручкай i вымаўляе нейкія дзіўныя, таямнічыя, смешныя падабенствы слоў. А потым, нібыта прагнаўшы ад сэрца шчаслівы, але цяжкаваты зарад уражанняў, зноў пачынае маўчаць...
Таму, што ў кожнай хвіліне нашага існавання бацьку хочацца бачыць няспынны рост яго дзяўчынкі, яму здаецца цяпер, што маўчанне i задуменны позірк яе — гэта першыя, ледзь бачныя адзнакі сталасці. I хлопцу чамусьці хочацца быць больш дзяціным, чым яна. Ён прысядае з ёю на руцэ i з роснай травы ў сасновай засені паднімае на сонца фарфорава-белую кветку рамонку. Ручка працягваецца да яе, i смешна маленькія пальчыкі заціскаюць у жменьку зялёнае каліва. Заціскаюць i — так жа пацешна! — падаюць кветку ў рот, на першы, таксама фарфоравы зуб. Што ж, такі ўжо спосаб праверкі на трэцяй сотні пражытых дзён!..
I вось ізноў яму радасна ад думкі, што яна, яго наступніца, пачынае жыццё ад пачатку, што ён паможа ёй пачаць яго лепш, чым сам пачынаў.
* * *
Стаміўшыся на вуліцы або ныючы дома, хлопчык, чатыры гады, вельмі любіць гартаць перакідны каляндар.
Пасля неяк маці, вярнуўшыся з працы, ласціцца з ім:
— Вось i вясна. I як жа я цябе ў вёску да цёці адпраўлю? А сама буду плакаць?..
— Я без цябе не паеду. I цяпер не паеду, i на другі каляндар не паеду!..
* * *
Чырванашчокі, вочы блішчаць, рукі ўсе падрапаны да крыві. Шчасліва хваліцца бацьку, як забаўляўся з катом:
— Ён мяне ляпкай, а я яго — люцькай!..
I столькі радасці, смеху!..
* * *
Па радыё спявалі дзеці, i вельмі свежа здалося, што гэта — тыя самыя, якіх я слухаў i пяць, i дзесяць, i трыццаць год таму назад...
Такое ж адчуванне бывае, калі слухаеш, а то нават калі назіраеш птушак.
* * *
Яна нарэшце разбагацела — ёй узялі кацяня. Нават сама хадзіла з татам па яго, i кошку-маму бачыла, а потым з дому, пры татавай дапамозе, пазваніла свайму найлепшаму другу — дзядзьку: што ў яе ёсць!..
Дзядзька-студэнт назаўтра вярнуўся з заняткаў, трохі паспаў i, перш чым заняцца сваёю матэматыкай, пазваніў трохгадовай сяброўцы... ад імя кошкі-мамы:
— Мяў!.. Як там у вас жыве мая маленькая?..
Пляменніца — паверыла i гаварыла з ім, як з мамай кацяняці.
Читать дальше