Калі мужчыны зайшлі ў хату, Маня, якая праз акно ўбачыла, што яны набліжаюцца да берага, адразу i падала ім на стол вялікую, духмяную, гаманлівую скавараду. Іван накроіў тоўстымі лустамі свежага хлеба i нецярпліва паклікаў бацьку з сяней. Стары, ужо значна ніжэй ад носа трымаючы свой падбародак, увайшоў у хату з бутэлькай жоўценькай пярцоўкі.
— Жыў адзін дзівак,— сказаў ён, ставячы на стол паўлітроўку,— які ўсё з усякім дурнем чаркай дзяліўся. Дай, Маня, шклянку. Ды i сама прысядзь.
Далонню ў донца — ён легка выбіў з бутэлькі кардонны корак, наліў першую чарку. Урачыста пажадаў сыну з нявесткай добрага здароўя. Паволі, смакуючы, выпіў.
— А потым? — спытаўся Іван, з затоеным смехам гледзячы на амаль зусім распагоджаны бацькаў твар.
— А потым ён i тую порцыю, што раней падсоўваў усякаму, пачаў сам выпіваць. На добрае, сыне, здароўе!..
Смачна апёкшы рот i ўсё нутро пахучай, моцнай вадкасцю, Іван пачаў жаваць папоўніцы. Эх, i рыбка ж яна — сілява! Нават i костачкай не ўколешся!
— Я ж i кажу,— гаварыў стары, старанна дрыгаючы пакрытым сівой зарасцю падбародкам,— каб тая ручка адсохла, што галавы не слухае.
— Ты зноў пра падсочку?
— А што ж? Хіба ж гэта парадак? Увесь Пярэймаўскі бор падсочылі! Над самым возерам! Я яшчэ, шануючы вас, з голай с... бегаў, калі ён стаяў. Дзве вайны выстаяў, а цяпер вось знайшоўся дурань — на выруб яго!..
— Вы, тата, ешце,— ціха азвалася поўненькая чарнабровая Маня.— Стаяў ён i будзе стаяць...
— Паваляць, дачушка! Год-два, i паваляць! На тое ж i подсочку зрабілі... А ты чаго выскаляешся?
Іван, адрагатаўшыся, спытаўся:
— Дык ты яго пашкадаваць хацеў? З пілою?
Стары загарэўся, нават руку з кавалкам хлеба задзёр.
— Гатовае, што на двары ляжыць, кожны дурань можа ўзяць! Ты мне не тыцкай гэтым паленам пад нос! Сам здароў, ведаю, што раблю!..
— Ну i пярцоўка... Яна ў сваёй хаце п'ецца лепш...
— А ты бо сціхні! — накінулася на Івана жонка.— Еш ды ідзі, куды трэба! Я вам, тата, яшчэ вось... Знайшоў з каго выскаляцца!
Яна завінулася каля прыпека i падышла адтуль да стала з вялікай конаўкай чаю, заваранага на ліпавым цвеце. З той самай, як хмара, ліпы, што за гумном. Потым прынесла жоўты паліваны слоічак з мёдам i чыстую лыжку.
— А дзе ж гэта дзеці? — спытаўся дзед.
— Гэля пасе. А Ганначка памчалася недзе.
— А ты ім чаю давала?
— Няўжо ж.
— I Гэлі трэба было таксама. Яна нешта кашляла ноччу...
Канчаткова размораны ласкай ліпавага цвету i мёду, стары глядзеў на адзінага з жывых, наймалодшага, спраўнага i вясёлага сына, на ціхую рабацяшчую маладзічку, ад якое ў хаце ніхто яшчэ не чуў ліхога слова. Глядзеў i сёрбаў памалу. Падумаў нават, што няблага было б цяпер прылегчы на часіну адпачыць... Але, дапіўшы з конаўкі салодкую цеплыню, ён нечакана стукнуў посудам па стале i ўстаў.
— Хадзем, тым часам, возьмем сваю! Пакліч каго-небудзь яшчэ — Храпуна ці Сцяпанавых хлопцаў...
3
Найпрыгажэйшы бывае чалавек тады, калі ён не ведае пра гэта, калі ён не бачыць самога сябе. На жаль, нават часцей за ўсё тады, калі яго не бачыць ніхто.
Старога Вячэру ў лодцы бачыла цяпер толькі пяцігадовая Ганначка. Поўненькая, светленькая, любіміца сям'і, яна круцілася, як сініца, на сярэдняй лаўцы, перад сваім дзядулем, глядзела на яго, зусім не думаючы, што любуецца, i то сама шчабятала, то слухала, не бядуючы, што яшчэ няшмат разумее.
А дзед быў прыгожы.
Без шапкі, у шэрай, як ралля, расхрыстанай на сухіх, загарэлых грудзях кашулі. Упёршыся худымі i пругкімі, як смаляныя галіны, нагамі ў рабрыну вялікай лодкі, «кароль вугроў» паволі i няспынна разгойдваўся ўперад-назад, рытмічна ўзмахваючы цяжкімі вёсламі. З вельмі дакладнай i неабходнай для справы скупасцю заграбаў ён ціхую празрыстую ваду. Так лёгка i хораша, спраўна i спорна ідуць у пракосе сапраўдныя касцы. Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Сівыя валасы, хоць i прычасаныя перад ад'ездам у людзі, як толькі ён зняў кепку, зноў растрэсліся, прынялі свой звычайны, сціпла кучаравы беспарадак.
Прыгожая была гэта шэрая, вельмі жыццёвая, натуральная прастата, гэтая яшчэ ўсё не растрачаная сіла, якую i не высушылі, i не прыглушылі дзевяць дзесяткаў больш катаржных, чым радасных, гадоў. Прыгожы быў позірк светла-блакітных вачэй пад густымі, сівымі брывамі, вачэй адкрытых i чыстых, як само бясхмарнае неба, паўторанае ў крынічным люстры бяскрайняга возера. Прыгожы быў, урэшце, увесь гэты звычайны, будзённы малюнак: вялікая чорная лодка на вадзяной пустыні, у лодцы — шэры дзед i светленькая ўнучка, а за кармой, на буксіры,— доўгае сасновае бервяно i яшчэ даўжэйшы трохкутнік растрывожанай вады.
Читать дальше