Хораша тут, калі бывае час палюбавацца!..
Цяпер вось нізам сцелецца верас у румяным ранішнім святле, а над верасам — таксама ў сонцы — густа высяцца гонкія сосны. Добра ўзняць галаву, заглядзецца на ix шэра-зялёныя, са стальным адлівам, кучаравыя верхавіны на фоне цёплага блакіту i галубіных воблакаў. Сосны гамоняць. Нібы расказваюць чароўныя казкі маленства — адну за адной, нястомна i радасна, ціха i мудра, як гэта можа добрая, пагодлівая старасць. Возера сёння маўчыць. Каля нізкага берага, чыста пясчанага ці пабрыджанага рэдзенькай травой, ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Чайкі гуляюць над люстранай вадою, пікіруючы на спажыву, або садзяцца на вільготны, вылізаны прылівам пясок, толькі імi затупаны, пацярушаны іхнімі перцамі. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Па рыбацкаму звычаю лодкі пакідаюцца назаўсёды там, дзе ix засцігне апошняя бяда.
Далей на поўдзень — абрывісты бераг. Высокі, амаль з марскою галькай унізе, з мыльным намывам пены. Вада дні i ночы, гадамі падточвае жоўтыя пласты пяску, які абсоўваецца, здрадліва агольваючы карэнне самых смелых соснаў, што густа выйшлі тут на край абрыву. Яны — вялікія i меншыя — адчаянна чапляюцца за абрыў, а потым усё ж такі падаюць...
А наверсе па-ранейшаму патрэскваюць пад нагамі дробнае сучча i старыя хрусткія шышкі. Праглядваюць мілымі вочкамі кветкі іван-ды-мар'я. Час ад часу ў вершняку перасвістваюцца каршуны, i ніяк не пасуе ім іхні свіст, зусім не маладзецкі i не грозны.
Вельмі прыемна бывае, калі ў гэтую дзіч з маляўнічай дарожкай, што пятляе паблізу ад берага, калі ў гэтую раскошную глухамань раптам урэжацца клін жыта, якое ўжо духмяна палавее, ці бульбы, якая цвіце. Знак, што i тут пахадзіла рука чалавека...
«Кароль вугроў» сядзіць на карме, стырнуючы малым вяслом, i пільна ўглядаецца ў недалёкі ўжо сасновы бераг, нібы нешта там выбірае. Падбародак старога, пакрыты нізкай густой зарасцю, больш чым калі задраны ўгару, амаль да самага носа. Ад гэтага заўсёды сціплы i прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным.
Прычына гэтай злосці з лодкі яшчэ не відаць: яна вось-вось адкрыецца за павароткай... Але стары ўжо бачыць яе: у вачах яго з самай вясны стаіць густы, высокі Пярэймаўскі бор, пакалечаны падсочкай... Яшчэ адзін знак чалавечай рукі...
«Каб яна каторая i адсохла! Не дай божа, калі рука без галавы!..»
Так думае цяпер, як здаецца Івану, яго няўрымслівы стары.
A ў Івана ўжо злосць адышла. Ён паволі, зладжана, з прыроджанай рыбацкай зграбнасцю працуе вёсламі i ўсміхаецца час ад часу, гледзячы на надзьмутага бацьку. Праўда, есці Івану вельмі хочацца, але што ж ты зробіш: стары — як малы!.. Вясляр сядзіць задам да месца, куды яны плывуць, i з-за спіны стырнавога — то злева, то справа — усё яшчэ добра відаць яму родная Падвалока. Шэрыя стрэхі. Рэдкія дрэвы. Лiпa — нібы цёмная хмара за іхнім гумном. Лявей — даўно стары вятрак, ужо толькі з двума абшарпанымі крыламі, вельмі падобны на страказу. Паміж ліпай i ветраком бародаўкай тырчыць бліндаж. Лодкі i людзі на светлым беразе. Людзі ўжо разыходзяцца... Эх, ідры яго айн, цвай, драй! Добра было б цяпер расцягнуцца на свежым сене пад прахалоднай страхой гуменца! Нават каб Маня туды прынесла снедаць, га? Каб дзверы самі за ёй зачыніліся?.. Іван са старым былі ўжо зусім недалёка ад свайго месца. Ужо нават чуваць быў за ўсплёскамі вёслаў маркотны шум падсочаных пярэймаўскіх соснаў. А тут пачалося раптам нешта зусім нечаканае... Уся Падвалока паказалася Івану з-за спіны старога i паплыла, паплыла, паплыла ўправа...
— Куды ты вернеш, бацька?
— Куды трэба. Махай трохі лепш!..
Іван спачатку зазлаваў — зусім здзяцінеў стары! — а потым засмяяўся. Яны павярнулі дахаты... Ну што ж, пасля, як стары аддасца, даведаемся пра ўсе гэтыя яго выкрутасы. А тым часам як быццам нават запахла смажанай сілявай...
Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Далей ад берага, на глыбіні чатырох-пяці метраў, відаць густая, высокая водарасць — нібы лес з-пад крыла самалёта. Спакваля пачынаецца «паглыб» — заўсёды таямнічае сіне-шэрае бяздонне. Там недзе нячутна шугаюць за спажываю вялізныя, як бярвенні, ненажэрныя шчупакі. Шугаюць, гады, a ў падвалоку не хочуць!..
Калі лодка прыстала да апусцелага берага, каля сетак, развешаных на дручках, не пахаджалі ўжо нават i кантралёры-каты.
Сілява смажыцца без усякага тлушчу. Можна нават, калі спяшаешся, i не чысціць яе, хопіць добра перамыць. Найлепш смажыць у печы, каб рыбу падрумяніла лёгкае полымя — з сухенькіх, як соль, сасновых паленняў.
Читать дальше