Каторы дзень прыходзіць, вяртаецца думка пра ix асабістыя светы, якія за адзін раз непрыблізна ўбачыць не зможа нават багатае, яркае, грунтоўна падмацаванае веданнем уяўленне.
А гэта ж так цікава — гэты сціск нябачных промняў ix дарог i сцежак у адно месца, сюды, у нашы жоўтыя белавокныя домікі, у вялікую светлую сталовую, дзе мы тройчы ў дзень сустракаемся ў поўным складзе.
А потым будзе разбег ад цэнтра, як выбліск промняў ад сонца, раз'езд ва ўсе канцы ix «зялёнай зямлі»,— у свае хаты, за свае сталы, на свае падушкі...
Як гэта цікава, i як няясна я пра гэта гавару!..
* * *
Пражыў паўстагоддзя i не ведаў, што Зэльва — ад літоўскага жальёі — зялёная. Даведаўся i нібы здзіўлены, нібы рады...
Заўсёды штосьці будзе адкрывацца, будуць здзіўленні i радасці.
Абы яны былі!
* * *
Часта, прыбіраючы ў сваім пакоі пасля падлетка-сына, успамінаю Коласа:
...Шпурнуўшы лапці i анучы
Сярод двара ў пясок сыпучы.
Ix маці зараз падабрала,
Нічога сыну не сказала.
Пайшла ў крыніцу i памыла,
На прызбе сохнуць палажыла.
Апошнія два радкі — па школьнай памяці, у зборы твораў яны гучаць інакш.
A ўсё цытую з-за падкрэсленых радкоў: як гэта проста i, перажыўшы самому, як дакладна!
* * *
«Галава пустая, як новы цэбар».
Чужое гэта? Народнае? Каб такое яна, вясковая настаўніца, прыдумала сама,— аднаго гэтага, на ўсе сто з гакам старонак рукапіснай слабізны, хапіла б, каб паверыць у яе здольнасці.
* * *
У непісьменнікаў, калі ім часамі даводзіцца напісаць што-небудзь, вырываюцца цудоўныя, вялікай мастацкай сілы дэталі, падказаныя жыццём.
Чатырнаццацігадовая дзяўчынка нясе на могілкі маленькага брата. Грамадзянская вайна, бацьку застрэлілі белыя, маці недзе ў камандзіроўцы.
«Я загарнула яго ў прасціну i панесла на могілкі. Дзень быў спякотны, але мяке ўсю калацілі дрыжыкі ад холаду гэтага маленькага мёртвага цельца».
Так успамінае праз сорак гадоў, колішняя дзяўчынка, выступаючы ў газеце. А тое, што ёй проста помніцца, падкрэсліў я.
* * *
На вялікай лясной паляне варушыцца ад нізавога ветрыку мятлічка, грэюцца ў сонцы пабрыджаныя нейкай траўкай плешаны, густа лезуць з зямлі маленькія сасоначкі. Самасейкі.
Далей ідзе шорстка-зялёная сцяна сасновага падлеску, а над ім — заўсёды непаўторна прыгожая разгалістая сасна. Адна ў сваёй медна-зялёнай, нібыта бясформеннай на свабодзе, нястромкай красе.
Сасна — на фоне вечнага, чыетага блакіту i хвалююча беласнежных аблокаў. Яны мяняюць свае формы i плывуць да сцішнаты захаплення бязгучна, пяшчотна i велічна. Нічые i агульныя. Колькі я бачыў ix зверху, над колькімі землямі i морамі!..
Каля танцавальнай пляцоўкі калгаснага дома адпачынку на сівых лавах сядзяць сапрана, альты, тэнары i басы — дзяўчаты, маладзіцы, дзецюкі i мужчыны мясцовага самадзейнага хору. Прыехалі грузавіком на рэпетыцыю. Цікава было б апісаць ix кожнага, з іхнім руплівым i энергічным кіраўніком. Ды я хачу не пра гэта.
Я — пра тое, што зноў вось ажыло ў душы, тузанула яе тым пачуццём, якое я так даўно i так пакутліва-шчасліва намагаюся злавіць i перадаць...
Група сапрана — некалькі дзяўчат, i школьнід яшчэ i ўжо работніц на полі, на фермах — нібы махнула белым крылом — пяшчотнай купальскаю песняй:
Ой, рана на Ивана...
Наша, наша яна — як рыжая мятліца, як звычайна-цудоўная сасна. Яе мы, пяшчотную песню, пры дапамозе празаічнай тэхнікі кінем туды, у блакіт, пад аблокі, адкуль наша слова i наша сэрца зловяць усюды, на ўсёй зямлі.
* * *
Гэта ў мяне даўняе, сялянскае — есці сухі, як гаворыцца хлеб не проста са смакам, але i з душэўнай радасцю, з паэтычным, амаль дзіцячым бачаннем i поля, i жыта, i сонца.
Наша цудоўнае лета. Багатае жыта, у якім заўсёды хочацца паляжаць. Трава — у густой, раскошнай квецені купалля, рамонкаў, вогнікаў — небывала добрая, ледзь не да пояса. Лён дацвітае сваім блакітна-дробненькім цветам, які каля дарогі шчодра асыпаўся на пясок.
Рэдка бываю апошнім часам у родных мясцінах, i таму, здаецца, магу ў нейкай меры свежым вокам глядзець на ix простую i вельмі не простую красу.
А «свежае вока», па-журналісцку кажучы, вельмі патрэбна. I ў творчасці,— каб азірацца на зробленае як мага больш аб'ектыўна, i ў сузіранні красы прыроды,— каб бачыць, знаходзіць у ёй кожны раз новае.
* * *
Калі я апісваю прыроду — гэта не капіраванне яе, а радасць, што жыву, што бачу.
Читать дальше