* * *
Госця. Разумна, весела шчабятлівая першакласніца. Ba ўсім чырвоным. I шчокі — з марозу — чырвоныя. Памагаю ёй распрануцца i гавару:
— Ты разумеет, што было б, калі б цябе ўбачыў індык?
— А бык? — усцешна пытаецца яна.
Нам весела.
* * *
Простыя чалавечыя радасці. Прыехалі рэдкія, далёкія госці — пляменнік з жонкай i сынам. Адзінаццацімесячны смехунок, ён стаў адразу цэнтрам нашай сям'і. Снедаючы, абгаворваем яго прыкметы. Мама мая напэўна сказала б: «Правае вока меншае — нашай пароды» . А яшчэ ў яго радзімая плямка на светленькай галаве.
I тут мне ўспомніўся мой — ужо з вусамі i хрыплым трынаццацігадовым басам. Ён у школе. Каб ён быў тут, за сталом, пахваліўся б, вядома, таксама радзімкай на галаве...
Чаму, навошта запісваю такую дробязь?
Бо ад таго, што хлопец умяшаўся б у гутарку са сваёю асобай, нібы просячы звярнуць увагу i на яго, патрымаць i яго, хоць якую хвіліну, у цёплым святле чалавечай увагі,— ад гэтага мне стала i добра на душы, i сумнавата, i захацелася пашкадаваць не толькі яго i не толькі таму, што ён — мой.
Гэтым пачуццём, як сілай жыцця, павінна быць насычана наша слова. I гэтая «дробязь» — не дробязь.
* * *
Успомніў старую ў аўтобусе, на пыльным гасцінцы родных мясцін. Як яна ні з таго ні з сяго развязала чыстую белую хустку i пачала частаваць пасажыраў вялікімі чырванабокімі яблыкамі.
Яны — нібы кветкі, нібы агеньчыкі засвяцілі. Яна — разумев ix прызначэнне: даваць людзям шчасце, народжанае з працы.
А можа радасць яе прасцейшая? Скажам, доўга ішла палямі, вельмі стамілася i ўжо нават не верыла, што аўтобус той будзе, што ён спыніцца на пустым скрыжаванні яе прасёлка з гасцінцам, возьме яе... А ён спыніўся i ўзяў!
Не, не ў гэтым прычына яе дабраты.
A ў тым жа — у натуры, у разуменні жыцця — у чым?
Было гэта... аж дзесяць год таму назад. Цяпер тыя яблыкі прыгадаліся ў нейкай сувязі з яркімі кветкамі маку, якія ўбачыў праз акно аўтобуса ў гародчыку перад светлаю хатай.
Чаму гэта не проста ўспамінаецца, а хвалюе?
Перадаваць другім такое адчуванне радасці, красы жыцця, любові да яго — няўжо гэта не сапраўднае мастацтва, няўжо ў мяне ёсць яшчэ i такія сумненні?
* * *
Былі сустрэчы, ростані, праца i адпачынак за адным сталом, выступленні ў вясковых школах i перад студэнтамі, былі самотныя гутаркі пра наша найдаражэйшае, былі вандраванні па роднай зямлі. Пехатой, у машыннай выгодзе, у маторнай лодцы насустрач ветру, у самалёціку над балатамі...
Першае выданне сабраных ім беларускіх прыказак — факт ужо гістарычны, адна з яго, ужо даўно шматлікіх, кніг. A ў маёй памяці, у тым раздзеле, дзе ў загалоўку значыцца імя i прозвішча Фёдар Янкоўскі, кніга гэтая — яшчэ ўсё рукапіс, над якім мы ўдвух сядзім, яшчэ ўсё снег пералётвае i ляжыць за акном, сосны маўчаць, a з паперы гаворыць народная мудрасць, паэзія ў скупасці слова...
Пасля пайшлі яго другія рукапісы. Над самым капітальным з ix, над рукапісам першай беларускай фразеалогіі, мне таксама давялося пасядзець, у якасці першага чытача. Аднаму ўжо, без аўтара. Тыя гадзіны,— дарэчы, таксама ca снегам i соснамі за акном,— бачацца ўжо не далёкім, светлым пачаткам нашага сяброўства, а проста як час сапраўднай чытацкай асалоды i плённага творчага роздуму. I ў гэтай — тады яшчэ толькі будучай — кнізе мне зноў адкрывалася шчаслівае спалучэнне карпатлівай, настойлівай працы высокага майстра i закаханасці вернага сына народа. Мне ўжо даводзілася пісаць пра найсвятлейшае ў маім уражанні ад гэтай кнігі, тут я свядома паўтаруся. Ілюстрацыйныя прыклады, запісаныя руплівым даследчыкам у розных кутках нашай рэспублікі i часткова запазычаныя ім у папярэднікаў, разгортвалі перада мной жывую, паэтычную карту роднай мовы, хвалявалі душу яе нелінючымі фарбамі, крынічным звонам яе несмяротнасці. Як i ўсюды, i ў гэтай сваёй працы ён хаваецца за народ, з натуральнай сціпласцю разумення справы. Але ў адным выпадку, дзе даецца апавяданне вясковай бабулі пра тое, як даўней маладую садзілі на пасад, ён, па няўвазе ці ад пашаны да дакладнасці, выдаў сябе. «Раскажу табе, голубе, усё...» — гаварыла бабуля. I я ўпэўнены, мне зусім жыва ўяўляецца, што так яна гаварыла іменна яму, чарняваму, ціхаму хлопцу з харошай усмешкай, прастата якога хавае ў сабе i былую суровую, некрыклівую мужнасць партызана-разведчыка, i па-народнаму шчырую, у сэнсе поўнай аддачы, працу выдатнага выкладчыка, i талент ды вопыт вучонага, набытак якога не сорамна пакласці ад імя Беларусі на міжнародны стол. Толькі таму, хто любіць свой народ, народ раскрывав свае векавыя скарбніцы.
Читать дальше