Я iграў на флейце i не пярэчыў Хведару. Я глядзеў з вежы на мястэчка, на комiны, цагельню, на пажарную вышку, на царкоўны купал без крыжа... Я глядзеў на зарослае бэзам, палыном i крапiвою соннае мястэчка.
Хведару пярэчыў Ладак.
Ладак насiў фуфайку. У касцёле было сыра i халодна, i Ладака выратоўвала шэрая i цяжкая фуфайка. Ладак спрачаўся:
— Мы працягваем пачатае. Не мы распачалi будоўлю, не мы скончым яе. Да нас пабудавалi, да нас зрабiлi некалькi рапарацый, да нас паставiлi i гэтыя рыштаваннi. Мы толькi ўмацоўваем. Мы зробiм, колькi зможам. Пасля нас прыйдуць наступнiкi i будуць працягваць зробленае папярэднiкамi. Частка збудаванага згiне, але большасць застанецца. Два анёлы разбiлiся, астатнiя засталiся. Частка знiкне, i гэта непазбежна, але мы працуем дзеля цэлага, дзеля вялiкага, а не дзеля кавалка...
У спрэчках я не падтрымлiваў нi Ладака, нi Хведара, бо не ведаў, на чый бок стаць. Я сядзеў на карнiзе, пад зорамi, i вучыўся iграць на флейце. Сваёй прысутнасцю я аб'ядноўваў Ладакаў iдэалiзм i Хведараў матэрыялiстычны песiмiзм. Хведар працягваў:
— Рыштаваннi трэба разабраць i паставiць новыя. Трэба заказаць стацыянарныя, жалезныя. Калi мы не зробiм гэтага, мы пазабiваемся, ходзячы па струхнелых дошках... Але адкажы мне: дзеля чаго мы распачалi гэтую працу? Папярэднiкi прыйшлi ў абрабаваны, закiнуты сабор i паставiлi рыштаваннi, а потым кiнулi працу. Дошкi i бярвеннi згнiлi. Цяпер прыйшлi мы. Дзеля чаго? Дзеля таго, каб паставiць новыя рыштаваннi i сысцi? Мы прыйшлi, каб пайсцi. Нам здавалася, што мы адновiм сабор. Але гэтак мы думалi ў сталiцы. А тут — правiнцыя, абыякавая да нас i да сабора. Я пераканаўся, што сабор нiколi не належаў гэтаму закiнутаму мястэчку. Увесь час, на працягу чатырох стагоддзяў, нехта прыязджаў са сталiцы i падтрымлiваў сабор. А мястэчка было здатнае толькi нiшчыць. Выбiвалiся шыбы, выломлiвалiся рамы, узрывалася падлога, здымалiся дзверы, рабаваўся алтар, разбiваўся арган... Праўда, потым уставiлi вокны i навесiлi дзверы, каб захоўваць у саборы ўгнаенне. Местачкоўцы i сягоння салiлi б у саборы агуркi цi захоўвалi ўгнаеннi, каб не папярэднiкi, што прыйшлi i выгналi iх. У сутарэннях соль з'ела сцены на паўтары цаглiны...
— Спынiся, я скажу, — упэўнена пачаў Ладак, — сягоння ў скверы я сустрэў жанчыну. Яна спынiла мяне i загаварыла. Яна казала так. Вы з тых будаўнiкоў, што працуюць у нашым саборы. Яна так i сказала — нашым саборы, не ў царкве цi ў касцёле, а ў саборы. Вы аднаўляеце яго, i я хачу вас папрасiць застацца ў мястэчку, пакуль не скончыце рапарацыю. Вам не варта вяртацца ў сталiцу. Там шмат будаўнiкоў, i вас там нiхто не ведае, а тут вас ведаюць i любяць усе. Вы iдзяце вулiцаю, i ўсе гавораць услед, што пайшоў чалавек, якi будуе сабор. А тыя, што былi ў саборы да вас, з'ехалi, кiнулi пачатае... Мы глядзелi на вежы i чакалi, мы спадзявалiся, што будаўнiкi вернуцца. Але замест iх прыехалi вы. Дык няўжо i вы не зробiце працы да канца?
Хведар засмяяўся. Ён смяяўся нядобрым сухiм смехам, а потым загаварыў роўна i спакойна, быццам не было нiякага смеху:
— Яны чакалi i спадзявалiся?! Як жа ж, чакалi. Яны абдзiралi цынк з саборнага даху i крылi iм свае лазнi. Яны кралi вапну i цэглу i будавалi хлявы. Усё, што падрыхтавалi нашыя папярэднiкi, яны цягнулi i прадавалi. А твая сустрэча з жанчынай — выключэнне. Да нас прыходзяць, з намi гавораць. Але хто? Хто з намi загаворвае i нам спачувае? Адзiнкi. Убогiя i слабыя. Іх адрынула мястэчка, i яны iдуць да нас. Іх лiчаць ненармальнымi, дзiвакамi. На iх нельга спадзявацца, яны не могуць супрацьстаяць тым, хто разбураў...
Хведар гаварыў. Ладак слухаў. А я iграў. Я спрабаваў скласцi мелодыю, я чуў яе i мог нават праспяваць, але не мог сыграць яе на флейце. Я не саромеўся свайго няўмення. Я не саромеўся насiць кунтуш, якi мне падарылi ў тэатры. Я дапамагаў там хутчэй зрабiць дэкарацыi. Знаёмыя папрасiлi. А ў тэатры iшло спiсанне. Кунтуш трапiў да мяне. Ён быў цёплы, i ў саборы можна было хадзiць у iм i не мерзнуць.
Хведар з Ладакам спрачалiся штовечар, пакуль Ладак не захварэў. Спачатку яго бiў траскучы кашаль, кашаль сухi, як мех з-пад цэменту, сухi, як наждачная папера. А потым пачалося запаленне лёгкiх. Ладак цэлымi днямi ляжаў у ложку, i ў яго была гарачка. Аднойчы Ладак страцiў прытомнасць. Ён устаў з ложка, зрабiў крок i ўпаў. Мы не ведаем, колькi Ладак праляжаў без прытомнасцi на цэментавай падлозе. Хведар пайшоў у бытоўку па запалкi i знайшоў Ладака на падлозе ў адной кашулi. Мы выклiкалi "хуткую", i Ладака забралi ў бальнiцу. У местачковай бальнiцы Ладак прабыў тры днi, бо зрабiлася горш i яго павезлi ў горад.
Читать дальше