— Яўменавіча?
— Яго, яго, чорта лысага, — буркнуў Вікенцій i пайшоў у кабінет. А сакратарка глядзела яму ўздагон i вельмі ж загадкава пасміхалася.
Залоза ўскочыў з папкай папер, але ўбачыў, што губернатар нахмураны, што асенні дзень, i не палез вітацца за руку, як звычайна, — зрабіў выгляд, што забыўся на прывітанне.
— Як з'ездзілася?
— Што ты робіш?
— А што?
Вікенцій Паўлавіч бліснуў поглядам на дзверы ў прыёмную.
Іван выбраў лепшую абарону — наступление.
— Ты ж мне даручыў займацца кадрамі апарата. Акрамя тваіх намеснікаў i загадчыкаў упраўленняў i аддзелаў...
— Іван, не круці. Я цябе бачу наскрозь, вялікі камбінатар.
— А што, не падабаецца? — i вельмі здзівіўся. — Аня не падабаецца? Ну, ты даеш, пан губернатар!
Што адказаць такому нахабніку? Паддайся такому...
— Куды ты Матрону падзеў? — спытаў строга, падумаўшы: «Калі зволіў — мала табе не будзе».
— А я перавёў яе да сябе загадваць сектарам. Зарплата вышэйшая. Перад пенсіяй ёй гэта важна.
Вікенцій Паўлавіч расслабіў сціснутыя кулакі.
— Хітруган ты, Іван, сын Яўменаў.
— Вікенцій Паўлавіч, дарагі мой чалавек! Толькі дурні не маюць хітрасці. А я не дурань.
— Што не дурань, то гэта праўда. Ну, што там у цябе ў папцы? Новыя камбінацыі? Не ўздумай паказаць мне камбінацыю з трох пальцаў — раскушу...
Залоза весела засмяяўся.
— Ну што ты, Вікенцій. Каб я!.. Ды лепшага памочніка ты да пенсіі не знойдзеш.
— Да пенсіі я застануся без памочнікаў.
— Не дазволім!
— Самаўпэўненасці ў цябе... — i падумаў: «За такі падхалімаж варта даць пстрычку па носе. Не даю. Прывучаюся? Не расслабляйся, Вікенцій!»
— Як твой аукцыён?
— Выдатна.
— Нават выдатна? Не думаў.
— Бо не цэніш маіх здольнасцей.
— I што прадалі?
— Усё, што зацвердзіў губернатар, прыватызавалі. Добра папоўнілі бюджэт. Не будуць урачы галадаць.
— Не люблю я гэтага слова. Народ правільна перайначыў: прыхватызацыя.
— Вялікі ты марксіст, Вікенцій. Маркса, Леніна ў шафу паставіў...
— А ты выкінуў бы, як Чувак? Ты хоць прачытаў «Капітал» у партыйнай школе?
Залоза весела аскаліўся.
— У школе не чыталі. У школе здавалі экзамены. А перад экзаменам мы добра частавалі прафесара.
— У тым i бяда, што мы гультаі i ад гэтага невукі. Цяпер які толькі бруд не выліваюць на Леніна. Сто прафесараў, учарашніх марксістаў расстаўляюць коскі ў ленінскай фразе: «Расстрелять нельзя помиловать». I забываюць, колькі Ленін напісаў. А мы з табой добрага артыкула не сачынілі. I ніхто не ўспамінае, што ў Леніна ёсць i такое выказванне: «Каким будет социализм, этого мы знать не можем». А ты кажаш! — Вікенцій Паўлавіч паглыбіўся ў даўгі спіс, дзе былі пералічаны аб'екты, пакупнікі, сумы, за якія прададзены. Хмыкнуў разы тры. I раптам ажно скалануўся, адкінуўся на спінку крэсла.
— Чувак купіў кандытарскі магазін?! За якія даходы?
— Вікенцій Паўлавіч! На аукцыёне пракурора не садзяць, які пытаў бы: адкуль у цябе грошыкі?
— Але мы з табой знаем, што накраў твой Чувак.
— Чаму ён мой? Канешне, накраў. Але не дакажаш. Правярала кантрольная палата па тваім загадзе. I што выявіла? Смешную дробязь.
— Бо i ў правяральшчыкаў рыла ў пуху.
— Не дакажаш.
Вікенцій Паўлавіч схіліўся над спісам i тут жа зноў адкінуўся:
— Іван! Чартаўшчына нейкая атрымліваецца: Чувакоўскі кандытарскі тайней, чым абутковы... Як гэта атрымалася? Ды ў кандытарскім плошча ў тры разы большая, абсталяванне, па-мойму, там нават італьянская пякарня...
Залоза зрабіў здзіўленыя вочы, схіліўся над сталом, заглядваючы ў спіс.
— Праўда тайней? Не танней. Адна цана.
— Але магазіны розныя.
— Чорт яго знае! Я з малатком не сядзеў. Аукцыён ёсць аукцыён. Загадак на ім не менш, чым у жыцці. Думаеш, мяне не здзіўлялі там i цэны, i конкурс? А чым ты растлумачыш, што за кравецкую майстэрню i пачатковай цаны ніхто не прапанаваў?
— I не прадалі?
— Не прадалі. Знялі з аукцыёна. Я зняў. Скажу шчыра: цябе пабаяўся, ведаючы тваю ўнікліваець.
— Не вельмі ты баішея.
— А ты хацеў, каб баяліся?
— Вось гэтага я не хачу, — i зноў у спіс, чытаў павольна, перад некаторымі аб'ектамі i прозвішчамі паставіў птушачкі, пытальнікі.
— Што ты адзначаеш?
— Трэба ўдакладніць, што за людзі пакупнікі. Мы з табой павінны ведаць сваіх «герояў». Нам з імі ваяваць.
— З імі ці супраць ix?
— Калі зладзюгі, то i супраць.
— Уедлівы ты чалавек, Вікенцій. Але хачу сказаць табе адно: не ваюй супраць «новых». Яны ўжо сіла. Клас. Другой рэвалюцыі не зробіш. Падтрымай ix.
Читать дальше