Каржакевіч засмяяўся.
— А вы ведаеце кухню.
— A хіба я на небе жыў?
— Але якія мы былі б кіраўнікі, каб не рабілі таго, што вы пералічылі. Гэта наша праца. Памагаць трэба не толькі вагоннаму заводу, але i сумеснаму з немцамі тарнаму заводу.
— Але за гэта вам дзяржава плаціць зарплату.
— Хто ў наш час жыве на зарплату?
— Вы выдаеце сябе.
— Вы робіце абразлівыя вывады. Я жыву на зарплату. Але каньяк часам п'ю чужы. I піва бясплатнае... Які б вы не былі звышсумленны, адгарадзіцца ад людзей сцяной вам не ўдасца, a ў ix, у людзей, свае нормы жыццяўклада. I ix, нормы гэтыя, проста так, адным махам не пераробіш. Дазволю сабе параіць вам: не спрабуйце секчы з пляча. I не ператварайцеся ў новую мятлу. Чувак грыміць наконт мятлы. Але дзвярыма не грукае, абыходзіць упраўленні, аддзелы, чуллівых жанок да слёз даводзіць.
— Акцёр.
— Акцёр, — згадзіўся Каржакевіч i сумна ўздыхнуў: — Усе мы акцёры, толькі тэатр наш пагарэў.
Паездка ў сталіцу не дала тых вынікаў, на якія спадзяваўся, таму настрой быў не лепшы. Думаў: «Не навучыўся я выбіваць. Іван кажа: гэта талент — умець выбіць. I лічыць, што ён найлепшы выбівала з усіх нашых выбівал. Трэба было ўзяць яго». Ішоў пехатой на працу, што рабіў часта, хоць ахоўнік — упаўнаважаны КДБ Міхаіл Палавінка — пратэставаў супраць гэтага, папярэджваў:
— Вы глядзіце: губернатараў страляюць, як курапатак.
— Не палохай. Я не з баязлівых.
A Іван, самы блізкі чалавек, неяк за кавай папракнуў:
— Танную папулярнасць нажываеш сваімі прагулкамі. А мы дрыжым.
Але Вікенцій Паўлавіч ведаў, што гараджанам падабаецца дэмакратычнасць губернатара: з ім можна i на вуліцы пагаварыць.
Вярнуўся а другой палавіне ночы. Не даспаў. Галава чыгунная. Але звонкае асенняе паветра — уначы падмарозіла — хораша ўзбадзёрыла. Сцяпану загадаў спаць да паўдня. Не будзе стары спаць, Юрка спаў бы. А Сцяпан скардзіцца, што мала работы.
— Мала вы ездзіце.
— Бензін дарагі.
— I сямейныя вашы... жонка, дзеці. Няўжо ім не трэба?
— Няхай не разяўляюць рот сямейныя. Службовая машына не для прыватных паездак.
— Каб жа ўсе так лічылі, — i стары шафёр цяжка ўздыхаў — ці ад таго, што не ўсе такія, ці ад таго, што сумна яму цэлы дзень забіваць у гаражы «казла».
Прайшоў — i ўзбадзёрыўся, як аднавіўся. На ліфце паднімаўся зусім з іншым настроем, чым той, што застаўся ад паездкі. «Чорт з імі, гэтымі сталічнымі бюракратамі!»
Адчыніў дзверы ў прыёмную і... ашаломлена застыў: замест Матроны Піліпаўны на сакратарскім месцы сядзела другая жанчына — маладая, эфектная, з густам падфарбаваная, з моднай прычоскай. Але ашаламіла не сама нечаканая падмена. Ашаламіла, што насустрач, запунцавеўшыся, паднялася даўно знаёмая, яшчэ з камсамола, прыгажуня Аня Апановіч, інспектар райана, сакратар камсамольскай арганізацыі ўсяго выканкама. Не толькі яны, камсамольцы, але некаторыя ўжо i пасівелыя дзядзькі былі закаханы ў яе.
Ён, Вікенцій, разы тры цалаваўся з Аняй, але быў ужо жанаты i дакараў сябе нават за словы, якія аднойчы сказаў ёй: «Шкадую, што рана ажаніўся». Адчуваў сябе вінаватым перад Машай. I пасля таго пазбягаў заставацца з Аняй адзін на адзін, а яна не аднойчы набівалася ў паездкі па раёну. Не ўзяў ні разу — баяўся грэхападзення.
I вось яна ў яго прыёмнай. Якім чынам? Якім... Іванава штукарства. Толькі гэты вялікі камбінатар мог знайсці яму такую сакратарку. «Колькі гадоў я не бачыў яе? Гады чатыры. Не пастарэла. Такая... Аднак, дзе ты, камбінатар, выкапаў яе? Во ўжо праўда: з-пад зямлі можаш дастаць...»
Кароткую хвіліну цягнулася яго трохі збянтэжанае здзіўленне, але гэта дало ёй магчымасць павітацца першай — з ласкавай усмешкай:
— Добрай раніцы, Вікенцій Паўлавіч.
— Добры дзень, Ганна Фядосаўна Апановіч. Так?
— Не забыліся? — яна ціха засмяялася.
Ён наблізіўся, праз стол працягнуў жанчыне руку. Яе рука была гарачая, а яго, з вуліцы, халодная. I цеплыня гэтая пацякла па руцэ ў... куды? у сэрца? I гэта яго спалохала, ён адняў руку.
— Вы падмяняеце ці... на пастаянна?
— A хіба Іван Яўменавіч з вамі не гаварыў? — яна як спалохалася.
— Гаварыў, гаварыў... Але не сказаў, каго знойдзе.
— Мяне знайшоў.
— Нядоўга шукаў.
Ганна засмяялася неяк дзіўна.
— А яны сябруюць з маім мужам. Не раз i не два бралі чарку ў нас на кватэры. Івану мае рыжыкі падабаюцца. Не грыбны быў год, a ў мяне рыжыкі ёсць. Не адмовіцеся пакаштаваць? Толькі без чаркі не той смак...
— Запрасіце яго да мяне.
Читать дальше