— Што вас здзіўляе?
— Не, нічога. I ніхто. Усё правільна. Іван Яўменавіч проста знае, што Чувака трэба як можна хутчэй гнаць... вызваляць, прабачце.
— За што?
— Многа накраў. Хопіць. Трэба i іншым нешта пакінуць.
— Здзіўляеце вы мяне. Зналі, што крадзе, i трымалі? Вы колькі кіруеце вобласцю, як Мудры раптам пайшоў у адстаўку?
— Тры месяцы...
— I толькі цяпер раскусілі Чувака?
— Раскусіў даўно. Але таго, хто ўмее красці, нялёгка зняць. Так было, ёсць i будзе. Пакіруеце — пабачыце.
— Так ёсць, але так не будзе!
Намеснік цяжка ўздыхнуў.
— Дай Бог. Дык магу працаваць далей?
— Безумоўна. Калі, канешне, спрацуемся. А цяпер, агледзеўшыся, я прыйду да вас за навукай. Будзеце вучыць?
— О! Гэта новае. Ніводзін першы не вучыўся ў сваіх намеснікаў.
— Вы так думаеце? Гонар не дазваляў прызнацца, а вучыцца вучыліся. Толькі дурань ні ў каго не вучыцца.
Сяргей Аўдзеевіч весела засмяяўся.
— А плакаць не будзеце, калі я буду біць вас лінейкай па руках? Бацька мяне біў. Здорава памагала.
— Толькі ж не вельмі важкую лінейку выбірайце. А то я музыка, глядзіце, якія тонкія пальцы.
— Я люблю прадметы важкія, моцныя. Жонка гадоў дзесяць пілуе, што я ніяк не замяню ў спальні шафу з дубовых дошак. А мне шкада. Гадоў сорак назад склеена нашымі лепшымі ў свеце мэблярамі. З пушкі не разаб'еш. Перасунуць з месца на месца — трэба не менш чацвярых добрых малайцоў.
Дзіўна, але менавіта гэтая дробязь — шафа — дала дозу сімпатыі да гэтага стыльна апранутага чалавека. Не мела значэння, што гэта — кансерватызм, ашчаднасць. Ашчадным ён быў i сам, i Маша, i дзяцей выхоўвалі ў беражлівасці. А кансерватызм... У маладосці ваяваў супраць кансерватараў. А цяпер i гэтая рыса стала падабацца ў людзях: такія не ламаюць бяздумна ўсё старое, не рэфармуюць жыццё з наскока.
Зноў спыніўся перад пустымі паліцамі кніжнай шафы. Пастаяў, падумаў, выйшаў у прыёмную.
— Матрона Піліпаўна, там у шафе пустыя полкі. Што вынеслі? Маркса i Леніна?
— Канешне, класікаў, Вікенцій Паўлавіч, — жанчына стоена ўздыхнула.
— I дзе гэтыя кнігі?
— Думаю, у Васіля Антонавіча на складзе. Ён чалавек культурны, такія кнігі не мог выкінуць у макулатуру.
— Пастаўце, калі ласка, ix на месца.
— Зараз жа?
— Не. Пасядзіце ў прыёмнай. Мне хочацца з пэўным парадкам прыняць першага наведвальніка. Зраблю першы крок да... бюракрата.
— Вы бюракратам не станеце.
— Бог яго ведае. Не хачу стаць ім. Але напэўна буду. Нікуды не дзенешся — такое жыццё!
I ён неўзабаве з'явіўся, першы прасіцель. Загучаў голас у невялікім настольным дынаміку — ажно спалохаў:
— Вікенцій Паўлавіч! Да вас просіцца на прыём Барэйка.... Кажа, вы яго ведаеце.
Не прыгадаў чалавека з такім прозвішчам.
Матрона Піліпаўна прынесла паперку: «Барэйка Сцяпан Фаміч, шафёр аўтабазы выканкама».
— Ах, Сцяпан! — i адчуў няёмкасць: два тыдні ездзіў з ім i не даведаўся прозвішча. «Такая мая ўвага да людзей! Да старога чалавека: Сцяпан, Сцяпан. Як i да маладога Юркі. Пасаромейся, губернатар».
Падняўся, сам выйшаў у прыёмную. Павітаўся з шаферам за руку; рука шурпатая, мазолістая, выходзіць, не толькі баранку круціць. Чалавек вельмі збянтэжыўся.
— Заходзьце, заходзьце, Сцяпан Фаміч.
Зайшоў, стаў пасярод кабінета, збянтэжана камячыў фуражку, то чырванеў, то бляднеў.
— Ды вы сядайце.
Не сеў. Махнуў шапкай i — як у ваду кінуўся.
— Таварыш губернатар! За што ж мяне з работы гоняць? Тры гады да пенсіі.
— А за што?
— А я не помню, што я сказаў, калі шчанюк той, няўмека, машыну стукнуў. Ну вылаяўся, відаць. Хоць i гэтай прывычкі не маю.
— I за гэта вас звальняюць? Хто?
— Дырэктар.
— А дырэктару хто сказаў?
— А я падумаў — вы...
— Ды што вы!
Адразу падумаў: «Відаць, Іван, зараза. Яшчэ не заняў пасады, a ўжо камандуе. Але ж i арганізатар. Свой чалавек, надзейны. Грудзьмі заслоніць... i ад кулі, i ад слова. Без такога шчыта з'ядуць. Але як табе паказаць тваё месца? Каб без слоў зразумеў...»
— Ды вы сядайце, Сцяпан Фаміч. I не хвалюйцеся. Будзеце працаваць. Такімі кадрамі не кідаюцца, — i ўміг прыйшло рашэнне, якое здалося бездакорным: — Хочаце мяне вазіць?
— Вас? — шафёр ажно падняўся з крэсла.
— А што? Толькі вам я магу даверыць сваю персону.
Як пазваніць вашаму дырэктару? Як імя яго? — не помніў дырэктаравага тэлефона, толькі дыспетчара.
Прыйшлося падключаць Матрону Піліпаўну. Вікенцій Паўлавіч набраў тэлефон кіраўніка аўтабазы.
— Міхаіл Васільевіч? — i назваў сваё прозвішча. Дырэктар не дачуў ці не паверыў.
Читать дальше