— Маша, на што ты мяне штурхаеш: губернатар просіць за сына. Як ты не разумееш? Смяяцца будуць. У прамовах — адно, у жыцці — тое ж, што рабілі ўсе...
— I будуць рабіць, — уздыхнула Марыя Іванаўна.
— Пры мне не будуць!
— Наіўны, ты, Віця. Перабольшваеш свае сілы.
Успомніў жонку, тую нядаўнюю размову ўначы, калі нават Толя i Таня, нацешыўшыся тэлевізарам, салодка спалі. Пасміхнуўся. Гледзячы на карашкі экцыклапедыі, звыкла разгладзіў вусы — але ix не было: перад выбарамі пагаліўся. Цяпер пашкадаваў i цвёрда вырашыў:
— Адрашчу, — i задаволена пасміхнуўся. — Ну што, Марыя Іванаўна, дык хто аказаўся мацнейшым — стары Мудроны ці твой бязвусы муж? А ты не верыла...
Звярнуў увагу на пустыя паліцы. Яўна ж з ix прыбралі кнігі, i прыбралі, відаць, Маркса i Леніна, вунь толькі даведачную пакінулі.
Вырашыў вярнуць ix: лепшыя эканамісты, палітыкі i філосафы яшчэ не выраслі.
I зноў, не ў першы раз, падумаў самакрытычна пра слабасць сваёй платформы: у яе няма кітоў, на якіх бы яна стаяла, — тэорыі. У апошні год прагна чытаў літаратуру пра вопыт высокаразвітых краін; кніг такіх пераклалі нямала ўжо, але больш пра эканоміку, пра палітыку — мала, a філасофскага абгрунтавання рыначных адносін у сукупнасці з усімі працэсамі, якія адбываюцца ў грамадстве, у псіхалогіі людзей, — i зусім мала... Што такое сучасныя класы i што адбываецца паміж імі? Хацелася як можна больш прачытаць пра арганізацыю грамадства, якое назвалі «шведскім сацыялізмам». Але якраз такіх прац i не было. Нешта пішуць рускія аўтары — тыя, што нядаўна славілі марксізм-ленінізм. A перакладаў са шведскай мовы зусім няма. Не хочуць шведы пісаць? Разляніліся ад сытага жыцця? Ці няма чым хваліцца перад цэлым светам? Кітайцы бадай лепшы сацыялізм будуюць. Кітайскі — больш да сэрца, але зноў жа толькі з падачы рускіх аўтараў.
Ад думак такіх ажно стаміўся. Сеў у зручнае, хоць i нямяккае крэсла за вялікі пусты стол. Пакуль ніводнай паперкі: накапленні старой улады прыбралі.
I тут апанавала трывога... Усё тэорыя, тэорыя... Высокія матэрыі. А практычна што? З чаго пачаць? Што рабіць? Дзве гадзіны ўжо ён гаспадар кабінета. I за дзве гадзіны не зазваніў ніводны з чатырох тэлефонных апаратаў. Што гэта — байкот? Ад такой думкі ў пот кінула. A калі так i далей будзе? Ды не. Чаго-чаго, а званкоў хопіць. Жыццё ідзе. А без начальства ў нас працаваць не навучыліся. Хто яшчэ не ведае, што ён заняў вялікі кабінет, хто будзе вывучаць нораў новага губернатара, хто далікатнічае: чалавек наваселле спраўляе, а яму надакучаюць... Трэба i самаму пра сябе даць знаць, праявіць ініцыятыву.
Ранішнім сваім крокам, першым у гэтых сценах, Вікенцій Паўлавіч быў задаволены. Раней, чым зайсці ў свой кабінет, ён ласкава пагаварыў з сакратаркай Матронай Піліпаўнай, сівой ужо жанчынай. Яна глядзела на новага губернатара спалоханымі вачамі i пэўна палічыла сваім абавязкам паведаміць:
— Я маю пенсійны ўзрост.
— А што, вам у космас ляцець? За гэтым сталом, бачу, вы камп'ютэр асвоілі... можна доўга сядзець.
— Я i сяджу чатырнаццаць гадоў... a ўсяго...
— Не бойцеся. Старыя кадры я ў крыўду не дам.
I пайшоў не ў свой кабінет, а да першага намесніка Каржакевіча.
Маладзейшы за яго, адзеты ў новы гарнітур (не помніў: заўсёды сустракаў яго такім элегантным, ці ён так адзеўся для сённяшняга дня?). Сяргей Аўдзеевіч пачціва падняўся i, здалося, пабляднеў. Гэта Вікенція Паўлавіча здзівіла, бо чуў, што ён незалежны, прынцыповы, нікому не баіцца праўду сказаць, хоць часам гэтая незалежнасць перерастала ў ганарыстасць i фанабэрыю, за што яго асуджалі.
Павіталіся за рукі i добрую хвіліну разглядвалі адзін аднаго — вывучалі, хоць i дагэтуль сустракаліся не аднойчы. Але тады Каржакевіч стаяў вышэй, цяпер наадварот.
Намеснік закурыў цыгарэту, прапанаваў пачак начальніку i здзівіўся, што той не курыць.
— I гарэлкі не п'яце?
— Часам — віно.
— Доўга жыць будзеце. А я выпальваю па два пачкі ў дзень. I гарэлку п'ю, — сеўшы не за рабочы стол, а за доўгі — для нарад, напроціў Вікенція Паўлавіча, адразу, без уступу i падрыхтоўкі, выявіў свой прамы характар:
— Дык мне збіраць манаткі?
— Чаму?
— Кожны новы першы — раней, цяпер — прэзідэнт ці губернатар падбірае сваю каманду. Я ў вашай камандзе не быў, я падтрымліваў Пятра, лічыў: стары конь баразны не скрывіць. Возьмеце Залозу?
— Не.
— Не? — Каржакевіч здзівіўся.
— Іван прымае маю прапанову. Але не на ваша месца. Ніжэй. Сам просіцца на кіраўніка справа.
Каржакевіч легка свіснуў i ціхенька засмяяўся.
Читать дальше