Сеў у крэсла, спытаў па селектары:
— Матрона Піліпаўна, хто ў нас займаецца навукай?
— Якой?
— Усімі навукамі. Універсітэтамі, інстытутамі.
— Быў аддзел, але яго скасавалі. Цяпер усё ў аблана — школы, інстытуты...
— Прабачце. Я не дабраўся яшчэ да штатнага раскладу. Хто загадчык?
— Дык Сімакоў жа, ён з вамі ездзіў.
Ажно ў галаву ўдарыла. Як можна забыцца, што загадчык аблана Эдуард, з якім знаёмы з камсамола? Во гэта заскок дык заскок! Вушы загарэліся ад сораму.
«Думай, Вікенцій! Думай! Раней, чым націснуць кнопку селектара. Любую кнопку. Няўвага да людзей, да ix пасад, характараў — недаравальны грэх для любога кіраўніка. Асабліва для таго, каму далі такое гучнае званне — губернатар».
Рабочы ў спяцоўцы прынёс кнігі. Цэлы мяшок. Цяжкія, што цагліны. Бадай злосна грукнуў мяшок на падлогу, на паркет.
Вікенцій Паўлавіч абурыўся. Абурыла не тое, што так непаважна кінуў кнігі — кнігі! Абурыла, што не павітаўся нават, слова не сказаў. Кінуў: во ваша дабро! I пайшоў. Чым незадаволены? Падумаў, што вяртаецца былая ўлада? А чым яму дрэнна было пры старой уладзе? I што яму дала новая?
Ды Бог з ім, з рабочым. У кожнага свой характар. Ды ці мала што яму магло сапсаваць настрой. Мог той жа Чувак на развітанне даць разгон, спагнаць злосць на падначаленых.
Дастаў з мяшка том Леніна, зморшчыўся. Кніга была бязбожна запылена. Адчыніў дзверы ў прыёмную, папрасіў:
— Матрона Піліпаўна, дайце мне анучыну якую чыстую кнігі выцерці.
Сакратарка не адразу прыйшла з двума ладнымі шматкамі блакітнай фланелі.
— Вы, Матрона Піліпаўна, вытрыце пыл, а паставіць... я сам пастаўлю.
Узяў том Леніна, разгарнуў. Прачытаў: «С другой стороны Рабкрин должен быть сведен к 300-400 служащим, особо проверенным по части добросовестности и по части знания нашего госаппарата, а так же выдержавшим особое испытание относительно знакомства их с основами научной организации труда вообще и, в частности, труда управленческого, канцелярского и т. д.»
Здзівіўся. «I на гэта забыліся? Не помню, каб за апошнія шэсць гадоў хтось прыгадаў ленінскія словы... Гэтыя i многія іншыя. A між тым як актуальна яны гучаць».
Матрона Піліпаўна, убачыўшы, як губернатар паглыбіўся ў чытанне, выцірала i складвала кнігі бясшумна, стаіўшы дыхание. Вікенцій Паўлавіч чытаў.
Увайшоў Каржакевіч, прысеў каля стала. Гаспадар зірнуў на яго i дачытаў абзац.
— У што вы так паглыбіліся?
Вікенцій Паўлавіч загарнуў кнігу.
— Ленін? — здзівіўся намеснік. — Вы штудзіруеце Леніна? Думаеце, вернемся ў сацыялізм?
— Думаю, што вернемся. Але не сёння. I не заўтра. Гадкоў... Не скажу праз колькі... не праз адзін дзесятак. I сацыялізм той будзе зусім іншы. Чыталі пра шведскі вопыт? А я на днях прачытаў выказванне аднаго старога, які не занімаў высокіх пасад, але стаў бацькам самай вялікай нацыі — Дэн Сяопіна. Я нават выпісаў яго словы, — дастаў з нагруднай кішэні запісную кніжачку. Во яны: «Які сэнс у ярлыках — «капіталістычны», «сацыялістычны»? Галоўнае — развіццё прадукцыйных сіл, павышэнне жыццёвага ўзроўню». Але я гатовы аспрэчыць i Дэна. Каб ісці да мэты i не блукаць, трэба знаць дарогу, а дарога ў палітыцы i эканоміцы — тэорыя. Без яе — як цёмнай ноччу ў лесе.
— Не распішуць вас журналісты, убачыўшы ў шафе гэтыя кнігі?
— Няхай распісваюць. Чаму мы ўсіх баімся? Кніг баімся. Дэмакраты!
— Дарэмна вы так раптоўна Чувака выгналі.
— Я не выганяў яго. Ён сам падаў заяву па ўласным жаданні. Ад вас ён выскачыў раз'юшаны.
— Ад мяне?
— А каму я сказаў, што Іван Залоза просіцца на кіраўніка? Нікому не казаў...
У Каржакевіча перасмыкнулася шчака.
— Ваш Іван яшчэ ў час выбараў крычаў, што разгоніць усіх нас.
— Ну i дурань. Хоць на Івана гэта не падобна. А чаму вам раптам стала шкада Чувака? Вы ж самі сказалі: злодзей.
— Злодзей. А хто ў наш час не крадзе?
— Вы што, сабе не верыце?
Каржакевіч засмяяўся.
— З вамі небяспечна гаварыць... на некаторыя тэмы.
— Давайце мы з вамі не будзем запускаць руку ў дзяржаўнае, i нашы падначаленыя перастануць... не адразу, безумоўна, але...
— У дзяржаўнае мала хто ўжо запускав руку. Эканоміка шматукладная. Можна браць у прыватным. I не красці, у банальным разуменні гэтага слова. Самі дадуць.
— Хабар? За што?
— А вы знаеце, даюць за слова, за добрае слова.
— Не цямніце, Сяргей Аўдзеевіч. Я знаю вагу слова, знаю, як яно цэніцца. Але тое слова, за якое могуць даць хабар, мае матэрыяльную вагу: вы падтрымалі атрыманне крэдыту, стварылі рэкламу, падказалі перспектыўную прыватызацыю, выгоднае акцыяніраванне, памаглі, каб АПУ адвяло лепшы ўчастак для забудовы.
Читать дальше