— Ну, хто віначэрпій?
— Гаспадар.
— А хто тут гаспадар?
— Губернатар — гаспадар.
— Іван, надзяру вушы! Накаркаеш, што мяне пракоцяць.
— Хто цябе пераважыць? Ну, чорт з вамі. Я арганізаваў — я i камандую. Але наліць памагайце — да ўсіх чарак не дацягнуся.
Вікенцій Паўлавіч адкаркаваў пляшку віна «Каберне», наліў у падсунутую да сябе шклянку.
— Вікенцій Паўлавіч, — ажно застагнаў Сімакоў, — зноў ты кісляціну? Ад таго ў цябе i язва была. Хлабысні ты шклянку каньяку. Адразу пачуеш сябе на небе.
— Не заклікай на неба, прафесар. Зямны рай лепш. Во ён.
Іван Залоза наліваў у чаркі каньяк і... пераліваў, хоць застолле i асвятлялі фары машыны.
— Ты што, краёў не бачыш?
Жарт барадаты, аднак усе засмяяліся, прагна аблізваючы вусны.
— Ну, а тост першы твой, Вікенцій. Будзем лічыць, што ты аксакал сярод нас.
— Ну што ж, за працу, якую мы зрабілі...
— I якую зробім.
— За тую, што будзем рабіць, мы яшчэ вып'ем... не адзін раз.
— Ну дык я п'ю за вас усіх. За вашу бескарыслівую дапамогу. Папрацавалі вы...
— Па-сяброўску.
— За сяброў сваіх i п'ю.
— А мы — за цябе.
Падбярозскі выпляснуў трэць шклянкі каньяку ў рот з размаху.
Сімакоў цадзіў праз зубы, смакуючы кожны глыток, стогнучы ад асалоды, уцягваючы носам каньячны водар.
— Заразліва ты п'еш, Эдуард. Перанімаю твой вопыт, — засмяяўся Палавінка.
— А каньяк толькі так i п'юць... А вы — што ў халяву выліваеце. Не навучы вас...
Згаладала кінуліся на закусь. Жывапісная rapa памідораў, гуркоў, перцу ў хвіліну знікла.
— Замарылі чарвяка? А цяпер кароткая выбарчая нарада. Давай распішам, хто паслязаўтра куды едзе. Ва ўсіх буйных гарадах у нас павінен быць свой кантроль. Крывель крывіць не будзе. А дзялок Лапіцкі — сам некая! быў старшынёй выбарчай камісіі i вывучыў усе махінацыі...
— За махінацыю — суд.
— Наіўны ты чалавек, асветнік. Мне трэба застацца ў цэнтры, у штабе. Але я наведаюся ў бліжэйшыя равны. Ты куды, Эдуард? Вязі сваіх кантралёраў — лічыльнікаў. На кожным участку — нашы. Яшчэ адзін скачок, i мы на кані.
— Ці пад канём, — пасміхнуўся Вікенцій Паўлавіч.
Ён такі моцна сумняваўся ў сваёй перамозе, пакуль Мудроны не зняў з выбараў сваю кандыдатуру. Загадкавы дэмарш. Але ў яго, маладога кандыдата, з'явілася акрыляючая ўпэўненасць, бо Крывеля i Лапіцкага i ён не ўспрымаў сур'ёзна, ва ўсякім разе, не баяўся. Сёння цэлы дзень адчуваў сябе бадай жа губернатарам. А тут, у гэтым лясным раі, у дэмакратычнай кампаніі — ляснік, вадзіцелі — упэўненасць пачала слабець, i ён, чалавек самакрытычны, у думках пасміхаўся са свайго хлапецкага ўзлёту. Не ўпасці б з вышыні.
Арцём ужо падаваў юшку ў металічных місках, i Biкенцій Паўлавіч падняўся, каб не запэцкаць касцюм; ён, кандыдат, убраўся ў лепшае, што меў, i толькі адзін Залоза дазволіў сабе джынсы, у якіх выходзіў i на трыбуны. Але i Залоза падняўся з юшкай.
I тут з-пад абрыву ляснуў стрэл. Куля свіснула над ix галовамі i мякка ўвайшла ў бліжэйшую елку.
Вікенцій яшчэ не паспеў сцяміць, у чым справа, як Залоза ўмомант шыбнуў сваю міску, выхапіў ягоную, шпурнуў у бок стрэла, потым закрыў здзіўленага кандыдата сабой, абшчапіў, груба паваліў на зямлю i нейкі міг ляжаў на ім. Астатнія таксама прыціснуліся да зямлі, як байцы пад кулямётным агнём. Адзін Міхаіл Палавінка выхапіў з кабуры пад пінжаком пісталет i кінуўся да абрыву.
Там затрашчалі кусты, нешта цяжкае бултыхнулася ў ваду.
Палавінка стрэліў раз, другі, пасля паузы — трэці.
— Аднак, — прастагнаў Сімакоў.
— Аднак, — паўтарыў Падбярозскі.
Залоза, задыханы, быццам пасля бойкі, скаціўся з кандыдата. Вікенцій Паўлавіч, падняўся, звярнуўся да Залозы:
— Дзякуй табе, Іван. Надзейны ты таварыш... Не забуду.
— А ты думаў, усё проста? На вайне, як на вайне, — сказаў Залоза.
За гаспадаром падняліся шафёры. Вярнуўся з цемры ў святло фар Палавінка. Папракнуў:
— Няўжо нікому не хапіла розуму выключыць фары? Добра, што адзіночка. Скаціўся ў ваду i пабег па рэчцы. Не дагоніш у цемры. Каму ты прагаварыўся, ляснік?
— Што рыба маўчаў, таварыш начальнік.
— Разбяромся.
Юрка кінуўся да машыны i выключыў фары. У густой цемры, не бачачы адзін аднаго, насцярожана змоўклі, слухаючы цішыню. Удалечыні за рэчкай фыркнуў конь.
— Аднак. На кані стралец.
— Баль закончаны?! — загадаў ці спытаў Палавінка.
— Скончаны! — рашуча сказаў кандыдат.
— Брызент у машыну! Ляснік, збярэш астатняе. Тлела вуголле кастра, на якім варылася юшка. Пры гэтым святле похапкам сабралі ў першую чаргу пляшкі з пітвом — на гэта не забыліся шафёры. A шашлыкі ў мангале i ў казанку юшку пакінулі.
Читать дальше