Тэорыя Вікенція ўлічвае гэтую спадчыну: можаш быць багатым, але не забывайся пра бедных, ствары ім чалавечае жыццё — як у Швецыі.
Залоза пачаў новую вясёлую гісторыю, але тут жа перапыніў яе.
— Юрка! Пасігналь гэтаму ліхачу, а то праскочым паваротку.
— Якую паваротку? — спытаў Вікенцій Паўлавіч.
— Абяцаў жа я ў пачатку падарожжа, што пакажу вам рай на нашай грэшнай зямлі.
— Навошта нам рай?
— Хай! Табе ўжо i рай не трэба! Глядзі, пачуе архангел — загоніць у пекла.
— А ты хочаш быць у раі?
— А хто не хоча добрай чаркі, юшкі i шашлычка?
— Завадзяга ты, Іван.
— Без завадзяг сумна жылося б.
Між тым шафёр паміргаў фарамі i, мабыць, убачыўшы, што пярэдняя машына не збаўляе ход, моцна пасігналіў.
Палавінка прачнуўся, падскочыў — ажно ўдарыўся галавой аб крышку кузава. Насмяшыў.
— Што сталася?
— Глядзі — HJIA на дарозе.
— Губернатара выбралі. Уся вобласць салютуе. А ты спіш. Прачысці горла. Замачваць будзем.
— Замачваць будзем у панядзелак, калі бабкі падаб'ём.
— Без рэпетыцыі? Ты што гэта!
На пярэдняй машыне загарэліся стоп-сігналы. Затармазіла, з'ехала на ўзбочыну, спынілася i прапусціла ix наперад. Паехалі на нізкай хуткасці.
— Круці баранку, Юрка, налева.
Нырнулі пад кашлатыя яліны. Тут, на грунтавой пакручастай лясной дарозе, пераплеценай карэннем дрэў, лес у святле фар выглядаў здзіўляюча, таямніча. Такой карціны, такімі фарбамі, не напісаў яшчэ ніводзін мастак у свеце. Нечакана ельнік скончыўся, i бярозавы гай засвяціўся некранутай белізной, як сарамлівая нявеста.
— Ух ты! — не вытрымаў Палавінка.
— А што? I цябе праняло? А я табе i не такія дзівосы пакажу!
Пайшоў гушчар арэшніку. Фары высвечвалі гронкі арэхаў. Потым палезлі на гару. Натужліва выў матор.
Буксавалі колы ў пяску. Дарогу абступалі магутныя карабельныя сосны.
— Высока твой рай, Іван.
— На тое ён i рай!
Спыніліся за пяць крокаў ад няяркага кастра, над якім на дубовым дручку вісеў ёмісты закопчаны кацёл. А збоку, за якія два-тры крокі, гарэла яркай чырванню вуголле другога кастра — шашлычнага. Побач стаяў мангал i вёдры.
Насустрач гасцям выйшаў з цемры лесу барадаты чалавек у цёмным кіцелі з зялёнымі пятліцамі i жалудамі на ix i ў фуражцы з такой жа эмблемай на зялёным аколышку.
— Не заснуў, Арцём?
— Не заснуў, Іван Яўменавіч. Але дрыжэў. За юшку. Баяўся — пераварыцца. Думаў, што вас перахапіў хто.
— Хто гэта можа перахапіць нас?
— Такіх пачэсных гасцей ці мала хто захоча мець.
— Дзічына ёсць?
— Мокне ў віне. Шкада было віном заліваць. Дарагое ж вельмі.
— Для губернатара нічога не шкадуй!
— То хіба што губернатару! А нам, смяротным, дык i воцат добра.
— Воцат страўнікі раз'ядае. А яны ў нас не луджаныя.
Вікенцій Паўлавіч, павітаўшыся з лесніком за руку, услухаўся ў незвычайны шум. Дзесь блізка ўнізе, як пад зямлёй, журчэла вада.
— Што гэта? Рэчка?
— Рэчка. Глядзі, не скаціся. За тымі памечанымі соснамі — кру^ы абрыў. Але ёсць палогі спуск. Хочаш акунуцца?
— Я i так чыхаю.
— Нос чарку чуе.
— Ну чарадзей ты, Іван!
— Лепшага памочніка не знойдзеш.
— Ды i трудна.
— Не трудна, а немагчыма.
З другой машыны, якая спынілася побач з першай, вылезлі члены каманды: банкір Андрэй Падбярозскі i Эдуард Сімакоў. Залоза i банк знайшоў, які згадзіўся падтрымаць будучага губернатара; не аднаму Мудронаму запускаць руку ў банкаўскія сейфы. Па палажэнню аб выбарах не дазволена браць дабрачынныя сродкі, але законы пішуцца для дурняў i непісьменных. Паспрабуй выбрацца без грошай!
Іван Залоза з вялікімі намаганнямі пераканаў кандидата, упартага законніка, прыняць дапамогу банка. А з банкам можна i дзічыну ў віне вымачваць.
Сімакоў — стары сябра Вікенція, таксама ідэолаг, вучоны, кандыдат навук, быў таўставаты для сваіх трыццаці пяці; прайшоў ад машыны i задыхаўся.
— Ну, філосафы! — закамандаваў ім Залоза. — Скідайце мундзіры! Закасвайце рукавы — i за працу. Табе, Эдуард, як тэарэтыку, насаджваць дзічыну на шампуры. Толькі падоўгу не думай над кожным кавалкам — вуголле стыне, — фанерай памахаў над жарам, пыхнуў на сяброў дымам, іскрамі. — Табе, Вікенцій, расстаўляць чаркі i варажыць над пляшкамі.
— А ты што будзеш рабіць?
— Я? Што вы рабілі б без мяне! Я буду кіраваць. Няўжо ты, банкір, не дапяў яшчэ, што самае цяжкае — кіраваць. Хоць што табе кіраваць! Грошы ёсць каму лічыць, хапае клеркаў...
— Адсталы ты чалавек, Іван, калі так думаеш. Раней, чым лічыць, грошы трэба было набыць.
Читать дальше