Калі на вузкай палянцы разварочваліся, Юрка стукнуў Сцяпанаву машыну. Стары шафёр, забыўшыся на ўсё іншае, выскачыў з кабіны, гладзіў пакалечанае крыло, енчыў на ўвесь лес.
Залоза высунуў галаву з машыны, злосна загадаў:
— Не галасі, што баба! Не твая машына — губернатарава.
— Ды я трыццаць гадоў ваджу i — ніводнай аварыі! Што мне скажуць у гаражы? А табе, шчанюк, — да Юркі, — я морду наб'ю. Развярнуцца не ўмееш!
— Садзіся за руль! I не псіхуй!
— He псіхуй, не псіхуй... Легка вам казаць...
Але ў машыне, калі яна яшчэ кавыляла па карэннях лясной дарогі, Залоза весела засмяяўся.
— Шашлыкі не захапілі? Ну i дурні! Такіх шашлыкоў не паспыталі. З дзічыны! Елі вы шашлыкі з дзічыны? Ты, Міхаіл, еў, бо вашы i міліцыя — першыя браканьеры.
Палавінка хмыкнуў.
— Крыўдна не тое, што мы не з'елі. Крыўдна, што тэрарыст можа з'есці.
— Вясёлыя вы людзі, — зусім нявесела сказаў Вікенцій Паўлавіч. — Шашлыкі пашкадавалі.
— Знаеш, пан губернатар, якое залатое правіла, асабліва ў тваім ранзе? У любой сітуацыі заставацца аптымістам. Усё перажывём! I шашлыкі з'ямо, Міхаіл. Праз тры дні, як толькі партрэты Вікенція Паўлавіча з'явяцца ва ўсіх газетах.
— Плюнь праз левае плячо, — сказаў кандыдат.
— Каму з нас не хочацца мець вас губернатарам? А я да стральца дакапаюся.
— Капай, Міхаіл, глыбей. Такі ў цябе хлеб.
У дзень выбараў абласныя газеты далі на першай паласе інфармацыю, што машына кандыдата ў губернатары была абстраляна з густога лесу.
Газетныя кіёскі апусцелі за гадзіну, даўно ўжо так не куплялі газеты.
Вікенцій Паўлавіч абурыўся.
— Хто мог даць такую дурную інфармацыю? Хаця б праўду напісалі.
Залоза весела смяяўся.
— Раскрыць выбаршчыкам, што кандыдат п'янстваваў? Не павераць, што ты не п'еш.
— А тут... Калі стралялі ўночы з лесу i не пацэлілі, то хто мог бачыць, што стралялі? Толькі дзеці i жанчыны могуць паверыць. А кожны, хто трымаў зброю, скажа: лухта несусветная.
— Нам не пашкодзіць i лухта.
— Ну, Іван, калі гэта твая работа, то рыхтуйся да добрага прачоса.
— Ну што ты! Думаю, гэта Эдзік, ён жа піша ў газеты, апавяданні друкуе. Наш Чэхаў.
— А яму навошта няпраўда?
— Яму галоўнае — сачыніць. Пісьменнік жа! Не сачыніць — пахудзее. Ад чаго ты думает, ён такі тоўсты?
Ад таго, што сачыняе.
— Падазрона вясёлы ты сёння.
— Бо ўпэўнены ў нашай перамозе.
— Дай Бог.
І Бог даў.
У дзень свайго ўступлення на высокую пасаду Вікенцій Паўлавіч спачатку адчуваў сябе імяніннікам. Хадзіў па прасторным кабінеце. Захапляўся яго памерамі:
— Футбольнае поле, а не кабінет.
I адначасова асуджаў:
— Навошта будавалі такія кабінеты? Сапраўды, савецкія кіраўнікі хварэлі на гігантаманію. Сваёй уласнасці не мелі... не дазволена, але калі хто меў магчымасць стварыць раскошу за дзяржаўны кошт... Гэта нас i загубіла, — асекся на слове «нас». — А чаму я сябе далучаю да ix? Я, як кажуць, яшчэ бегаў у кароткіх штоніках. А што я мог зрабіць у камсамоле? Славіў ix.
Задумаўся. Успомніў запавет, які прыняў: заўсёды i ва ўсім быць шчырым — з самім сабой i з людзьмі; шчырасць — адзіная палітыка, якая можа ўпрыгожыць кіраўніка такога рангу, таму ён падпарадкаваў сваю праграму; гэтаму бязлітасна прызнаўся: «Славіў! — але тут жа змякчыў прысуд: — Хіба адзін я? Быў час, была эпоха, як напісалі нашы дасціпныя паэты».
Спыніўся перад шыкоўнай кніжнай шафай з карэльскай бярозы i столікам з мяккімі крэсламі. Між іншым, першае самастойнае рашэнне яго — прыбраць мяккую мэблю, замахнуўся, было i на кабінет: аддаць пад бібліятэку, пад агульны аддзел, але тут жа тармазнуў сваю аскетычнасць: неразумна, смяяцца стануць, будавалася ж так — прыёмная, два кабінеты: старшыні i намесніка. Прэстыж, нарэшце.
У шкле шафы палюбаваўся сваім адлюстраваннем, хоць яно i ламалася на карашках кніг. Застаўся задаволены — не сабою, гальштукам: Іван падарыў, папракнуўшы: «Што ў цябе за гальштук — замурзаны ды i па колеры — як у вясковага модніка». Ён рэдка займаўся сваім гардэробам, i быў гардэроб заўсёды сціплы. Маша адпрасавала яму касцюм, пакамечаны ў выбарчых паездках, — лепшага не меў, i грошай у доме заставалася толькі на хлеб i на малако. Паспрабуй накарміць такога бэйбуса, як яго сын! А дачку — адзень па-сучаснаму. Але дзяцей успомніў з ласкавасцю, замілаваннем. Яны ў яго выдатныя, у свае школьныя гады бадай ні разу не зрабілі прыкрасці — ні двоек не прыносілі, ні шыбы Hiкому не разбівалі. Толя без усякай страхоўкі здаў усе предметы на «выдатна» на ўступных экзаменах ва універсітэт. На пятым курсе ўжо. Пра аспірантуру думае. Маці ўжо гаварыла з ім на гэтую тэму: ці не мог бы закінуць слова вучоным? Баяўся пакрыўдзіць жонку, гаварыў мякка, але са сваёй заўсёдняй прынцыповасцю:
Читать дальше