— Яшчэ як часта!
— Глядзі ж ты, я i не думаў, што ты ўмееш сумнявацца.
— Але нярэдка яны развейваюцца пасля размовы з табой. Ты не ўяўляеш свайго ўздзеяння на людзей. Не дарэмна за цябе так дружна прагаласавалі.
— Падхалім ты ўсё ж, Іван.
— Але i горкую праўду адзін я магу сказаць. Не так хіба?
Кіраўнік справамі ішоў да дзвярэй, а губернатар глядзеў яму ўслед — без усмешкі, у глыбокай задумлівасці. У апошнія дні разам з улюбёнасцю ў Залозу, удзячнасцю, захапленнем яго стараннай працай з'яўлялася нейкае незнаёмае пачуццё — сумненне, трывога, незадаволенасць. Не мог вызначыць што. Зерне гэтага неакрэсленага пачуцця ўкінула ў душу Матрона Піліпаўна, сказаўшы неяк, як між іншым, без акцэнта:
— A ці не многа ўлады захапіў Іван Яўменавіч? Чувак столькі не меў.
Вікенцію Паўлавічу так не здавалася: Іван любую дробязь узгадняў з ім.
«Аднак жа новую сакратарку падкінуў, што ката ў мяшку. I выкруціўся, хітруган. Паклапаціўся пра
Матрону, пра яе перадпенсшную зарплату, — і, Калі дзверы за Залозам зачыніліся, пагразіў яму пальцам: — Ну, мяне ты не перахітрыш, сябра мой. Я цябе бачу наскрозь».
А Залоза, апынуўшыся ў прыёмнай, дзе, акрамя сакратаркі, нікога не было, падышоў да Ганны збоку, схіліўся i цмокнуў яе ў шчаку. Яна рэзка адхіснулася.
— Якая ты баязлівая стала. Адвыкла?
— Іван, май сумленне.
— Я не маю яго? Здзіўляеш. Як табе тут?
— Добра.
— Па-мойму, вельмі добра. I Патап твой задаволены, — мужа яе, Панцелеймона Гаўрылавіча, Залоза яшчэ там, у раёне, называў чамусьці Патапам, што Ганну крыўдзіла. — Ён жа ў цябе прыроджаны камерсант з вопытам камбінацый у райспажыўсаюзе. Чувак задаволены ім.
— Гаўрылавічам усюды былі задаволены. Залоза пасміхнуўся.
— Аднак жа цэніш ты яго.
— Ён — мой муж.
— А я калі буду мець удзячнасць?
— Якую?
— Ты забылася якую? Якую меў некалі ў слаўным райцэнтры. Забылася, як нам там хораша было?
Жанчына залілася чырванню.
— Іван, забудзь. I я забуду.
— О, не! Так не пойдзе. Думаеш, я перацягнуў вас у цэнтр, даў кватэру, уладкаваў на працу толькі для таго, каб здаля табой любавацца, каханне мае незабытае? О, не!
Ганна Фядосаўна праверыла рукой выключальнік селектара.
— Ты не думаеш, што нас слухаюць?
— Баішся «жучкоў»? Ці яго? — Залоза ступіў за крэсла і... пацалаваў у шыю. — Якая ты апетытная! Але можам дамовіцца... Я адыду ўбок, калі ты адрасуеш сваю ўдзячнасць яму, — жэстам рукі паказаў на дзверы кабінета.
Ганна рэзка паднялася. Вочы яе бліснулі гневам, i шчокі пабялелі. Сказала не шэптам — амаль на поўны голас:
— Ну i хамло ж ты, Іван! Хам з хамаў. I я любіла такога чалавека?..
— Шкадуеш?
— Не шкадую. Што было — тое было. Але дараваць табе вось гэта, — вусны задрыжэлі, яна шукала слова, — вось гэтай здрады... Не здрады! — продажа не магу. I не дарую. Я табе не цёлка, што ты прадаеш мяне.
Залоза лісліва захіхікаў:
— Ну, разыйшлася, як халодны самавар... Я пажартаваў. Жарты перастала разумець?
— Я табе прыпомню гэты жарт!
— Давай паедзем у лес па грыбы... рыжыкі пайшлі... — i там прыпамінай што хочаш. Не забылася, як мы збіралі грыбы? Ах, якія грыбочкі!
Спахмурнелы твар жанчыны на міг асвяціла скупая, як асенні прамень сонца, усмешка.
— Чорт ты, Іван! На цябе й пакрыўдзіцца цяжка.
— Крыўдзіцца на мяне — самаму сабе шкодзіць. Я добры. Я наш... Ты знаеш, як ён, — кіўнуў на дзверы кабінета, — мяне любіць. Не дурань — помніць, хто яго пасадзіў у гэтае мяккае крэсла. А ты хочаш адстаўку мне даць... Не спяшайся. Дай ручку, каралева. Даўно не цалаваў жаночай рукі. А люблю...
— Ты не толькі рукі любіш.
— Што праўда, то праўда — не толькі. Усё люблю. Бог стварыў жанчыну на пагібель нам, грэшным.
Узяў яе руку, яна не адняла; ласкава ўгледзеўся.
— Ах, якая ручка! Хто за цябе на гародзе працаваў? Патап?
— Калі-небудзь я цябе так патапну...
— Бі, бі па маёй залысіне. Ад такой рукі любая кара — узнагарода.
— Балбатун ты, Іван.
Скрыпнулі ўнутраныя дзверы ўвахода ў кабінет.
Яны адскочылі адно ад аднаго; сакратарка заняла сваё месца за сталом, падсунула паперы.
Выйшаў Вікенцій Паўлавіч. Трохі здзівіўся:
— Ты яшчэ тут? Да Ганны Фядосаўны заляцаешся?
— А што? Сухар быў бы той мужчына, які не кінуў бы вока на такую жанчыну. Я яшчэ ў раёне не прамінаў заглянуць у аддзел райвыканкама. Бабы плёткі пусцілі. I мая Марына — раўнівая ж да чорцікаў! — прарэдзіла мой чуб. I астудзіла мой жар да замярзання.
— I ты робіш другі заход? Глядзі, скажу Марыне Аляксееўне — дык яна дябе зусім лысым зробіць. Не верце яму, Ганна Фядосаўна! Донжуан. На сустрэчах усіх маладых жанчын перацалаваў. А мне адных бабуль бяззубых падсоўваў. Памочнічак!
Читать дальше