Вадзім цёпла павітаўся з вартаўніком, моцна паціснуў руку.
— Мы пагуляем на більярдзе.
Доўга стукалі шары. Адам Фадзеевіч разы два зайшоў, паглядзеў. Вадзім гуляў так сабе, па-аматарску, Юрый Вітальевіч (так звяртаўся да яго Вадзім) паказваў прафесійную гульню: лажыў шары ў лузу адзін за адным, партыя канчалася за пяць мінут. Гулялі на долары, Вадзім тут жа весела разлічваўся, расставаўся з зялёнымі без шкадавання.
Стук шароў сціх. З адчыненага акна кухні пацягнула смажаным мясам, у вартаўніка ажно сліну пагнала, бо другі дзень сядзеў на хлебе i аўсяным супе, запраўленым алеем, які варыў у сваім буданчыну на электраплітцы. Між іншым, плітка яго абурала найбольш: у доме такая газавая пліта, а ён мусіць кухарыць у «сабачай будцы», у якой няма дзе павярнуцца.
Вадзім выйшаў з катэджа, ветліва запрасіў, звярнуўшыся незвычайна:
— Дзядзька Адам, пайшлі перакусім. Паганяў шары — нагнаў апетыт.
Стол быў багаты: смажаныя катлеты, зялёны гарошак, ікра чырвоная, шпроты; маючы грошы, усё можна купіць.
Чырвонае віно было наліта ў бакалы. Каньяк — у чаркі. Адам Фадзеевіч не звярнуў увагі на гэтую, трохі незвычайную асаблівасць сервісу — папярэдні разліў.
— Вы што будзеце — віно, каньяк? — спытаў Юрый Вітальевіч. — Я адно віно. Нашы інспектары не ўнюхаюць добрае віно, бо не каштавалі...
— А вы не будзеце начаваць?
— Я — не. Перад жонкай не апраўдаюся. Вадзім заначу е. , V
— Думаю, што мне выпіць.
— Не пашкодзіць, калі i каньяк, i віно, — засмяяўся Вадзім.
— Ісціну гаворыш, сын мой, — згадзіўся Стрыжэўскі. — Вып'ю чарку каньяку, а потым віно. Каб не ап'янець. Вартую прыватную ўласнасць. Ганаровая ў мяне пасада, — сказаў з горкай іроніяй.
— У кожнага свой лес, — супакоіў Юрый. — I ад яго нікуды не падзенешся. Я працую шаферам, a скончыў інстытут.
Выпіў каньяк, закусіў, потым асушыў бакал віна.
— Чароўны напой.
— Бо грошы надзвычайныя, — засмяяўся вусаты.
Віно так спадабалася, што Адам Фадзеевіч наліў сабе другі бакал; не піў такога, можа, гадоў дзесяць. I каньяку яшчэ адну чарку перакуліў. Развесяліўся. Анекдоты расказваў, Вадзім i вусаты весела смяяліся. Але хутка вартаўнік звяў.
— Нешта мяне на сон хіліць. Я мінулую ноч дрэнна спаў, душна было, камары...
— Спаць захацелася з-за таго, што вы пілі «грымучую сумесь» — каньяк з віном.
— Але, вучылі ж мяне людзі добрыя, што мяшаць нельга... добрае з выдатным. Калі вы мяне не гоніце, то я сяду ў вунь тое мяккае крэсла i паўгадзінкі падрамлю. Мне паўгадзіны хопіць. Я ведаю сябе, са мною гэта здаралася.
Сеў у крэсла i адразу ж заснуў.
Для праверкі Вадзім паклікаў яго. Не адгукнуўся. Вусаты рагатнуў:
— Гатовы. Правераны сродак.
Мінут праз колькі Вадзім i вусаты паднялі Адама Фадзеевіча, акуратна, ласкава, пад пашкі, вынеслі на двор, пасадзілі ў машыну. Зачынілі катэдж, вароты i махнулі ў горад.
Стары спаў, толькі зрэдку нібы пляваўся.
Задума ў Вадзіма была злая i дурная: паказаць Стрыжэўскага бацьку, няхай паглядзіць, у якім стане бывае яго высокаадукаваны вартаўнік. Апраўдваўся ж перад бацькамі:
«Дзеўкі былі. А наркотык — гэта фантазія п'янага Адася».
«П'янага?»
«Языком не варочаў да нашага прыезду. Ды мы пачаставалі... У басейн у адзенні залез. Дзяўчат лавіў».
«Сачыні што-небудзь больш праўдападобнае», — не паверыў бацька.
Няхай жа пераканаецца. Пакажам гаспадару яго вартаўніка ва ўсёй красе.
Намер меў такі працяг: паказаўшы бацьку, не везці назад на дачу, палажыць каля манумента Мінскугерою, на мяккую траўку. Няхай прачнецца ў ганаровым месцы! Во здзівіцца. Доўга помніць будзе італьянскае віно. Са службы бацька яго выганіць. Няхай піша мемуары.
Ведаў, што бацька ў позні вечар будзе дома: на дачу не паехаў, быў на банкеце, які наладжвала блізкая яму фірма, яе алігарх Сарока. Шафера не стаў затрымліваць, а сам пасля чаркі за руль не садзіўся, трымаўся жалезнага правіла. Таму на дачу не паехаў.
Стрыжэўскага прывезлі ў двор дома, дзе жыў Прытока. Вадзім падняўся ў кватэру. Бацька яшчэ не спаў. Вярнуўся з банкета цёпленькі i, як заўсёды пад чаркай, расказваў маці, што адбывалася ў Сарокі, з кім i пра што ён гаварыў. Пазнаёміўся з літоўцам, з якім варта мець справу, дамовіліся заўтра правесці дзелавую сустрэчу.
— Нешта рана ты сёння, — змрочна сказаў Прытока сыну.
— Я табе прывёз падарунак.
— Які яшчэ падарунак?
— Хадзем — паглядзіш. У машыне ляжыць. Паднімаць цяжка.
— Не тлумі галаву. Бярыся нарэшце за розум. Маці вунь ссохла, чакаючы цябе кожную ноч да раніцы. Дзе ты грошы бярэш?
Читать дальше