Так, усё знаёмае. I ў той жа час незнаёмае. Прыстанцыйная веска тая ж, толькі па вуліцы яе пракладзены асфальт. Прагрэс! «Чарнобыльскі», — сумна пасміхнуўся Ігнат Андрэевіч. Нейкая доза нуклідаў асела i тут, праўда, не такая, каб адсяляць людзей. Наадварот, за сялом, пад ляском, вырас цэлы пасёлак. Цагляныя катэджы. Дачнікі? Ці чарнобыльцы? Дачнікі. У чарнобыльцаў дамы былі б аднолькавыя, а тут розныя, штук колькі — цэлыя палацы.
«Нямала багатых напладзілася», — падумаў Ігнат. Ён даўно асуджаў бяздумную будоўлю: у каго большы! Немцы такіх харомін не ўзводзяць. А нашы «з гразі лезуць у князі». Атрымалі свабоду! Усе накапленні — у цэглу, як у зямлю. I ў метал — у машыны замежныя. Мала хто думае пра будучыню дзяцей, дзяржавы. Авантурысты мінулага стагоддзя, капаючы золата ў Кландайку, будавалі за яго Амерыку — заводы, чыгункі, фермы. Што будуюць нашы авантурысты? Заробленае — у зямлю, украдзенае — у Швейцарыю.
Думкі такія мільганулі, як мімалётнае адлюстраванне доўгіх i цяжкіх начных роздумаў.
На пляцоўцы каля вакзала стаялі легкавушкі. Але, калі верыць ix вадзіцелям, ніводная не ішла ў Марыніну вёску. Яно i не дзіўна, няма скразной дарогі — Дняпро.
Пайшоў пехатой. З партфелем у левай руцэ, з кійком у правай. Кульгаў — балелі ногі.
Мінуў вёску. Прайшла адна машына, другая, трэцяя... Галасаваў. Hi адзін малады «новы» не паспачуваў старому чалавеку. Разам з расчараваннем у людзях (не было раней такога, каб калгасны шафёр ці ён, аграном, не падвёз старога падарожніка), разам са стомленасцю (двойчы садзіўся на ўзбочыне), з болем у нагах расло расчараванне сваім рашэннем: пабег юнак на спатканне! Стары дурань!
Ну вось яно i сяло, якое ён усе гады працы ў раёне, нават пасля разводу з Марынай, лічыў родным. Любіў яго ці не больш, чым сваю маленькую прыпяцкую вёсачку; пасля Чарнобыля там нікога не засталося, а куды адселены сваякі, не ведаў. Во, брат у Гомелі, сястра — у Оршы.
Не ведаў, якое было свята. Але як толькі ўступіў у вёску, адразу ўбачыў: дзень святочны. На прызбах, на лавачках пад клёнамі (у сяле было многа клёнаў) сядзелі бабулі ў святочных строях.
Ігнат Андрэевіч вітаўся з імі i ўвогуле з кожным сустрэчным, нават маладым. Яму ветліва адказвалі, але яўна не пазнавалі: здагадкі, якія чуў за сабою, былі неўпапад.
Вось i дом. Той, які будаваў, лічы, уласнымі рукаMi — рабіў з цеслярамі, з печнікамі. Ды i сам нямала чаго зрабіў: аканіцы з разнымі ліштвамі, «канёк» над весніцамі. Глядзі, не згніў. Не, абнаўлялі. Марына абнаўляла. Дом па-гаспадарску ашаляваны «вагонкай», якая пафарбавана ў зялёны колер. З клёнаў, якія ён садзіў, застаўся толькі адзін. Але які! Волат.
У яго цяні на лавачцы сядзелі тры старыя жанчыны. Ігнат пазнаў сярод ix Марыну. I вельмі ўзрадаваўся, што яна не змянілася, твар яшчэ не быў спаласаваны зморшчынамі. Чысты, дагледжаны твар старой жанчыны. Квяцістая чырвона-зялёная пасынка прыгожа аздабляла яго.
Наблізіўся, павітаўся. Бабулі адказалі хорам, як адказалі б кожнаму, хто першы даў ім «дзень добры».
Ён прыпыніўся, абапёршыся на кіёк.
— Сядай, добры чалавек, калі стаміўся.
А Марына раптам войкнула:
— Вой!
На яе азірнуліся.
— Дык гэта ж мой Ігнасік! Ці не ў Кіеў ты сабраўся Богу маліцца? — Марына не магла без жартаў. — Цяпер жа ўсе камуністы Богу моляцца.
А пасля ўжо сур'ёзна, як з блізкім, павіталася:
— Дык добры ж дзень, Ігнат Андрэевіч. Не чакала пабачыць.
Дзве бабулі падхапіліся з лаўкі. Адна строга наказала:
— Прынімай жа госця, Марына. Не помні зла. Жыві па-евангельску.
Бабулі адышлі.
Калі яны засталіся ўдваіх, Марына нібыта збянтэжылася, як некалі ў маладосці:
— Як жа гэта ты?
— Ды во ехаў... да брата... Не мог праехаць міма. Пацягнула. Пабачыць захацеў.
— Тамару бачыў?
— Заходзіў нядаўна. У карты пагулялі. Вясёлая сям'я.
— Тамары пашанцавала...
«Не як маці», — скончыў у думцы за былую жонку. Але не сказаў, толькі вінавата схіліў галаву.
— Хадзем жа ў хату. Госцем будзеш. Галодны?
— У поездзе не еў, хоць нявестка нешта паклала.
— Нявестка так не накорміць, — засмяялася Марына, i гэты незразумелы яе смех нядобра крануў: не хацелася, каб пра яго нявестку дрэнна падумалі.
Ён сеў на лавачку, на яе цёплае месца. А яна стаяла, адступіўшы на санцапёк. Глядзела сур'ёзна, сумна, спагадліва.
— Пастарэў ты, Ігнатка.
— А хто памаладзеў у мае гады?
— Жэняцца яшчэ некаторыя. Вунь у нас...
— Марына, не блазнуй. Жэняцца тыя, каму няма куды дзявацца, калі няма каму маннай кашы зварыць. A ў мяне свая кватэра, сын... Зося часам прыязджае. I Павел заходзіць, ён добры, а вось Насця ні разу не прыйшла.
Читать дальше