— А ты смелая, Насцюха, з акадэмікам не баішся спрачацца. Я баюся.
Насця адказала дзіўна:
— А ён — мой дзед. А табе — акадэмік.
Выходзіць, са сваім, нават дзедам, можна спрачацца смела, а з чужым нельга.
Расслаблены смачнай вячэрай, Ігнат Андрэевіч страціў цікавасць да тых глабальных праблем, якія навязлі ў зубах. Адключыўшыся ад застольнай спрэчкі, ён думаў пра свой лёс. Яму раптам стала крыўдна — ці ў першы раз! Чаму дома ніколі не бывае такой гутаркі з высокаадукаванымі сынам i нявесткай? З малой Светкай размовы больш змястоўныя i цікавыя. Ці ён сам здзяцінеў? Чаму ўрэшце Паліна не накорміць яго такім вось абедам ці вячэрай? Бываюць святочныя абеды ці вячэры з гасцямі. Але задавальнення яны не прыносяць — усё дарагое, казённае, з магазіна: нямецкая каўбаса, нарвежскі селядзец.
Хутка i спрытна Тамара i Насця прыбралі са стала. Ігнату Андрэевічу не хацелася яшчэ ісці з утульнай сям'і.
Павел-сын раптам прапанаваў:
— Мы вас правядзём да тралейбуса. Правядзём, Насцёха?
— Ага, — без імпэту згадзілася сястра.
Ігнат Андрэевіч адгадаў думкі ўнука: баіцца, каб я не засядзеўся. А яму сапраўды хацелася пасядзець тут, пагутарыць, тэму з гэтымі людзьмі знайшоў бы любую, цікавую i для ix, i для сябе. Але тралейбус — вельмі празрысты намёк. Гоняць яго адгэтуль. Ён не быў чалавекам недаверлівым, крыўдлівым, але за сэрца шкрабанула: «Ведай, дзед, свой час».
Было позна, i Тамара, сапраўды, магла заснуць. Але тое, што дачка не выйшла развітацца, правесці да дзвярэй, таксама шкрабанула.
Ішоў па цемнаватай пустой вуліцы i ўзважваў вынік свайго гасцявання: чаго больш? Безумоўна, прыемнасці: размовы з Тамарай i яе мужам, з унукамі — усё гэта дало задавальненне, якога ён, стары, не меў даўно. Але «тралейбус» пад заслону... Не, унук не пакрыўдзіў: якая крыўда можа быць на шчырасць? Ен проста нагадаў пра яго становішча, што дзесьці ў цэнтры горада з-за яго будуць хвалявацца. Тамара яшчэ да таго, як пайшла спаць, прапанавала яму пазваніць дадому. I дачка, i муж яе, не жадаючы таго, нагадалі пра адзіноту ва ўласнай кватэры.
Доўга хадзіў па сваей начной вуліцы. Адзінота, калі застаешся сам-насам. Страшней, калі сярод людзей адчуваеш сябе непатрэбным, асабліва сваім блізкім.
Можа, i пазней хадзіў бы, ды сустрэлася путана, бачыў ужо яе не аднойчы. Зазірнула ў твар, бліснула яшчэ маладымі вачамі.
— Дзед, можаш яшчэ?
— Што?
— Ты не знаеш што?
— Што ты, мілая, не-не, — адказаў ён.
Яна засмяялася.
— Мне шкада цябе, дзед.
— А мне шкада цябе, унучка. Не тую дарогу ты выбрала.
— Ды ну вас!.. Маралісты. Такімі вы нас зрабілі, — павярнулася i пайшла па вуліцы.
A Ігнат Андрэевіч яшчэ нейкі час стаяў на месцы, глядзеў ёй услед: тонкі дзявочы стан, чырвоная шапачка, чорныя калготкі i шэрая кофтачка.
Яму сапраўды стала шкада яе. Страчаная душа, якая, акрамя плоцкага збліжэння, не будзе ведаць ніякіх іншых чалавечых адчуванняў, ніякага кахання. Чалавек ператвараецца ў жывёліну.
Вось яны, адзнакі «новага парадку», «свабоднага жыцця». Такія сцэны, нават у кнігах, у кіно заўсёды псавалі яму настрой, нагняталі страх за дзяцей, за будучыню чалавецтва. Пры самых высокіх тэхналогіях чалавецтва спаўзае ў першабытнасць, траціць заваёвы высокай маралі. Не ўсё было добра раней, але ж з такой брыдотай, пачварнасцю, брудам сутыкаліся меней.
Ігнат Андрэевіч сказаў сыну i нявестцы, што хоча наведаць брата. Брат яго Ціхан жыў у Гомелі.
— Чалавеку за восемдзесят пераваліла...
— Але ён яшчэ дзябёлы дзядок, — сказала Паліна.
— Дзябёлы, бо ўсё жыццё сталярыў, смалою набрыняў. I цяпер табурэткі робіць, i ix бяруць. Падатковая інспекцыя аштрафавала. Большага глупства не прыдумаеш: пенсіянер, ветэран робіць у тыдзень адну табурэтку, выносіць на кірмаш — плаці падатак, ты ўжо бізнесмен. Гэта вы такія законы складаеце, юрысты?
Андрэй засмяяўся:
— Ты яўна антызаконнік, бацька. A быў жа законнікам.
— Быў, калі парадак быў.
— Гэта так. Кожны закон павінен грунтавацца на чалавечай маралі. Фірма мэблі — гэта адно. Адзінокі пенсіянер, які робіць тры табурэткі за месяц, — зусім іншае. Да ўсяго патрэбны індывідуальны падыход. Падатковых інспектараў безліч, а праверыць, што за станKi стаяць у Ціхана Мятніцкага, нікому ў галаву не прыходзіць. Напэўна, рубанак, разец, малаток... Бачыў яго фірму. Усё на кухні. Магутны чалавек дзядзька Ціхан.
Ігнату спадабалася, што сын такой думкі пра дзядзьку, i ён нагадаў, што Ціхан яшчэ i «Спіноза», мудрэц i жыцця люб.
Читать дальше