У хуткім часе ім пашанцавала — універсітэт даў маладому дацэнту вось гэтую кватэру. Далека, праўда, у мікрараёне. Але якія шчаслівыя яны былі ў першыя гады жыцця ў гэтай кватэры! Адно хіба непакоіла i хвалявала яго — што Ядзя не нараджала дзіця. Не хацела ці не магла? Гэта трагедыя, калі выкідыш зрабіў яе бясплоднаю.
— Схадзі да ўрача.
— Хаджу. Усё нармальна. Не бойся. Нараджаю я табе кучу дзяцей. Не падлічыш. Дай мне пажыць. Хіба маці твая жыла, маючы пяцярых?
А потым прызналася, што засцерагаецца, прымае таблеткі. Гэта яго бадай абразіла i напэўна паслабіла патэнцыю: дзеля чаго старацца? Дзеля ўласнага фізічнага задавальнення? Амаральна. Хацелася плявацца, калі Ядвіга смакавала бессаромныя фільмы. 3-за гэтага часам сварыліся:
— Сухар ты! Нічога цябе не хвалюе, акрамя формул. Няўжо ты думаеш, што Адам i Ева пазналі грэх толькі дзеля таго, каб пладзіць сабе падобных? Не! Яны далі жанчыне i мужчыне найвялікшую радасць — пазнанне адзін аднаго. A нічога ж у гэтым свеце не робіцца без Бога. Ты верыш у Бога? Не верыш. А я веру. I Бог не забараняе мне хацець цябе. Бог добры, шчодры. А ты абкрадваеш сам сябе. Пастарэеш — пашкадуеш. Жыццё — не ў формулах.
Пракруціў сваё сямейнае жыццё: каляровыя радасці перарываліся бляклымі, а то i зусім чорнымі расчараваннямі.
Глянуў на гадзіннік i схамянуўся: так позна, a кніга яшчэ недачытана. Чытаць, а не забіваць мозг бытавымі дробязямі! Надышоў лепшы час для творчасці: змоўк тэлевізар, Ядвіга пайшла спаць. Ці чытае «Знесеныя ветрам». Кажа, цікавы раман. Але яму шкада часу на двухтомны раман.
Чытаў немцаў да трох гадзін. Не адразу заснуў на кароткай канапцы — лезлі ў галаву формулы, якія можна i трэба аспрэчваць. А яшчэ стала крыўдна, што ва ўласнай кватэры ўласная жонка выжыла яго на нязручную канапу. Але крыўду адганяў: недастойна мужчины шкадаваць сябе, як маленькага.
Прачнуўся ў сем без будзільніка; «заведзены» быў на гэты час — у восем трыццаць лекцыя.
Яго даклад на сімпозіуме зрабіў сенсацыю. Аспрэчванне некаторых доказаў мужа i жонкі Шэйманаў чамусьці асабліва спадабалася немцам, амаль усе яны падтрымалі яго высновы i сказалі яму нямала кампліментаў, ад якіх Аксён часам чырванеў, як дзяўчына. Свае калегі ніколі яго гэтак не хвалілі, хоць прызнавалі яго заслугі ў матэматыцы не без зайздрасць Казалі, немцы скупыя на добрыя словы. Выходзіць наадварот: нашы, заціснутыя ў шоры афіцыйных ацэнак, як бы ставілі задачу: не дай Бог перабольшаць, перахваліць.
За немцамі раскаваліся i яны. I высокая ацэнка мэтраў, па кнігах якіх ён вучыўся, як ніколі раней, пацешыла яго самалюбства. Раней ён адносіўся да сваіх ведаў самакрытычна i амаль ніколі не ставіў сябе побач з вядомымі свяціламі. А тут раптам адчуў, што вырас да ix узроўню. I гэта напоўніла радасцю i ўдзячнасцю блізкім людзям — маме, звычайнай сялянцы, якая надзяліла яго такім розумам і... Ядзі. Яна ласкава праводзіла яго ў Маскву — як ніколі, — без шпілек i жартаў, з неўласцівай ёй сур'ёзнасцю, як ведала, што яго чакае. I ён упершыню не сумняваўся, што яго поспех парадуе жонку. А парадуецца — значыць, ацэніць навуку, з якой часам нядобра кпіла.
Захацелася прывесці жонцы добры падарунак. Масква завалена экзатычнымі таварамі. Але што выбраць? Па яго грашах. Акрамя рублёў, беларускіх i рускіх, меў дваццаць долараў — ажно дваццаць! — адной зялёнай паперкай, узяў з недатыкальнага запасу, які збіраў на выпадак камандзіроўкі ў далёкае замежжа (ездзіў туды i помніў, якое гэта брыдкае адчуванне — не мець магчымасці нават даць на чай у атэлі ці рэстаране).
Раіўся з жанчынамі — удзельніцамі сімпозіума, — што можна купіць у падарунак жонцы. Ды паношаныя «сінія панчохі» нічога карыснага параіць не маглі. Больш дасведчанымі ў гэтым былі дзяўчаты-сакратаркі, што абслугоўвалі сімпозіум, i якім яўна імпанавала ўвага да ix бадай самага маладога прафесара. Пачуў: даюць яму высокую атэстацыю — як мужчыну, але гэта яго не цешыла. I парады ix былі фантастычнымі: яны, пэўна, думалі, што вучоны багаты, i называлі рэчы, якія яўна не па яго кішэні. Дапамагла пакаёўка пасольскага атэля: ёй, немаладой ужо жанчыне, жонцы былога высокага партыйнага работніка, ён прызнаўся, якую суму мае.
На прыёме па завяршэнню сімпозіума выпіў чарак пяць гарэлкі, чаго ніколі не рабіў: абыходзіўся за вечар адной-двума. Але тут да яго падыходзілі калегі i на трох мовах — рускай, нямецкай, англійскай — ухвалялі яго здольнасці i чокаліся; ад салодкіх кампліментаў i горкая здавалася салодкай. A ўначы вылезла не слодыч, а гарката: непрыемна, палохаючы, сціскалася сэрца, балела галава, i ён ніяк не мог заснуць, варочаўся з боку на бок.
Читать дальше