— Жартуеш. Але ж я не хлапчук...
— Дзядуля ў трыццаць шэсць! Баішся, што секс забірае шмат энергіі? Але ж гэта іншая энергія, не тая, што трэба на формулы.
— Ты так думаеш?
— О Божа! Даў ты мне мужа...
— Дрэннага ён табе мужа даў?
— Ды не, добрага, усе сяброўкі мае зайздросцяць. ЧыЬтае золата. Скарб.
Ядвіга расчырванелася. Аксён ведаў гэтую чырвань: заводзіцца. Але з-за чаго — не ўцяміў. А мог бы ўцяміць, бо не першы раз такое здаралася, калі размова пераходзіла на тэму, якой ён пазбягаў. Мог бы здагадацца, што жонка кіпіць з-за яго няўвагі, абыякавасці да яе жаночай пекнасці, да яе жадання зацягнуць яго ў ложак.
Яна закусіла алую, што малініна, губу, i з карых вачэй яе пасыпаліся жоўтыя іскры. Да яе матэматык лічыў, што іскры з вачэй — выдумка паэтаў i раманістаў. Нічога з вачэй не сыплецца — звужаюцца, расшыраюцца... Ажно не: калі расшыраюцца, мяняюць колер i тады сапраўды здаецца, што з'яўляюцца іскры. Упершыню ўбачыў такое ў яе, у сваёй каханай, яшчэ да вяселля. Думаў, што гэта суб'ектыўнае ўспрыняцце: закаханаму як толькі не прадстаўляецца прадмет яго кахання, у якіх толькі паэтычных, менавіта паэтычных (тады ён ацаніў паэтычныя метафары i эпітэты), выявах не паўстае.
Ведаў, што гэтая яе расчырванеласць, закушванне губы — сімптомы гневу. Але з-за чаго яна гневаецца?
Чаго ёй не хапае? Сексу? Але ж хіба сэнс жыцця толькі ў гэтым? Такое жаданне ён лічыў паталогіяй, частае збліжэнне апраўдваў толькі ў тым разе, калі на мэце мець нараджэнне дзіцяці — невядома, калі адбудзецца зачацце. Але ж Ядвіга не хоча дзяцей: «Рана мне нюхаць пялюшкі».
Калі жонка распалялася, ён маўчаў. Яму нават часам падабалася, калі яна, што каменне, кідала ўніжальныя словы, лічыў, што ён ix заслужыў, бо не стаў Эйнштэйнам. Горш сябе адчуваў, калі Ядзя была — i нярэдка — добрая, лашчылася:
— Аксёнчык мой любы! Ты ж у мяне геній.
I «геній» гаварылася без іроніі; выходзіць, яна сапраўды лічыць яго геніяльным. Ад такога вызначэння любы прыстойны самакрытычны вучоны павінен збянтэжыцца.
Засвістаў чайнік.
Ядвіга не паварушылася.
Чайнік свістаў, што паравоз, брынчэла накрыўка, гатовая, здаецца, узляцець.
— Ты што, не чуеш? Аглох? Характар аднак! Як у тваёй маці.
— Не чапай, калі ласка, маёй маці, яна пяцярых дзяцей выгадавала. I зараз яшчэ кароў доіць, — Аксён Пракопавіч падхапіўся, выключыў газ пад чайнікам.
— Добрыя ж дзеткі... два прафесары!.. A маці вымушана кароў даіць!
«Заводзіцца, аднак, мая ненаглядная. Але мяне ёй не сарваць. Я — жалезабетонны, як яна аднойчы назвала мяне».
— Дык не хоча яна ні да каго ехаць. Hi да сыноў, ні дадачок. Уяўляю...
Хацеў сказаць: «Уяўляю, як бы яна жыла з табой», — але своечасова прыкусіў язык: не варта падліваць масла ў агонь.
— Будзеш каву?
— Буду. I каньяк.
— Не. I табе не раю. Уцягнешся... не дай Божа.
— Баішся жонкі-алкагалічкі? Не бойся. Я не ўцягнуся: я Богу малюся, у касцёл хаджу...
«Адзін-два разы схадзіла i прылічыла сябе да святых? Ці не паспешліва?» — хацеў сказаць, але зноў не сказаў — пабаяўся.
Ядвіга ўвішна паднялася, дастала з шафкі кубкі, насыпала ў ix растваральнай кавы.
— Колькі цукру пакласці?
— Больш.
— Нажывеш ты дыябет.
— Дыябет не ад цукру.
— Адзін Бог ведае — ад чаго.
— I вучоныя.
— Нічога твае вучоныя не знаюць.
— Невысокай ты думкі пра нашага брата.
— Я — пра медыкаў. Веру, што ты формулы знаеш. Столькі грызеш ix... Ляжам сёння раней спаць?
Аксён цяжка ўздыхнуў, перагарнуў непрачытаную частку кнігі.
— Гукавец даў мне кнігу на адну ноч.
— Кніга даражэй, чым жонка?
Ён бадай весела засмяяўся.
— Жонка заўсёды са мной.
— Значыць, ёю можна падціраць падлогу?
— Ну што ты! Хоць раз я сказаў табе дрэннае слова?
— Я перастала разумець, «што такое хорошо...». Дык не будзеш каньяк?
— Не. Трэці раз пытаеш.
— А я вып'ю.
Пайшла ў пакой. Вярнулася з пачатай пляшкай i з крышталёвай чаркай. Пляснула з бутэлькі ў кубак з кавай, наліла поўную чарку.
— За тваё здароўе, Аксён Пракопавіч.
— Будзь здаровая, Ядвіга Эдуардаўна.
Смачна адпіла паўчаркі, сёрбнула гарачую каву, падзьмухаўшы на чорную вадкасць.
Прафесар схіліўся над кнігай, пранікаючы ў сэнс новай формулы. Спяшаўся, бо ведаў: калі Богам дадзеная прымасцілася насупраць з пляшкай i чаркай — не да навукі будзе. Што зрабіць, каб яна хутчэй пайшла? Не, уселася грунтоўна! I схавацца яму няма дзе — два цесныя пакоі: у адным тэлевізар, у другім — двухспальны ложак. Тэлевізар яна ўключыць, у спальні прымусіць раздзецца.
Читать дальше