Ішоў пачатак красавіка. Снег амаль растаў, на газонах зазелянела трава. Але ўчора ўвечары яе прыцярушыў сняжок — зіма развітальна махнула белым крылом. A раніцою ўступіла ў свае правы вясна. Неба — што вымытае, без адзінай хмурынкі, блакіт ажно вочы сляпіў. I на плошчы, дзе ранішняе сонца не засланялі дамы, яно зусім растапіла снег, i па канаўках паміж плітамі на плошчы весела беглі звонкія ручайкі.
— Не баішся, тата? — без жарту, з сур'ёзнай заклапочанасцю спытала Таня.
— Чаго?
— А вунь як той барадаты глядзеў на цябе... З нейкай нядобрай усмешкай.
— Чаго баяцца радавому чалавеку? Каму я трэба? Загадчык аддзела культуры! Цяпер я мушу баяцца: ці пацягну аддзел? Ці спыню развал культуры? Во мой клопат. Губернатар не спыніў. A ўсміхаўся... Хтось можа зларадна пасміхнуцца: ездзіў на «мерседэсе», а цяпер тупае пехатой. Ды i то наўрад, ведаючы i пра выбух, i пра тое, што я сам папрасіўся з губернатараў. Пісалі ж газеты... Распісалі, як героя. Во такі герой ваш бацька! Здзіўляць свет больш не буду. А працаваць буду, як ваша мама — без паказухі. Хоць у культуры гэта нялёгка. У медыцыне i то ўмеюць некаторыя паказаць сябе. Я не прасіўся на гэты аддзел. Тут, як кажуць, без мяне мяне ажанілі. Але я не адбіваўся. Некалі ж рабіў у культуры, маю нейкі вопыт.
Спыніліся метраў за трыццаць да парадных дзвярэй Дома Саветаў.
— Ну, бяжы, каза, а то спознішся ў школу.
Таня цмокнула бацьку ў шчаку i сапраўды пабегла.
— А вы ўжо спазніліся, — сказаў студэнтам. — А бегчы вам нельга... Не лезьце ў перапоўнены тралейбус.
Ліка прыкметна акруглілася за пяць месяцаў, што прайшлі ад вяселля. Цяпер яна шчасліва засмяялася, задаволеная сваім становішчам.
— Ну, трымай хвост трубой, бацька, — пажартаваў Толя.
Калі дзеці адышлі, Марыя Іванаўна спытала:
— Хвалюешся?
— Каб вы так не праводзілі, можа, i не хваляваўся б. Прасіў жа.
— Гэта не я — яны, — кіўнула ў бок, куды пайшлі дзеці. — Im захацелася. Яны сапраўды лічаць цябе героем. Мяне радуе Ліка... што яна не з пароды Залозаў. Яна — наша. Яна падтрымала мяне раней за Таню, калі я сказала, што буду адгаворваць цябе ад губернатарства твайго. Дзякую, што згадзіўся.
— Шкадую, што не згадзіўся з табою тады, перад выбарамі...
— Ну, ні пуха табе ні пяра.
— К чорту!
Увайшоў у дзверы спакойна, бадай весела і... разгубіўся. Вестыбюль быў поўны людзей. Знаёмыя ўсе твары: супрацоўнікі ўсіх упраўленняў, аддзелаў, служб. У першы міг не сцяміў, з якой нагоды яны сабраліся, пакуль не загучалі дружныя воплескі.
Ногі памлелі.
«Яны сустракаюць мяне... Божа! Якая недарэчнасць! Навошта? Адзіная мая заслуга, што я застаўся жывы. Але ці сапраўды мая? Урачоў i Машы».
Наперад выйшлі Іван Залоза i Ганна Фядосаўна.
Узлаваўся на Івана:
— Гэта ты арганізаваў мітынг, балабол няшчасны? Навошта? Ты нічога не робіш без карысці. Ох, выдам я табе! Ох, выдам!
Але тут жа падумаў: «Што я выдам? Залежаць буду ад гэтага «вернага сябра». Мы памяняліся ролямі...»
Залоза гаварыў, як калектыў шкадуе, што страціў такога кіраўніка. Але i радуецца, што Вікенцій Паўлавіч застаўся менавіта з імі для далейшай працы. Поспехаў яму!
Залоза добра прадумаў сваю прамову: не перабраў у выхваленні, не ўжыў высокіх слоў, i гэта супакоіла Вікенція Паўлавіча. Ва ўсялякім разе жаданне добра прабраць Івана за мітынг знікла. Калі Іван скончыў, Вікенцій Паўлавіч, каб папярэдзіць іншыя выступленні, пакланіўся нізка натоўпу i сказаў:
— Дзякую вам, людзі добрыя.
Неўзабаве былі абвешчаны выбары новага губернатара. У ліку шасці прэтэндэнтаў было прозвішча Залозы Івана Яўменавіча. Выберуць?
Аксён Пракопавіч сядзеў на кухні i паглыблена чытаў кнігу на нямецкай мове з мноствам матэматычных формул. Не, не проста чытаў, як раман, a ўдумліва вывучаў, рашаў задачы, выпісваў ix у агульны сшытак. Час ад часу ў захапленні цмокаў языком, зрэдку хмурыўся, яўна дакараючы ці то аўтараў, ці то сябе, што не дайшоў да такога. Не лічыў, што ён авалодаў усімі таямніцамі навукі навук — вышэйшай матэматыкі — яны ж невычарпальныя. Нямала адкрыў сам i яго калегі — вучоныя іншых краін. I вось яшчэ адно цікавае адкрыццё зрабілі нямецкія вучоныя, муж i жонка, i, як сказана ў прадмове, паднеслі нечаканы сюрпрыз. Вельмі шкадаваў, што калега Гукавец даў яму кнігу на адну ноч. Жмот. Знарок, каб падражніць яго, раззадорыць, нагнаць зайздрасць: ты лічыў, што ты бог гэтых формул, а ты — усяго вучань, глядзі, што падносяць невядомыя немцы.
Читать дальше